15 сентября — День библиотек

Актуалии Культура

“Мы павінны быць  добрымі псіхолагамі…”

Здание районной библиотеки

Кніга займае ў жыцці кожнага з нас адметнае месца.  Яна прыходзіць з першай маляванкай ці букваром, пасля для адных становіцца жыццёвай патрэбай, для кагосьці,  даруйце за каламбур, непатрэбшчынай. Перакананы: тых, для каго кніга стаіць на задворках жыцця, зусім мала. Хочацца ў гэта верыць, бо чалавек — істота духоўная.
Пра тое, наколькі такая думка мае падставу, пра густы чытача, пра яго прыярытэты, і пра многае іншае, гутарым з загадчыцай аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Л. М. Грыгор’евай.
— Людміла Мікалаеўна, скажыце, ці запатрабавана кніга сёння?
— Несумненна. Цікавасць да кнігі не згасла, наадварот, яна расце. І да мастацкай літаратуры, і да даведачнай. Асаблівы ўсплёск атрымала перыёдыка: выпісваем шмат — і газет, і часопісаў. Прыходзяць, бяруць пачкамі. Гэта радуе. І па кнігах не жывём старымі запасамі. Дырэктар І. Л. Каралёва трымае сувязь з выдавецтвамі, і да нас  паступаюць навінкі і з Беларусі, і з Расіі. У нас праз чытальны зал, абанемент, бібліяпункт у бальніцы і бібліёбус “праходзяць” за год звыш 3,5 тысячы чытачоў. Не лічачы, вядома, тых аматараў кнігі, што пры сельскіх бібліятэках.
— Гэта ваш чытацкі актыў. Але ж не менш важна — якой літаратуры яны аддаюць перавагу, ці “вяртаецца” класіка?..
— Густы ў чытачоў розныя. Многія жанчыны па-ранейшаму захоплены меладрамамі, любоўнымі раманамі. Такую кнігу можна прачытаць за вечар. Гэта кнігі-аднадзёнкі, але пакуль яны  яшчэ патрэбны. Прыходзіць і новая хваля забаўляльнай літаратуры — і рускай, і айчыннай. Чытаюць.
— Але ж перш чым раіць, пажадана і самому пачытаць…
— У нас бібліятэкары-прафесіяналы, мы абавязаны сачыць за навінкамі, не забываючы пра класіку — тую, што чыталася ў школе. Сама перачытваю. Вось нядаўна перажыла яшчэ раз разам з Л. М. Талстым за герояў “Анны Карэнінай”. Скажу так: інтарэс да класікі ў чытача не згас. З рускай бяруць Талстога, Тургенева, Дастаеўскага, з беларускай — Шамякіна, Быкава, Караткевіча, Мележа. І не толькі моваведы — радавыя чытачы.
— Гэта абнадзейвае, хаця такой масавасці, як, напрыклад, у 80-я гады, класіка не набыла…
— Няхай. Але чытач і сёння застаецца дапытлівым. Дастаеўскага, напрыклад, чытае не кожны. Помню, прыйшоў адзін вучань старэйшых класаў і папрасіў Дастаеўскага, а пасля ўзяўся чытаць яго творы адзін за адным. Прызнаўся: падабаецца філасофія пісьменніка. Так і па Тургеневу, і па Талстому. Важна, што кніга знаходзіць свайго чытача і праз сто, і больш гадоў. Тое ж і па беларускіх літаратарах. Бывае і па-іншаму: прыходзіць чытачка і прызнаецца, маўляў, стамілі жаночыя раманы, просіць Рэмарка ці Лондана або Хемінгуэя. Але паўтаруся, сваю аўдыторыю маюць і Данцова з Малышавай, і Нязнанскі з Акуніным. Дарэчы, пра апошняга. Некалі інтарэс да яго ўзгарэўся не на жарт. Людзі прызнаваліся: там ёсць філасофія думкі. Прыносілі назад кнігу і… больш Акуніна не бралі. Рэклама, відаць.
— Людміла Мікалаеўна, не сакрэт: многія бяруцца за класіку пасля экранізацыі твора…
— Вядома. І гэта на карысць, і аўтарытэт, калі хочаце, доўгажыхарства самога класіка. Такое было пасля “Майстра і Маргарыты”, “Ідыёта”, іншых славутых твораў.
— Скажыце, чаму ж не прыходзіць рэнесанс да беларускай літаратуры?
— Чаму ж, яе чытаюць. Іншая справа, што не заўсёды даходзіць да чытача  твор сучаснага пісьменніка. Яго трэба, відаць, раскруціць, як таго ж Акуніна. І яшчэ, было некалі ў нас таварыства кнігааматараў. Помню, як хапалі з рук кнігі і Дзюма, і Купрына, і іншых аўтараў. А на беларускую літаратуру буму не было.
Вось адтуль і бярэ, нам здаецца, выток згаслага інтарэсу. Увогуле мы павінны кіраваць інтарэсамі чытача. Але быць не надакучлівымі, быць добрымі псіхолагамі. Заўважыла: прыходзяць да нас і для таго, каб адвесці душу ў гаворцы, разгрузіць сэрца, адысці, ад адзіноты.
— Сёння ўсё больш мусіруецца думка, што друкаваную кнігу заменіць камп’ютар, дыск гуказапісу…
— Ніколі з такой думкай не пагаджуся. Вось прыйшоў да нас дыск з запісам артыста, які чытае раман Ч. Айтматава “Плаха”. Чытае выдатна, але далёка не тое ўражанне, калі прачытаеш сам. Моўчкі перажыўшы за герояў…
— Рэдакцыя газеты і наша чытацкая аўдыторыя віншуюць ваш калектыў са святам. Зычым вам дапытлівага і цікавага чытача, няхай і ў далейшым прыходзіць ён да вас і душу адвесці ў гаворцы, і ўзяць цікавую кнігу, якая стане яму самым шчырым сябрам і суразмоўцам. Са святам!
Інтэрв’ю правёў Мікалай МАРОЗ
Надрукавана ў №71 ад 14.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *