Вёска Вішня і яе адзіная гаспадыня

Людзі і лёсы Сельское хозяйство

Вёска Вішня і яе адзіная гаспадыня

Ёсць на Обальшчыне маленькая вёсачка з прыгожай назвай Вішня. Не вёска, а хутчэй хутар, бо жыве там усяго адзін чалавек – 89-гадовая Ганна Сяргееўна Штукіна.
Ад Рашэтнікаў, дзе прыпыняецца рэйсавы аўтобус, па гравійнай дарозе ехаць яшчэ кіламетраў пятнаццаць. Дзесьці там, за Чаронкай, сярод лесу, на ўскрайку балота знаходзіцца Вішня. Калі едзеш па лясной дарозе, то нават не верыцца, што дзесьці тут можна сустрэць жыццё. Дарога ледзь бачнаю шэраю ніткай абвіваецца вакол пагоркаў, спускаецца ў лагчыны, прабягае пад жывою страхою высокіх хвой і ялін. Нарэшце перад вачыма адкрываецца шырокі далягляд: поле з дрывотняй і маленькім стажком, а насупраць – дзве хаты.

Яе суседзі – зайцы і мядзведзі
– Праходзьце, я вельмі люблю гасцей, тым больш, што ў маю вёску мала хто і даязджае, – ветліва запрашае нас гаспадыня дома і ўсёй вёскі Ганна Сяргееўна Штукіна.
Жанчына расказала, што Вішня – гэта яе радзіма. Да вайны вёска дзялілася на дзве часткі: Гарэлінцы і Вішня. А яшчэ побач з вёскай праходзіла вузкакалейка, па якой торф з Обальскага балота перапраўлялі ў Роўнае. Вядома, зараз вузкакалейкі няма. Але ж лес і балота, якія знаходзяцца побач з домам гаспадыні, захоўваюць многа таямніц.
Лес з яго ягадамі і грыбамі дапамог выжыць многім мясцовым жыхарам у Вялікую Айчынную вайну. А пасля вайны людзі знаходзілі там сігнальныя ракеты, разбіралі іх і для фарбавання саматканай тканіны карысталіся зялёным, чырвоным, сінім, жоўтым парашком, што быў унутры.
Да нядаўняга часу Ганна Сяргееўна хадзіла ў лес за ягадамі. А цяпер пабойваецца адна, усё ж гады бяруць сваё.
–  Як жа вы тут жывяце адна? Не страшна? – пытаюся ў гаспадыні.
–  Ды не, я ж прывыкла. Двое сыноў  завуць у горад. Але ж не хачу з’язджаць з роднага хутара, дзе дарагія кожны куток і кожная травінка.  – усміхаецца мая субяседніца. – Мае суседзі – зайцы, ваўкі і мядзведзі. Часта падыходзяць да падворка. Бывае, шкодзяць мне: ваўкі з’елі сабаку, а лісіца – некалькі курэй. Што тычыцца мяне, дык я лясных звяроў не баюся. Па-першае, яны асцярожныя і не падыходзяць да дому днём. Ну, а калі вечарам выйду і гучна крыкну – дык воўк спужаецца і пабяжыць. Колькі разоў, бывала, мой нябожчык-муж сустракаў ля лесу мядзведзя, калі касіў для каровы траву. Але ніколі не чапаў яго і не кідаўся наўцёкі, толькі казаў: ”Ідзі, дапамажы мне”. Мядзведзь баяўся чалавека, паглядзіць на яго і збочыць зноў у лес”.
Ганна Сяргееўна ў маладосці працавала ў мясцовым калгасе “Чырвоная гвардыя”, старшынёй у якім быў латыш Карл Іванавіч Вінцкау.  І лён брала, і жыта жала, і даяркай працавала, і свіней даглядала на мясцовай ферме. Муж Іван Акімавіч, былы партызан, з якім пражыла шэсцьдзясят гадоў, пасля вайны ўладкаваўся ў сельсавет пісарам.  Раней у Штукіных былі конь і карова, багатая пасека. Са смерцю мужа ўсё гэта знікла. Ганна Сяргееўна кажа, што ўсё гэта давялося перажыць і пераплакаць.
Зараз Г. С. Штукіна – гаспадыня на два дамы: свой і бацькоўскі. Апошні будаваў яшчэ дзед жанчыны, у ім выраслі яе бацька і тры ягоныя браты.

“І свежы бохан з печкі”
Ганна Сяргееўна Штукіна – адна з тых нямногіх жанчын нашага раёна, якая пячэ хлеб. Не ў спецыяльнай электрапечцы, а ў звычайнай рускай печы. Па рэцэптах, якімі карысталіся яшчэ яе маці і бабуля.
– Я вельмі ўдзячна за тое, што да мяне адной у Вішню прыязджае аўталаўка, – кажа жанчына. – Але ж хлеб я ўсё роўна люблю не магазінны, а сваёй выпечкі. Цяпер пяку яго ўсё радзей, але ж смак свежага бохана з хрусткай скарынкай – непаўторны. Гэта пах дзяцінства і маіх успамінаў.
“Раней хлеб у кожнай сям’і пяклі адзін раз на тыдзень, – паведаміла гаспадыня Вішні. –  Закваску (кавалак цеста, пакінутага ад мінулага разу) залівалі цёплай вадой, дадавалі жытняй мукі столькі, каб цеста было густое, як смятана. Атрымлівалася рошчына, якую ставілі на край печкі. Рошчына павінна была выстаяцца і выспець. Пакуль цеста падыходзіла, дзецям забаранялася бегаць і сваволіць. У хаце павінна была быць цішыня, інакш цеста магло асесці.
Калі цеста выспела, варылі бульбу ў мундзірах, абіралі яе і таўклі ў драўлянай ступе, дадаючы туды крыху вады. Цеста перамешвалі з бульбяным пюрэ і мясілі ў драўлянай бочцы з паўгадзіны, паступова дадаючы муку і соль з кменам па смаку. На два кілаграмы бульбы бралі ў два разы больш мукі. У рэшце рэшт атрымлівалася крутое цеста. З яго рабілі боханы, але адразу ў печку не ставілі. Паколькі хлеб пяклі без дражджэй (іх не было), боханы, на якіх выціскалі зверху крыж, павінны былі выстаяцца з добрыя дзве гадзіны. У гэты час гаспадыні палілі печкі, а напрыканцы выграбалі вуголле, падмяталі гарачы чарэнь печы. Папярэдне яго апырсквалі вадой, каб не быў залішне гарачым. Тэмпературу правяралі або рукой, або мукой, якую сыпалі на чарэнь: калі мука ўспыхне – занадта горача, а калі паступова падрумяніцца – самы раз. На чарэнь клалі кляновыя або аеравыя лісты, потым на драўлянай лапаце саджалі ў печ хлеб. Змяшчалася па сем-дзесяць штук. Калі скарынка пачынала падпякацца, па хаце разыходзіўся прыемны водар. Прыкладна праз дзве гадзіны хлеб быў гатовы. Яго акуратна даставалі і клалі на лаву ці стол, засланы белым ручніком”.  У Ганны Сяргееўны па сённяшні дзень захаваліся жорны, якія дасталіся ў спадчыну ад бацькоў. Ёсць і ступа, ёй жанчына карыстаецца і зараз, калі пячэ хлеб.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №55 ад 15.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *