Шумилинские медики подвели итоги работы за 2012 год

Актуалии Здоровье Общество

На варце здароўя і жыцця
На гэтым тыдні прайшоў выніковы сход у цэнтральнай раённай бальніцы, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў і намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама А. У. Андрушкін.
З дакладам “Аб выніках дзейнасці ўстаноў аховы здароўя Шумілінскага раёна ў 2012 годзе і задачах на 2013 год” выступіў галоўны ўрач раёна К.Ф. Баканаў. Канстанцін Фёдаравіч прааналізаваў асноўныя паказчыкі работы медыкаў, спыніўся на кадравай праблеме, асаблівую ўвагу надаў разгляду дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Пэўна, мае рацыю спыніцца на самых праблемных момантах, якія знайшлі абмеркаванне на сходзе, і якія маюць непасрэднае дачыненне да кожнага жыхара раёна.
Перманентным для нашага рэгіёна з’яўляецца недахоп медыцынскіх кадраў. Вось і на сёння паліклініка была б рада аж 12-ці ўрачам, у тым ліку гінеколагу, афтальмолагу, стаматолагу і многім іншым, неабходным для штодзённага аказання меддапамогі. І гэта, калі не браць у разлік вялікі штат медыкаў-пенсіянераў. Да нас, канешне, едуць у камандзіроўку з Віцебска, але гэта зусім не тое, пра што можна марыць.
Варта заўважыць, што кіраўніцтва раёна, адміністрацыя бальніцы робяць усё магчымае, каб зацікавіць моладзь работай у Шумілінскай ЦРБ. Толькі ў мінулым годзе медыкам былі выдзелены тры кватэры і месца ў інтэрнаце. “Жыллём будуць забяспечаны ўсе ўрачы, якія прыедуць працаваць у нашу бальніцу”, – са слоў старшыні райвыканкама запэўніў галоўны ўрач.
Непакоіць медыкаў усплёск анкала-гічнай захворваемасці ў раёне. Гэты паказчык у нас вышэй абласнога, як і смяротнасць ад анкалогіі, і смяротнасць працаздольных асоб ад онкапаталогіі.  За мінулы год узята на ўлік 98 такіх хворых, з іх у запушчаных стадыях – 10, памерла з такім дыягназам 63 чалавекі. Тут важна аператыўная работа амбулаторна-паліклінічнай службы, упэўнены К. Ф. Баканаў, каб выяўляць хваробу на ранняй стадыі і мець магчымасць вылечыць чалавека. Мараць медыкі і пра тое, каб кожны з нас праяўляў асабісты інтарэс да ўласнага здароўя, займаўся прафілактыкай, не грэбаваў дыспансерызацыяй.
104 чалавекі – гэта мог бы быць штат не самага малога прадпрыемства, гэтыя людзі маглі б працаваць, гадаваць дзяцей ці ўнукаў. Яны ў мінулым годзе памерлі, не дачакаўшыся пенсіі. Наогул памерла за 2012 год 420 чалавек. І галоўная тэма, якая ўзнікае ў гэтай сувязі – высокі ўзровень алкагалізацыі насельніцтва. Тут прычэпам ідуць і суіцыды, і смерць ад ДТЗ, на пажарах і ад іншых “знешніх прычын”. Вялікія надзеі ў сувязі з гэтым ускладаюцца на ўрача-нарколага, які працуе ў райбальніцы са жніўня. “Магчыма, недастаткова мы праводзім разнастайных акцый і іншых прафілактычных мерапрыемстваў, – самакрытычна заўважыў галоўны ўрач, – але займацца гэтым варта поплеч з іншымі зацікаўленымі службамі”. Да прыкладу, з 12-ці чалавек, якія былі закадзіраваныя ў ходзе апошняй акцыі, шэсць яшчэ “трымаюцца”. А гэта нядрэнны вынік.
Гаварыў К. Ф. Баканаў  і пра тое, што за мінулы год было выдадзена шмат лісткоў часовай непрацаздольнасці: людзі хварэюць, афармляюць бальнічныя лісткі па некалькі разоў на год. Гэты паказчык складае 823 дні на 100 працуючых. Найбольшая захворваемасць зафіксавана ў такіх арганізацыях, як аддзел культуры райвыканкама, лясгас, райспажыўтаварыства, ПМК-70, райаграсэрвіс, “АграБаравінка”. Шмат хварэюць і самі медыкі, што недапушчальна, заўважыў галоўны ўрач.  Сёння кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый павінны ўсведамляць адказнасць за стан здароўя сваіх работнікаў, ствараць ім нармальныя ўмовы працы. У гэтым сэнсе асаблівай зацікаўленасці не праяўляюць і прафсаюзныя арганізацыі.
У Год беражлівасці варта асабліва ашчадна ставіцца да матэрыяльных рэсурсаў –  настройваў медыкаў на работу ў 2013 годзе А. У. Андрушкін. Ён крытычна паставіўся да сітуацыі з перавыкананнем плана па занятасці бальнічных ложкаў у нашым раёне, маўляў, трэба скарачаць ложкі.
Што тычыцца нямоглых састарэлых, якія займаюць сацыяльныя ложкі, то прапанаваў, каб іх прабыванне там поўнасцю аплачвалі іх дзеці, каб гэтыя расходы не клаліся на бальніцу. У гэтай сувязі медыкі ў адзін голас гаварылі пра вострую неабходнасць адкрыцця ў нашым раёне інтэрната для састарэлых і адзінокіх людзей. Яны заяўлялі, што ніколі не пакінуць у бядзе старыка, які, бывае, не такі і хворы, але дужа аслаблены з-за холаду і недаядання (такіх выяўляюць і ў ходзе падворных абходаў грамадзян, і самі медыкі). Бывае, прывозяць такога ў бальніцу ледзьве не на насілках, а за які тыдзень добрага догляду ён прыходзіць у норму і пакідае ўстанову ўжо на сваіх нагах. Менавіта тут ёсць рэзервы скарачэння ўзроўню смяротнасці сярод пажылых людзей.
Што тычыцца скарачэння ложкаў, то намеснік галоўнага ўрача Т. М. Цімошчанка катэгарычна заявіла, што гэтага рабіць нельга: “У нас і так усяго 98 ложкаў кругласутачнага прыбывання на ўвесь раён, калі мы скароцім 25 ложкаў, то гэта ўжо будзе ўчастковая бальніца, і мы не зможам аказваць кругласутачную дапамогу людзям”.
Гаварыў А. У. Андрушкін, узяўшы слова, і пра тое, што трэба больш зарабляць грошай на платных паслугах, ажыццяўляць экспарт паслуг, эканоміць. Калі і весці мадэрнізацыю, то рацыянальную. Каб не было так, што аперацыйны блок адрамантавалі і поўнасцю ўкамплектавалі неабходным абсталяваннем, а аперацыі праводзіць няма каму.
Але ў цэлым ён добра ацаніў работу раённай медыцынскай службы, пажадаў калектыву поспехаў у далейшым.  Андрэй Уладзіміравіч уручыў Т. М. Цімо-шчанка Ганаровую грамату ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама за высокія вынікі ў рабоце ў 2012 годзе.
Ён адзначыў, што ў вобласці працягваецца ўкамплектаванне бальніц сучасным абсталяваннем,  што ў медыцыну ўкладваюцца вялікія грошы, а значыць, пакрысе і якасць аказання медпаслуг палепшыцца, і здароўе людзей таксама.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №13 ад 15.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *