На «Ярмарке вакансий» в Шумилино соискателей работы было немного

Актуалии Общество Экономика

Рынак працы патрабуе спецыялістаў
У аўторак , 20 лістапада, у Шуміліне  прайшоў  чарговы “Кірмаш вакансій”, ініцыятарам якога выступіла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Каб знайсці новых работнікаў, на кірмаш дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў 13 арганізацый і прадпрыемстваў Шуміліншчыны. А вось з боку шукальнікаў работы вялікай актыўнасці не было – прыйшлі 14 чалавек з Шуміліна, Обалі, Прыазёрнага, Слабады і Мікіціхі.
Як заўважыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава, працоўныя вакансіі ў раёне ёсць: на сённяшні дзень іх 98. Але каб уладкавацца, патрэбны спецыяльная кваліфікацыя ці вопыт работы.  “Шукальнікам работы пастаянна прапаноўваем запісацца на курсы, на якіх можна атрымаць запатрабаваную у раёне прафесію, – падкрэсліла Святлана Валянцінаўна. – Галоўнае, каб было жаданне ў чалавека”. Адразу адзначым, што ні адзін з тых, хто прыйшоў на “Кірмаш вакансій”, не пажадаў запісацца на курсы для атрымання новай спецыяльнасці.
Большасць тых, хто наведаў кірмаш, ні вопыту работы, ні  адпаведнай кваліфікацыі не маюць. Да ўсяго, маюць няпэўную рэпутацыю: звальненні за прагулы ці п’янства, пра што  сведчаць адпаведныя запісы  ў працоўнай кніжцы, непрывабны выгляд. Наўрад ці будуць яны добрымі работнікамі, таму, зразумела, цікаўнасці з боку наймальнікаў да падобных шукальнікаў работы не было.
Перавагі  падобных мерапрыемстваў у тым, што шукальнікі працы маюць магчымасць адначасова сустрэцца з некалькімі прадстаўнікамі кадравых службаў ці непасрэдна з кіраўнікамі прадпрыемстваў, прапанаваць свае прафесійныя веды, навыкі і атрымаць розныя варыянты працаўладкавання. І нават калі ў арганізацыях цяпер няма патрэбных вакансій, можна  пакінуць свае кантактныя дадзеныя, па якіх работадаўцы змогуць звязацца пры неабходнасці.  Думаецца, што без праблем пасля “Кірмашу вакансій” знойдзе работу газаэлектразваршчык – прафесія запатрабаваная ў нашым раёне. Падчас кірмашу двум вадзіцелям, якія маюць адпаведныя катэгорыі правоў, прапанавалі звярнуцца ў КУП БАН, дзе ёсць вакансіі вадзіцеляў і трактарыстаў.
Пастаянна ў пошуках працы прыходзяць тыя, хто звольніўся з работы ў гонцы за “вялікімі заробкамі”. Так, жыхарка Обалі працавала на ўчастку ААТ “Сцяг індустрыялізацыі”, з-за нізкіх заробкаў звольнілася. Летам зарабляла на ягадах, але сезон закончыўся. А за кватэру плаціць трэба ды і для жыцця сродкі патрэбныя. Яна і рада была б вярнуцца на “Сцяг індустрыялізацыі”, але там ўжо не бяруць. “Згодна на любую работу”, – слёзна прасіла яна на «Кірмашы вакансій”.
Большасці тых, хто звярнуўся за работай, прыйдзецца чакаць сапраўднай зімы і снегападаў. Тады, магчыма, пачнуць набіраць людзей на сезонную работу. А, мажліва, некаторыя асэнсуюць, што сёння патрэбны менавіта кваліфікаваныя спецыялісты, і звернуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, каб запісацца на курсы і атрымаць новую больш запатрабаваную на рынку працы прафесію.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана  ў №91 ад 23.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *