Шумилинскому льнозаводу никогда легко не было…

Экономика

Пару росквіту згадваюць хіба што ветэраны
Колькі помню, Шумілінскаму льнозаводу ніколі лёгка не было. Хаця быў час, калі грымела слава льнаводаў раёна, калі і на прадпрыемстве жылі няблага, жылі прыстойна.
Тая пара росквіту даўно адышла ў нябыт, і сёння калі і згадваюць яе, то ветэраны, якія даўно пакінулі прадпрыемства. Пакінулі ў чаканні, што паднімецца некалі іх роднае “дзецішча” з каленяў. Ды, відаць, не суджана.  На выніковым сходзе, які прайшоў у канцы мінулага тыдня, дырэктар ААТ “Шумілінскі льнозавод” А. М. Папіна абнародаваў непрыемную вестку: завод не ўвайшоў у праграму мадэрнізацыі. На Віцебшчыне яна прыйдзе ўсяго на сем льнозаводаў, у астатніх лёс будзе, скажам прама, незайздросны.  Праўда, гэтая сумная вестка для рабочых завода навіной ужо не была, і даклад А. М. Папіна  не выклікаў асаблівых дэбатаў. Хіба адна старшыня прафкама А. А. Бараноўская і задавала пытанні, і непакоілася за лёс завода, і выказвала свае заўвагі. Астатнія ж маўчалі, відаць, разумеючы безвыходнасць усёй сітуацыі…
Абсталяванне на заводзе не вытрымлівае ніякай крытыкі. Яно старое,  магчыма, з 50-х гадоў. У цэху ніякіх умоў для працы. Зарплата нізкая, страты   цягнуць на тры мільярды рублёў. Крэдыторская запазычанасць у 14 разоў перавышае дэбіторскую. Сітуацыя не абнадзейвае. А тут яшчэ і канец 2012 года склаўся такі, што даводзіцца працаваць на склад. “Пакуль што даводзіцца, – удакладняе дырэктар. – На Аршанскім льнокамбінаце  ніяк не вызначацца з цэнамі на валакно. Кажуць, яны нават знізяцца. Але адчайвацца не будзем…
На складзе сёння ляжыць больш за 100 тон льновалакна. На зарплату грошы кіраўніцтва дастае, даруйце, з божай дапамогай і ўсё разлічвае, што вось-вось прыйдзе палёгка.
– У нас задача нумар адзін – кацельня, – прызнаецца А. М. Папіна. – Выдзяляюць нам на яе 500 мільёнаў рублёў, але з умовай, што спачатку ўкладзём свае 700 мільёнаў. Адкуль жа браць грошы?..
Пытанне  жыццёва важнае. Запусціць новую па сутнасці кацельню – справа гонару кіраўніцтва завода. Ідзе яе мадэрнізацыя не першы год, шмат гаворкі было пра так званыя пілеты, пра тое, што яны павінны прынесці збаўленне. Пакуль што практычна ўся кастра спальваецца ў кацельні, застаецца хіба летні перыяд. Але гэта такі мізэр, што ніводны інвестар не бярэцца за справу. Хаця гэта прынесла б  эканомію электраэнергіі. Не ведае кіраўніцтва акцыянернага таварыства, як знайсці грошы (а трэба не менш як 2 мільярды рублёў) на рамонт тэхнікі да веснавой сяўбы.
Рэнтабельнасць прадпрыемства не першы год вагаецца на адзнацы 35% з мінусам. Дырэктар А. М. Папіна, акрэсліваючы меры, якія выратуюць сітуацыю,  смела, з аптымізмам  выказаў надзею выйсці сёлета па рэнтабельнасці на “нуль”. Гэта пры ўмове, што напалову знізяцца выдаткі, што будуць старанна працаваць з новымі гатункамі, што атрымаюць 2,5 тысячы льнотрасты, і т. д., і т. п. Тады і зарплата будзе не менш як 3100 тысяч рублёў.
А пакуль што яна нізкая, крыху больш за 2100 тысяч, да планавай лічбы не дацягнулі.  У людзей няма настрою на напружаную і сумленную працу. Прафсаюзны лідар А. А. Бараноўская  не разумее, як дапускаюць на прадпрыемстве такое, што ў змену замест 14 чалавек выходзіць 5-6.  Таму дзіўна, чаму  працуе калектыў у тры змены? Сабралі б дзве, затое нармальныя. Адказ просты: кацельню ж ноччу не спыніш – размарозіцца ўся сістэма, таму за начную змену хоць колькі, а атрымаюць прадукцыі.  Праўда, ад кастрыцы цяпла няма: і ў цэху холадна, і ў актавай зале, дзе сабраліся на сход.
На сходзе вынікла самая, бадай, застарэлая праблема  – дысцыпліна кадраў. Пра гэта, і не толькі, гаварыла намеснік дырэктара Т. А. Баброва. Трэць усіх страт магло б не быць, разважае Т. А. Баброва, калі б не расхістаная дысцыпліна. П’юць, не выходзяць на работу. А як  звольніш, калі ён разумее, што яго няма кім замяніць?.. Замяніў бы, каб быў  прыстойны заработак. І зараз,  калі заводу цяжка, калі ў яго па сутнасці аднялі будучае, трэба згуртавацца, трэба змагацца за кожную магчымасць выжыць.  Гэтую ісціну павінен разумець кожны завадчанін. Хаця ў гэтым кантэксце цяпер нелагічным выглядае “прывязаны” не так даўно да прадпрыемства ў Прыазёрным Бешанковіцкі льнозавод з усімі яго даўгамі і крэдытамі. Тут бы самім неяк выжыць…
У рабоце сходу прымалі ўдзел начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н. У. Захарава, якая выступіла з прамовай, і намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С. Б. Завадскі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №12 ад 12.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *