
Першы курс. Першыя выпрабаванні. Першыя мары
Студэнцкая пара – асаблівы рубеж, час смелых мар, першых самастойных рашэнняў і бяссонных начэй перад залікамі і экзаменамі. Кожны год дзясяткі юных жыхароў нашага раёна адкрываюць новы раздзел свайго жыцця, змяняючы школьныя парты на студэнцкія аўдыторыі. У Міжнародны дзень студэнта мы выйшлі на сувязь з учарашнімі выпускнікамі Шуміліншчыны, каб даведацца, ці сумуюць яны па дому і якія планы маюць на будучыню.
Для першакурсніцы факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ ім. П. М. Машэрава Анастасіі Красоўскай студэнцтва стала яркім калейдаскопам новых знаёмстваў, эмоцый і насычаных падзей, за якімі растварыўся лёгкі сум ад расстання са школьным жыццём. Пра сваю малую радзіму дзяўчына расказвае ў ВНУ з асаблівай цеплынёй і з задавальненнем запрашае новых сяброў у госці. Галоўнай мэтай для наведвання Шуміліна называе маляўнічыя месцы, дзе можна адпачыць ад гарадской мітусні. Напамінам пра дом у пакоі інтэрната студэнткі служаць фотаздымак мамы і памятны кубак ад любімага «11 Б класа». Пасля атрымання дыплома Анастасія мае цвёрды намер вярнуцца ў родны пасёлак у якасці настаўніка матэматыкі:
«Веды павінны вяртацца туды, дзе былі атрыманы. Мне б вельмі хацелася змяніць працэс навучання за кошт сучасных фарматаў, каб ён стаў цікавым, прывезці ідэю інтэрактыўных урокаў і матэматычных квэстаў, пастарацца зрабіць так, каб матэматыка ў школах была для хлопцаў і дзяўчат любімай і захапляльнай прыгодай, а не сумным прадметам!», – падзялілася выпускніца СШ №1.

Для выпускніцы СШ №2 Яны Казлоўскай студэнцтва на смак нагадвае першую каву з аўтамата ў сценах універсітэта – трохі гаркаваты, але з малаком надзеі. Да насычаных лекцый дзяўчына прывыкла хутка, а вось да таго, што матулін боршч сам сабой на кухні не з’явіцца, прыйшлося адаптавацца. Цяпло роднага дома Яне замяняе фотаздымак сям’і і любімага сабакі, якія ствараюць эфект нябачнай прысутнасці побач, калі студэнтка рыхтуецца да заняткаў.
«Пакуль я поўнасцю засяроджана на вучобе і проста атрымліваю асалоду ад студэнцтва. Гэта час, калі можна спрабаваць новае, шукаць сябе і нікуды не спяшацца. Дакладных планаў на перспектыву пакуль што я не будую, час пакажа, як усё складзецца. Але, шчыра кажучы, я мала ўяўляю сваё жыццё ўдалечыні ад дома. Мне заўсёды хочацца туды вяртацца. Нават сваім новым сябрам я з асаблівым цяплом расказваю пра Шуміліна, як пра месца, у якім заканчваецца «горад» і пачынаецца сапраўдная спакойная Беларусь», – расказала студэнтка факультэта хіміка-біялагічных навук ВДУ ім. П. М. Машэрава.
Пра тое, якія спецыяльнасці сёння знаходзяцца ў топе ў шумілінскай моладзі, пра галоўныя тэндэнцыі нядаўняй уступнай кампаніі расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая:
«Мой асабісты аналіз, падмацаваны статыстыкай, паказвае станоўчую дынаміку: вельмі радуе той факт, што апошнім часам назіраецца ўстойлівы рост попыту на педагагічныя спецыяльнасці. Асабліва матываваных будучых педагогаў нашаму раёну даюць сярэдняя школа №1 і Мікіціхінская сярэдняя школа. Прыемна адзначыць, што выпускнікі ўсё больш актыўна выбіраюць аграпрамысловы профіль.
Акрамя ВНУ выбар моладзі нярэдка спыняецца на годных каледжах па напрамках, звязаных з аўтамабілебудаваннем і запатрабаванымі рабочымі спецыяльнасцямі, у той час як ажыятаж вакол прафесій праграміста паступова ідзе на спад. Сярод дзяўчат сёння знізіўся выбар медыцынскіх напрамкаў, а прыкметнай папулярнасцю ў іх сталі карыстацца інжынерныя і юрыдычныя спецыяльнасці. Аднак па маіх асабістых назіраннях апошніх некалькіх гадоў сярэдняя школа №2 застаецца верная сваім традыцыям: яе выпускнікі даволі часта выбіраюць медыцыну, пераважна паступаючы ў медыцынскія каледжы».
Аксана Генадзьеўна падкрэсліла, што прафарыентацыйная падтрымка школьнікаў у раёне вядзецца на індывідуальным узроўні: да кожнага выпускніка прымяняецца свой падыход, пры якім улічваюцца здольнасці вучня, асабістае жаданне, меркаванне бацькоў і педагогаў. Такая плённая і адрасная работа дае важкія вынікі – калі ў мінулым годзе працэнт паступлення складаў 69,3%, то сёлета Дзень студэнта ўпершыню адзначаюць 87,2% выпускнікоў раёна, якія сёння з’яўляюцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
