На ўрок у Шумілінскую раённую гімназію завітаў памочнік Прэзідэнта

Главное Образование

На ўрок завітаў памочнік Прэзідэнта

У Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрнаце, дзе я вучуся ў 11 класе, ужо другі год працуе група аграрнай накіраванасці. Разам са сваімі аднакласнікамі я займаюся на факультатыве «Увядзенне ў аграрныя прафесіі».


Калі ўсё пачыналася, мы не зусім разумелі, што нас чакае, што будзем вывучаць. Для нас гэта быў маленькі эксперымент, як і для нашага педагога Святланы Валер’еўны Кучмаровай. Аднак на кожным занятку мы пазнавалі многа новага і цікавага пра нашу краіну, пра развіццё яе аграпрамысловага комплексу.
Заняткі праходзяць заўсёды незвычайна і цікава: мы знаёмімся з разнастайнасцю сельскагаспадарчых раслін, вывучаем склад, харчовую і энергетычную каштоўнасць малочнай прадукцыі, вызначаем фізіка-хімічныя паказчыкі тлушчаў, збіраем гербарны матэрыял пустазелля…
Але самым незвычайным выдаўся адкрыты ўрок па тэме «Тэхналогіі перапрацоўкі малака і атрымання малочнай прадукцыі», які прайшоў 8 лютага. Незвычайнасці яму дадала прысутнасць шаноўных гасцей: памочніка Прэзідэнта – інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Канстанцінавіча Ліневіча, старшыні Шумілінскага райвыканкама Віктара Сяргеевіча Гутарава, начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціны Васільеўны Мяньковай.
Трэба сказаць, што напярэдадні мы пабывалі на малочнатаварным комплексе «АграБаравінка» ў Башнях, дзе нам паказалі, як абсталяваны комплекс, дзе дояць кароў, дзе яны знаходзяцца ў астатні час. Нам нават дазволілі зайсці ў цялятнік і пагладзіць цялятак.
Гэтыя ўражанні дапамаглі пры падрыхтоўцы да заняткаў, дзе мы абмяркоўвалі, якое значэнне мае малако для арганізма чалавека, як праходзіць пярвічная апрацоўка малака на ферме, перапрацоўка малака на прадпрыемстве. На практычнай частцы заняткаў мы вывучалі склад малочнай прадукцыі, яе харчовую каштоўнасць.
Урок праходзіў за «круглым сталом», разам з намі тэму абмяркоўвалі памочнік Прэзідэнта і дырэктар нашай гімназіі Ларыса Уладзіміраўна Маладзечкіна. Гэта было вельмі цікава. Анатоль Канстанцінавіч дзяліўся з намі ўспамінамі са школьнага жыцця, сваімі падарожжамі, расказваў пра развіццё аграрнай галіны нашай краіны. Ён сам з’ўляецца кваліфікаваным спецыялістам, вопытным аграрыем, у свой час узначальваў шэраг буйных сельгаспрадпрыемстваў. На працягу заняткаў ён не даваў нам расслабіцца, задаваў пытанні па розных галінах ведаў.

Таксама перад намі выступіў В. С. Гутараў. Віктар Сяргеевіч расказаў пра важнасць сельскагаспадарчай галіны для нашай краіны, вобласці, раёна, падкрэсліў, што менавіта ад нас, моладзі, залежыць будучае сяла. На памяць ён падарыў нам сувеніры.
А потым мы наведалі Шумілінскі перапрацоўчы цэх ААТ «Малако», які адзначае сваё 45-годдзе. Для нас арганізавалі пазнавальную экскурсію па заводзе, паказалі працэс атрымання сыроў з самага пачатку (ад прыёмкі малака) да адпраўкі гатовага прадукту. Экскурсія доўжылася каля 40 хвілін, але за гэты кароткі час мы даведаліся, якая нялёгкая, але цікавая праца ў людзей на гэтым прадпрыемстве. Дарэчы, нам прапанавалі пакаштаваць два гатункі сыру. Было вельмі смачна!
Яна ІВАНОВА,
вучаніца 11 класа раённай гімназіі-інтэрната.
Апублікавана ў №12 ад 14.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *