Председатель Шумилинского райисполкома Александр Снаров провёл встречу со специалистами «АгроБоровинки»

Актуалии Президент Экономика

Адзінай камандай працаваць на агульны вынік
“Гэта проста немагчыма, каб гаспадарка, якая з’яўляецца, можна казаць, візітнай карткай Шумілінскага раёна, якая мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, добры патэнцыял для развіцця, мела б такі непрывабны знешні выгляд вытворчых аб’ектаў, такія вынікі работы”, – адзначыў старшыня райвыканкама А. І. Снараў у ходзе шчырай і адкрытай размовы з кіраўніцтвам і спецыялістамі ААТ “АграБаравінка”, якая адбылася ў пачатку студзеня.
Калісьці адна з лепшых гаспадарак раёна, у якой быў пабудаваны першы аграгарадок, буйны малочнатаварны комплекс, апошнім часам прыйшла ў заняпад, з’явіліся прыкметы безгаспадарлівасці, у людзей быццам апусціліся рукі. Менавіта гэта і стала падставай для сустрэчы, у якой таксама ўдзельнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. Ц. Мянькоў, пракурор раёна С. У. Зайцаў, начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка, спецыялісты райсельгасхарчу, раённых службаў.
Нават улічваючы складаную эканамічную сітуацыю і аб’ектыўныя прычыны, многія пытанні, якія былі адрасаваны кіраўніцтву і спецыялістам гаспадаркі, не знаходзілі абгрунтаванага адказу. Чаму расход паліва ў гаспадарцы складае 91 кг на 1 га ворыва (па раёне – 82, у “Мішневічах” – 51, “Прыдзвінскім” – 66, “Ульскім” – 76 кг)? Чаму тэхніка “раскідана” па ўсёй гаспадарцы, а не захоўваецца ў адным месцы? Чаму мінусуюць па вытворчасці малака? Чаму існуе высокі ўзровень падзяжу і невытворчага выбыцця жывёлы? Чаму дагэтуль не ўцеплены фермы? Былі пытанні да эканамічнай і бухгалтарскай службаў гаспадаркі. Дарэчы, многія пытанні адрасаваліся і ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, спецыялісты якога павінны былі кантраляваць працэсы.
У ходзе размовы не аднойчы падкрэслівалася, што зараз няма часу шукаць вінаватага. Аляксандр Снараў запатрабаваў прыступіць да справы адразу пасля сходу і тэрмінова вырашаць праблемы: уцяпляць фермы, наводзіць парадак у майстэрнях, збіраць тэхніку, прыступаць да яе рамонту. Адмяталіся пытанні недахопу грошай на тэрміновыя расходы. Грошы ёсць заўсёды, трэба толькі імі правільна распараджацца, вызначыць прыярытэтныя накірункі, адзначыў кіраўнік раёна. І пачынаць трэба з элементарнай працоўнай  і вытворчай дысцыпліны, з навядзення агульнага парадку на вытворчых аб’ектах. Трэба пераходзіць на ручны рэжым кіравання, калі не ўдалося стварыць сістэму работы. Дарэчы, адзначалася на нарадзе, складваецца ўражанне, што кіраўнікі і спецыялісты “АграБаравінкі” не бачаць агульнай карціны дзейнасці гаспадаркі, кожны імкнецца вырашыць толькі свае пытанні, не ўлічваючы агульных патрэб і прыярытэтаў. А калі кіраўніцтву не ўдалося стаць камандай, то не будзе і спаянага калектыву.
Вельмі актуальнае пытанне выплаты зарплаты. Тут таксама не адкрылася нічога новага. Прэзідэнт краіны не аднойчы падкрэсліваў, што кожны рубель павінен быць зароблены, і гэтае патрабаванне ніхто не адмяняў, гэта закон эканомікі. Як можна налічыць зарплату за месяц, напрыклад, на 800 мільёнаў рублёў, калі прадукцыі прададзена на 500 мільёнаў? І няма ў запасе лішкаў збожжа, рапсу ці іншай прадукцыі, каб можна было пакрыць розніцу. Значыць трэба аптымізаваць колькасць работнікаў, працоўны час. Хто вырабляе прадукцыю, а гэта зараз работнікі жывёлагадоўлі, той і павінен атрымліваць зарплату ў поўным аб’ёме за атрыманую прадукцыю, астатнія – па мінімуму. Інакш гаспадарцы выжыць немагчыма.
Пры гэтым, вырашаючы аператыўныя штодзённыя пытанні, трэба думаць і працаваць на перспектыву. Атрымаць прадукцыю раслінаводства з запасам, які дазволіць вырашаць надзённыя праблемы. Нарыхтаваць дастаткова кармоў і належнай якасці. Атрымліваць прадукцыю жывёлагадоўлі высокай якасці, што дасць дадатковыя грашовыя паступленні. Працаваць на ўзнаўленне статку, захаваць маладняк, бо без гэтага гаспадарка не мае будучага.
Падсумоўваючы вынікі нарады, старшыня райвыканкама адзначыў, што ўвесь працоўны калектыў гаспадаркі павінен быць адзінай камандай, якая працуе на агульны вынік. А раённыя ўлады будуць па магчымасці падтрымліваць гаспадарку, але толькі калі будзе бачны пазітыўны рух, калі будзе прадукцыя.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №3 ад 12.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *