В хозяйствах района готовятся к посевной

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

«У атаку без боепрыпасаў не пойдзеш»
Люты. На палетках зацішша. Асноўны касцяк механізатараў – у майстэрнях на рамонце. Як, напрыклад, у ААТ “Ляжні”, дзе мы пабывалі на мінулым тыдні. Адчыняем дзверы майстэрні і адтуль адразу патыхае цеплынёй. Быццам прапалілі тут печку. “Так, нешта накшталт печкі, – усміхаюцца механізатары. – Хадзем, пакажам, чым абаграваемся. Вось гэта наш цеплагенератар на цвёрдым паліве, які купілі два гады таму ў Ціраспальскай ПМК. Вельмі зручны. Дровы ёсць, напаліў – і цёпла. Рукі і ногі не замярзаюць”.
У розных кутках майстэрні стаяць трактары, раскладзены запчасткі і інструменты. “Ды нармальна, працуем, рамантуем, стараемся, – усміхаецца з-за напалову разабранага трактара механізатар Міхаіл Белавусаў (на здымку). – Нам бы вось толькі грошай паболей на запчасткі, дык хутчэй справіліся б”.
У майстэрню завітала дырэктар ААТ “Ляжні” В. В. Яцко. Яна хваліла механізатараў гаспадаркі. Добрае слова сказала пра маладога механізатара Дзмітрыя Рабчаева, які адрамантаваў “Расу” – агрэгат для ранняй падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі.   Па словах Валянціны Васільеўны, плугі ў гаспадарцы адрамантаваны поўнасцю, дзесяць трактароў гатовы выехаць у поле. Тым не менш праблем хапае. Чакаюць свайго часу  тры МТЗ  і столькі ж культыватараў. Асноўныя праблемы – непаладкі ў стартарах і паліўнай сістэме, знасіліся шыны. Па падліках бухгалтарскай службы гаспадаркі для рамонту тэхнікі трэба трыста мільёнаў рублёў.
А як ладзяцца справы па падрыхтоўцы тэхнікі да вясенне-палявых работ у цэлым па раёне? Гэтае пытанне мы адрасавалі намесніку начальніка райсельгасхарчу С. Б. Завадскаму.  “Сітуацыя з рамонтам даволі складаная, – кажа Станіслаў Браніслававіч. – На 11 лютага гатоўнасць трактароў складае 87%, плугоў – 72%, культыватараў – 71%, раскідвальнікаў цвёрдых мінеральных  і арганічных угнаенняў –  80%  і  76% адпаведна”.
Яшчэ ў лістападзе мінулага года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь быў устаноўлены тэрмін рамонту сельгастэхнікі  – да 1 сакавіка. І пра гэта ведалі кіраўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў. Але ж з восені думаць пра будучую пасяўную пачалі толькі ў ААТ “Прыазёрны мір”.  Гэта гаспадарка выдзяляецца з усіх у тым плане, што тут практычна  поўнасцю падрыхтаваліся да пасяўной. “У нас адрамантавана 27 трактароў, 50 барон, 4 пасяўныя агрэгаты, 5 культыватараў, – кажа галоўны інжынер ААТ “Прыазёрны мір” У. Ф. Карнілаў. – Наш дырэктар В. В. Юхнавец сур’ёзна ставіцца да рамонтных работ. Кожны месяц на запчасткі нам выдзяляюцца грошы. Хтосьці вобразна заўважыў, што ў атаку без боепрыпасаў не пойдзеш. Так і ў рамонтнай справе. Добра працаваць, калі ёсць запчасткі. Таму пачалі рамантавацца яшчэ з восені – вось і справіліся хутчэй за іншых”.
Зараз у гаспадарках раёна рамонт тэхнікі ў самым разгары.  “Асноўная праблема ўсіх сельгаспрадпрыемстваў у тым, што не хапае грошай, – кажа С. Б. Завадскі. – А запчасткі вельмі дарагія. Да прыкладу, толькі адно кола да МТЗ-3022 каштуе каля дваццаці мільёнаў рублёў. Па нашых падліках, на рамонт культыватараў у раёне трэба 152 мільёны рублёў, на рамонт плугоў – 450 мільёнаў рублёў. Вясна чакаць не будзе. У сакавіку тэхніка павінна працаваць на палетках”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №12 ад 12.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *