Подробности о ДТП с потерпевшими 26 июля

Происшествия

За суткі 26 ліпеня ў раёне зарэгістраваны два ДТЗ з пацярпелымі

Вось  гэта  пакаталіся…

Хіба маглі падумаць двое маладых жыхароў райцэнтра, адпраўляючыся а трэцяй гадзіне ночы 26 ліпеня пакатацца на матацыкле па раёне, што апынуцца ў бальніцы. Даехаць паспелі толькі да Дабеі. Перад вёскай матацыкліст не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у канаву і перакуліўся. Абодва (ён і яна) атрымалі цялесныя пашкоджанні і былі дастаўлены ў бальніцу. Падрабязнасці аварыі высвятляюцца, але ўжо дакладна вядома, што матацыкліст быў у стане алкагольнага ап’янення.

Пасажырка  загінула

26 ліпеня каля 13 гадзін на 6 км аўтадарогі Н‑3950 «Обаль‑Полацк» (паміж г. п. Обаль і в. Грудзінава) адбылося дарожна‑транспартнае здарэнне, у якім адзін чалавек загінуў, двое знаходзяцца ў бальніцы.

Як расказалі супрацоўнікі ДАІ РАУС, 35‑гадовы жыхар Браслаўшчыны, вадзіцель маршруткі «Відзы‑Віцебск» (мікрааўтобус «Volkswagen») пераключыў увагу ад дарожнага руху, не справіўся з кіраваннем і выехаў на сустрэчную паласу аўтатрасы. У выніку на хуткасці сутыкнуўся з аўтамабілем «Renault», якім кіраваў жыхар Смаленскай вобласці. Яго жонка, 57‑гадовая пасажырка, атрымала цяжкія траўмы, медыкам не ўдалося ўратаваць яе жыццё – яна памерла ў прыёмным пакоі райбальніцы. Сам вадзіцель «Renault» атрымаў сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні і дастаўлены на лячэнне ў абласную бальніцу, там жа знаходзіцца і адна з пасажырак маршруткі.

У ЦРБ для абследавання дастаўлены 13 пасажыраў маршруткі, іх адпусцілі дадому. Супрацоўнікі ДАІ, следча‑аператыўная група высвятляюць падрабязнасці здарэння. Па факце ДТЗ райаддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзіў крымінальную справу.

Старшы дзяржаўтаінспектар  Віктар Бурлакоў папярэджвае:

– Вадзіцелям варта быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі на дарогах. Нагадваем, што падчас руху катэгарычна забараняецца карыстацца мабільнымі тэлефонамі, калі яны не абсталяваны устройствам, што дазваляе весці перагаворы без выкарыстання рук. Не трэба здзяйсняць рызыкоўныя і неабдуманыя манеўры, бо гэта можа каштаваць жыцця. Калі вы змарыліся за рулём, дрэнна сябе адчуваеце ці хочацца спаць, то спыніце транспартны сродак і адпачніце.

Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *