
Націснуць на педаль газу ніколі не позна
Кажуць, што пасля выхаду на заслужаны адпачынак жыццё набывае больш спакойны рытм, але для жыхаркі райцэнтра Ларысы СУДАК гэты час стаў перыядам нечаканага павароту і сапраўднага выкліку самой сабе. Сутыкнуўшыся з цяжкімі жыццёвымі абставінамі, жанчына не апусціла рукі, а ўпэўнена націснула на педаль газу, даказаўшы ўсім, што вучыцца і змяняць свой лёс ніколі не позна.
Пасля заўчаснай смерці мужа ў Ларысы засталіся дача ў вёсцы Завяззе і аўтамабіль. Сваякі і сяброўкі ў адзін голас раілі жанчыне: «Кідай дачу, прадавай машыну, навошта табе лішнія клопаты?». Аднак Ларыса Валяр’янаўна прыняла іншае рашэнне – пайшла вучыцца на вадзіцеля легкавога аўтамабіля, па панядзелках і серадах ездзіла на заняткі ў Віцебск.
Шлях да вельмі жаданага пасведчання вадзіцеля катэгорыі «В» быў няпростым. Калі тэорыю і тэсты па тэмах Ларыса вывучыла без праблем, то на аўтадроме давялося папацець. Асабліва цяжка даваўся пад’ём на эстакаду: машына неаднойчы глохла, бо падводзіла хваляванне. Каб адтачыць навыкі і пераадолець страх перад дарогай, спатрэбіліся дадатковыя ўрокі па ваджэнні. Настойлівасць і старанне прынеслі поспех. 1 жніўня Ларыса Валяр’янаўна здала экзамен па ваджэнні ў ДАІ і атрымала вадзіцельскія правы.
Родныя, якія спачатку адгаворвалі яе, зараз шчыра ганарацца новаспечанай аўталэдзі. Цяпер перад ёй адкрыты ўсе шляхі: яна самастойна і з камфортам ездзіць на аўтамабілі «Форд» на дачу ў Завяззе, выязджае за пакупкамі ў Віцебск, з задавальненнем накіроўваецца з сяброўкамі ў лес за грыбамі. Марыць з’ездзіць сваім ходам у госці да дачкі ў Заслонава, а таксама да сваякоў, якія жывуць у Расіі.
– Бар’еры і страхі існуюць толькі ў нашай галаве, а мары здольныя спаўняцца, варта толькі вельмі захацець, – кажа Ларыса Валяр’янаўна. – Ніколі не трэба баяцца вучыцца. Галоўнае – паставіць перад сабой мэту, быць настойлівым і старанным, тады ўсё атрымаецца. І ўзрост тут не мае ніякага значэння.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
