На прадпрыемстве ТАА «Альянспластрэсурс» працуе некалькі сямейных пар, адна з іх – Вікторыя і Аляксандр РАБЫЧЫНЫ.
Вікторыя ўладкавалася сюды ліцейшчыкам пластмас восем гадоў таму. Праз некалькі месяцаў на прадпрыемства, дзе створаны ўсе ўмовы для работы і адпачынку, прыйшоў працаваць і муж.
Зараз Вікторыя з’яўляецца майстрам змены, размяркоўвае станкі для работы ў залежнасці ад заказаў і сама працуе на іх, забяспечвае вытворчы рытм. Тэхналагічны працэс праходзіць на высокіх хуткасцях, і тут вельмі важна кантраляваць кожны крок машыны. Прафесійная загартоўка і вопыт дазваляюць майстру і яе калегам за адну працоўную змену вырабляць каля сямі тысяч штук прадукцыі.
Асартымент вырабаў запатрабаваны на рынку – аб’ём пластыкавых вядзерцаў вагаецца ад невялікіх кампактных на 0,5 літра да тары буйнога памеру на 5,8 літра. Прадукцыя павінна адпавядаць стандартам трываласці і герметычнасці, таму Вікторыя пільна сочыць за якасцю кожнай партыі.
Ну, а калі здараюцца непаладкі ў станках, Вікторыя звяртаецца да мужа – Аляксандр вывучыўся на курсах ад прадпрыемства на слесара-рамонтніка і вадзіцеля пагрузчыка. Калі рамонтных работ няма, Аляксандр садзіцца на пагрузчык і звозіць паддоны з прадукцыяй на склад. За дзень перавозіць больш за тры тоны тары.
«Дзякуючы такім адказным работнікам, як Вікторыя і Аляксандр Рабычыны, наша прадпрыемства упэўнена трымае марку якасці, своечасова выконвае кантракты і пашырае сваю прысутнасць на рынку, – кажа дырэктар «Альянспластрэсурсу» Аляксандр Кабанчук. – Працавітыя рукі работнікаў – наш галоўны капітал. Менавіта дзякуючы ім мы выпускаем 3,5 мільёна штук прадукцыі за месяц, якая пастаўляецца для харчовай і лакафарбавай прамысловасці».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

