У деревне в посевную не бывает выходных

Актуалии Сельское хозяйство

На палетках няма выхадных
У красавіку галоўны клопат кіраўнікоў сельгасарганізацый, спецыялістаў і механізатараў на палетках. “Сяўба –  задача нумар адзін, – лічыць дырэктар УП “Шумілінскі райаграсэрвіс У. А. Арлоў. –  Самыя вялікія плошчы з усіх сельгасарганізацый пад яравую сяўбу зерневых і зернебабовых адведзены ў нашай гаспадарцы – амаль дзве тысячы гектараў. Працуем, стараемся. Выхадных у механізатараў няма. На Вялікдзень (гаворка вялася на мінулым тыдні-аўт.)  усе працуем! Паралельна з зерневымі пачалі сеяць рапс.”
Едзем у Залессе, дзе заняты атрад сеяльшчыкаў.  На палетках шнуруюць трактары з плугамі і  дыскатарамі. Непадалёк  – раскідвальнікі мінеральных угнаенняў і два пасяўныя агрэгаты. “Другі дзень сеем рапс, – кажа механізатар Пётр Палаўкоў (на здымку). – Палеткі тут высокія, не буксуем. А тыдзень таму працавалі ў Светласельскім і Пабедзе – сеялі ячмень і пшаніцу. Сяўба сёлета звычайная. Праблема толькі ў тым, што часта псуецца сеялка, на якой працую пяты сезон. Не заўсёды ў гаспадарцы ёсць запчасткі, прыходзіцца шукаць. З-за гэтага губляем каштоўныя хвіліны і гадзіны”.
Дарэчы, Пётр Палаўкоў – адзін з перадавікоў райаграсэрвісу, яго прозвішча занесена на Дошку гонару, зацверджаную ў раённай газеце. На сваім трактары МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6 на 21 красавіка ён засеяў больш за чатырыста гектараў.  “Ён штодзень робіць двайную норму, – кажа пра Пятра Палаўкова галоўны аграном УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Міхаіл Маліноўскі. – На такіх людзях трымаецца гаспадарка”.
Міхаіл Ягоравіч расказаў, што райаграсэрвіс купіў на Талачынскім кансервавым камбінаце 5,2 тоны суперэліты  –  пшаніцы гатунку “Світанак”, якой мяркуюць засеяць 30 гектараў.  Разам з тым М. Я. Маліноўскі не змаўчаў пра тыя праблемы, якія хвалююць сёння галоўнага  агранома. Гаспадарцы не хапае  “ўдарнай сілы” – энерганасычаных трактароў, а яшчэ ворыва засталося  шмат – каля тысячы гектараў. На нізкія палеткі пасля дажджоў не ўз’ехаць. Не пашанцавала  і з азімым рапсам – загінула каля 200 гектараў, трэба перасяваць. А гэта дадатковыя выдаткі і час.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №31 ад 22.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *