Ферма Добея названа лучшей в Шумилинском районе по результатам февраля

Сельское хозяйство Экономика

Падзякі і прэміі – лепшым жывёлаводам
У рамках акцыі «Наш жывёлавод», якая праходзіць па ўсёй краіне, райкам прафсаюза работнікаў АПК штомесяц узнагароджвае лепшых цялятніц і аператараў машыннага даення. Па выніках работы за люты на добрыя паказчыкі выйшла ферма Дабея ААТ «Прыазёрны мір».

Наталля Літвін, Вольга Маліноўская і Ларыса Васілеўская.

Гэта абумоўлена многімі фактарамі: ад умоў працы і кармоў да наяўнасці кваліфікаваных спецыялістаў і жывёлаводаў. Але прыярытэтным застаецца чалавечы фактар, лічыць загадчыца фермы Марына Янушэвіч. Ферма Дабея старэнькая, тут да сённяшняга часу дояць кароў у бачкі. Тым не менш, мясцовая даярка Наталля Літвін, у групе раздою якой сто першацёлак, змагла дабіцца добрых вынікаў: у лютым надой на адну карову склаў 516 кг.
Наталля Літвін расказала, што ў яе групе ацяліліся 60 кароў, чакае прыплоду яшчэ ад 40. Працаваць на групе раздою складана і цяжка фізічна. Наталлі Мікалаеўне прыходзіцца прывучаць навацельных кароў да даення: якую добрым словам, а якую і з дубцом. Найбольш наравістых дапамагае трымаць слесар даільных установак Сяргей Сянькоў.
«У жывёлагадоўлі далёка не навічок, раней працавала ў гаспадарцы на комплексе, таму ведаю розныя “хітрыкі” ў падыходзе да жывёлы, – усміхаецца Наталля Літвін. – Кароў кормім сенажом. Гаспадарка мае пэўны запас камбікорму, таму кожная карова атрымлівае па аднаму кілаграму на галаву і па 400 грамаў на літр малака».
Побач з кароўнікам на ферме Дабея ёсць яшчэ і цялятнік. З выгляду несамавіты. Але, як высветлілася, не гэта галоўнае для плёну ў рабоце. Кіраўніцтва гаспадаркі хваліць мясцовых цялятніц Вольгу Маліноўскую і Ларысу Васілеўскую, якія даглядаюць 110 цялят на дарошчванні. Жанчыны вопытныя, працавітыя, адказныя. Прытрымліваюцца тэхналогіі кармлення і паення, строга сочаць, каб у клетках было суха і чыста. І вынік ёсць – сярэднясутачныя прывагі цялят складаюць 654 грамы.
Дабейскіх жывёлаводаў Наталлю Літвін, Вольгу Маліноўскую і Ларысу Васілеўскую (на здымку) з лепшымі ў раёне надоямі і прывагамі павіншавалі намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ «Прыазёрны мір» Марына Панкраценка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. За працоўныя здабыткі жанчыны атрымалі ад прафсаюза падзякі і прэміі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №23 ад 24.03.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *