Міліцыя ахоўвае ўраджай і тэхніку
Перыяд уборачнай для супрацоўнікаў РАУС – час асаблівай адказнасці. На час жніва міліцыянеры перайшлі на ўзмоцнены рэжым работы. Пад пільнай увагай – зернесушыльныя комплексы, фермы і палеткі, дзе працуюць механізатары. У адзін з рэйдаў накіравалася карэспандэнт раённай газеты.
25 ліпеня, субота. Супрацоўнікам РАУС не да адпачынку: трэба праверыць сельгасаб’екты. «Галоўная задача – забеспячэнне надзейнай бяспекі, захаванасці дзяржаўнай маёмасці і кантроль за дысцыплінай на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, – адзначаюць участковыя інспектары міліцыі Юрый Сільвестраў і Ілья Мароз, разам з якімі накіроўваемся ў ААТ «АграБаравінка». – Наша мэта – не пакараць, а дапамагчы аграрыям захаваць тое, што вырашчана цяжкай працай, і прадухіліць злачынствы».
На зернесушыльным комплексе ў Башнях заспелі аператара Мікалая Іванова і вагаўшчыка Алену Іванову. Работнікаў праверылі праз алкатэстар – усе цвярозыя. Удзельнікі рэйду зрабілі заўвагу наконт драўлянай прыбудовы да склада, якая пачала разбурацца. Трэба тэрмінова разабраць, каб ніхто не пацярпеў – інфармацыю давялі да кіраўніцтва гаспадаркі.
Участковыя інспектары заехалі на пашу каля жывёлагадоўчага комплексу, засталіся задаволенымі: пастухі і механізатар цвярозыя. Правялі прафілактычную гутарку пра вытворчую дысцыпліну, нагадалі пра адказнасць за дробныя крадзяжы.
На палетках каля Язвіна механізатары на двух трактарах працавалі на ворыве, сказалі, што спіртным не злоўжываюць. Супрацоўнікі міліцыі праверылі дакументы, вогнетушыцелі ў кабіне – усё было ў парадку. Нагадалі, што пры пераездзе з аднаго поля на другое трэба сачыць, каб канцы плугоў былі пазначаны святловяртальнымі элементамі.
Падчас рэйду ў РАУС паступіў сігнал ад пільных грамадзян наконт таго, што ў аднаго з механізатараў «АграБаравінкі» захоўваецца крадзеная кармасумесь. У час праверкі факт пацвердзіўся, у дадатак знайшлі яшчэ крадзеныя антыфрыз і вапну. Дырэктару сельгаспрадпрыемства накіраваны інфармацыйны ліст, распачаты адміністрацыйны працэс. Парушальніку пагражае штраф да 30 базавых велічынь або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.
На зернесушыльным комплексе ў Маркаве прыемна ўразіў ідэальны парадак на тэрыторыі. Загадчыца склада Вольга Голубева расказала, што насенне азімага рапсу высушылі і здалі на маслаэкстракцыйны завод. А на гэтым тыдні прыступяць да ўборкі азімых зерневых. Злодзеі на тэрыторыю не ходзяць – усе ведаюць, што тут устаноўлена відэакамера.
Слова – першаму намесніку начальніка РАУС Вячаславу ВОРАНАВУ:
– 25 ліпеня па сельгасаб’ектах працавала некалькі рэйдавых груп РАУС. Вечарам былі выяўлены яшчэ парушэнні, расказаў. У прыватнасці, на пашы каля Сіроціна, дзе пасвіўся статак ААТ «АграБаравінка», абодва пастухі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. За гэта ім пагражае штраф да 10 БВ. У аднаго з работнікаў КУСГП «Ульскі» былі знойдзены крадзеныя гербіцыды, па факце пачаты адміністрацыйны працэс.
Рэйдавыя мерапрыемствы па сельгаспрадпрыемствах супрацоўнікі РАУС будуць праводзіць штодзённа да апошняга дня ўборачнай кампаніі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

