Размышления после одного заседания

Общество

Пасварыліся, памірыліся, а штраф заплацілі

Савет грамадскага пункта аховы парадку працуе на прафілактыку правапарушэнняў, тлумачыць парушальнікам пра больш сур’ёзныя наступствы супрацьпраўных паводзінаў, каб правапарушэнні не ператварыліся ў злачынствы.
Для тых, хто трапляе на савет пункта аднойчы, выпадкова, такая мера вельмі эфектыўная, бо нармальнаму чалавеку грамадскае асуджэнне служыць моцным выхавальным фактарам. Але для пэўнай катэгорыі наведванне грамадскага пункта – з’ява звычайная, яны тут бываюць часцей, чым на працы. І гэта не жарт, бо сустракаюцца асобныя грамадзяне, якія за антыграмадскія паводзіны два-тры разы запар выклікаюцца на савет і кожны раз на пытанне пра працу, адказваюць, што не ўладкаваліся.
Неяк надакучліва слухаць “казкі”, якія расказваюць дарослыя людзі пра тое, чаму не працуюць, чаму напіліся і трапілі ў поле зроку міліцыі, чаму палаяліся ці пабіліся з суседам і іншае. Яны заўжды невінаватыя: і гарэлку яны літаральна прыгубілі, і як ў канаве апынуліся, не ведаюць; і на 80-гадовую маці руку паднялі, таму што абараняліся, бо яна першая “пілаваць” пачала, калі дамоў “на брывах” прыпоўз, і… канца гэтым гісторыям не бывае ніколі.
На апошнім пасяджэнні савета, якое прайшло пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава,  было даволі многа сямейных скандалістаў, калі родным прыйшлося выклікаць міліцыю, каб утаймаваць мужа, бацьку ці сына, якія ў стане “пад сорак градусаў” вырашылі ўспомніць пра свае правы і пачалі іх, як кажуць, “качаць”. І вынік такіх паводзінаў зразумелы – штраф у некалькі соцень рублёў.
Але ёсць катэгорыя жанчын, якія падчас сварак тэлефануюць па 102, “здаюць” раз’юшанага мужыка ў міліцыю. Пры гэтым самі часта бываюць нападпітку. Таму назаўтра мірацца, хутка разумеюць, што штраф прый-дзецца плаціць з сямейнага бюджэту, пачынаюць прасіць не караць. Але праз некалькі месяцаў усё зноў паўтараецца. Так і жывуць ад п’янкі да п’янкі, ад лаянкі да лаянкі, ад бойкі да бойкі, ад штрафу да штрафу. Можа, у іх такія сямейныя традыцыі?
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №18 ад 05.03.2013 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *