В личном хозяйстве Василия Малиновского 10 коров плюс другая живность

Сельское хозяйство Экономика

Гаспадар вялікага двара

Работу на вёсцы заўсёды можна знайсці. Нават у самым аддаленым населеным пункце, упэўнены Васіль Маліноўскі, жыхар аграгарадка Мікіціха. Вазьміся весці асабістую падсобную гаспадарку – і даход нядрэнны атрымаеш, і будзеш занятым у эканоміцы.


Васіль Маліноўскі з жонкай і двума дзецьмі жыве ў Мікіцісе, а яго падсобная гаспадарка знаходзіцца ў Пабедзе. Ёю на бацькоўскай сялібе Васіль пачаў займацца амаль пяць гадоў таму. Змалку прывучаны да вясковай работы, малады чалавек у 24 гады вырашыў паспрабаваць весці хатнюю гаспадарку. На такі адказны крок – быць гаспадаром – блаславілі бацькі. Яны не шукалі лёгкага шляху для свайго сына, ніколі не акцэнтавалі ўвагу на цяжкасці сялянскай працы, з павагай і любоўю ставіліся да работы на зямлі. Дапамагаюць сыну і зараз.
Пачынаў гаспадар з таго, што купіў чатырох быкоў, выгадаваў іх і праз год прадаў, а на выручаныя грошы набыў дзве каровы, потым яшчэ дзве. Паступова гаспадарка разрасталася, прыйшлося будаваць новыя хлеўчукі. І зараз на падворку дваццаць галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 10 дойных кароў. Работы, асабліва ў сезон нарыхтоўкі сена, дастаткова для ўсіх сваякоў. У дапамогу – уласны трактар МТЗ з прычэпам, касой, граблямі і прэс-падборшчыкам.
– Спачатку вельмі цяжка было: кармы, выпас, догляд, прывыканне да даільнага апарата, выклік ветурача і іншыя праблемы, – кажа Васіль Маліноўскі. – Потым уцягнуўся ў работу. І цяпер ехаць а шостай гадзіны раніцы на гаспадарку, а вяртацца дадому позна вечарам – прывычная справа. Зноў жа, на стале заўсёды свежыя малочныя прадукты. У першы год, калі завёў кароў, сам выпіваў па некалькі літраў малака за дзень. Зараз няма такога апетыту, але малочныя прадукты ўсё роўна спажываем усёй сям’ёй.
Работа ў асабістай гаспадарцы не прадугледжвае водпускаў, выхадных і святочных дзён. Карміць, даглядаць і даіць трэба кожны дзень. Васіль кажа, што іншы раз і прысесці некалі, а не тое, што адпачыць. Так, нялёгка працаваць на вялікай гаспадарцы, але ж выгадна. Кожны дзень малаказборшчык забірае з падворка больш за сто літраў малака. Грошы за яго плацяцца кожную дзесяцідзёнку, так што Васіль Маліноўскі задаволены заробкам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №96 ад 08.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *