Жніво – галоўны экзамен для аграрыяў
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падчас селектарнай нарады па ўборачнай вызначыў задачы для кожнага ўдзельніка уборачнай, падкрэсліў, што галоўнае – добрасумленна працаваць і захоўваць дысцыпліну.
Што тычыцца нядбайных работнікаў, якія парушаюць працоўную дысцыпліну, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў незвычайны метад іх выхавання – накіроўваць на пару-тройку месяцаў у армію. Там і дысцыпліну падцягнуць, і фізічную форму, і баявую вывучку.
Старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч і намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне (Шумілінскага раёна) Дзяніс Мілінчук у мінулую пятніцу раніцай правялі сустрэчу з занятымі на ўборачнай работнікамі сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”. Кіраўнік раёна нагадаў задачы, якія паставіў Прэзідэнт. “Вырас добры ўраджай, які трэба хутка і якасна ўбраць, а гэта найперш залежыць ад дысцыпліны – працоўнай і тэхналагічнай”, – заўважыў Мікалай Будневіч.
Прадстаўнік ваенкамата падзякаваў механізатарам за работу па забеспячэнні харчовай бяспекі краіны, расказаў, што ў жніве бяруць удзел больш за 100 ваеннаслужачых, для перавозкі зерня выкарыстоўваецца каля 30 ваенных аўтамабіляў.
Дзяніс Мілінчук нагадаў пра даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб прыцягненні да вайсковых збораў тых, хто дрэнна працуе, не захоўвае працоўную дысцыпліну, асабліва падчас уборачнай кампаніі.
Удзельнікі сустрэчы адказалі на пытанні работнікаў прадпрыемства.
Падобныя сустрэчы з камбайнерамі, вадзіцелямі, механізатарамі і спецыялістамі, занятымі на ўборцы ўраджаю, пройдуць ва ўсіх гаспадарках раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

