Президиум Шумилинского райсовета утвердил районные мероприятия по благоустройству на 2016 год

Актуалии Президент

Час наводзіць парадак на зямлі

З надыходам вясны прыходзяць не толькі добры настрой, радасць і прага жыцця, але і новыя клопаты. Асабліва актуальным становіцца тэма добраўпарадкавання вёсак, вуліц, двароў, вытворчых аб’ектаў. І вельмі важна менавіта зараз спланаваць і вызначыць асноўныя аб’ёмы работ. На апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і былі акрэслены задачы і зацверджаны раённыя мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і  добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў Шумілінскага раёна на 2016 год. Вяла пасяджэнне старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, удзел у рабоце прэзідыума прыняў кіраўнік раёна А. І. Снараў.
З асноўным дакладам выступіла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедава. Зоя Анатольеўна азнаёміла з вынікамі выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні за 2015 год, адзначыла, што ў раёне праведзена пэўная работа па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Большасць заданняў і мерапрыемстваў выканана.
Разам з тым, УП ЖКГ не ў поўным аб’ёме выканала даведзеныя заданні раённай праграмы па ўладкаванні кантэйнерных пляцовак згодна з санітарнымі патрабаваннямі, укараненні раздзельнага збору смецця, устаноўцы кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адыходаў на могілках, меліяратары не справіліся з заданнем па ачыстцы і выдаленні пустазелля на меліярацыйных каналах, па прывядзенні ў парадак зямель. Недастатковая работа праводзіцца па выяўленні і ліквідацыі  несанкцыянаваных звалак, агароджванні і выдаленні аварыйных дрэў і кустоўя на грамадзянскіх могілках і ў сельскіх населеных пунктах.
Старшыня райвыканкама А. І. Снараў зрабіў заўвагу кіраўніцтву райспажыўтаварыства, райпаліўзбыту, прыватных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчых арганізацый за неналежны стан падведамасных тэрыторый. Аляксандр Іванавіч запатрабаваў неадкладна навесці парадак. У дадатак да ўсяго ёсць пэўны пералік работ, якія неабходна зрабіць неадкладна, падкрэсліў кіраўнік раёна: пабелка дрэў, выдаленне сучча, пасадка насення кветак на расаду, рамонт агароджы і інш.
З інфармацыяй па абмяркоўваемай тэме выступіў галоўны санітарны ўрач раёна С. А. Конышаў.  Сяргей Алегавіч зазначыў, што раённая санітарная служба праводзіць сістэматычны кантроль за ўтрыманнем тэрыторый, своечасовым вывазам смецця, па выяўленні і ліквідацыі несанкцыянаваных звалак. У прыватнасці, за мінулы год на юрыдычных асоб было выпісана 36 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў, складзена 39 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Галоўны санітарны ўрач згодны, што прыйшоў час пераходзіць да больш жорсткіх мер пакарання – складання пратаколаў на жыхароў прыватнага сектара, якія не сочаць за парадкам на асабістых падворках.
Асноўныя праблемы, якія існуюць у раёне і патрабуюць строгага выканання, агучыў у сваім выступленні начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г. М. Кісялевіч. У прыватнасці, размова ідзе пра барацьбу з баршчэўнікам Сасноўскага, прывядзенне ў парадак кар’ераў, палігонаў і міні-палігонаў камунальных адыходаў, сельскагаспадарчых аб’ектаў, арганізацыю збору камунальных адыходаў у сельскіх населеных пунктах і г. д.
Дапоўнілі інфармацыю начальнік раённай землеўпарадкавальнай службы З. Ф. Алюліна і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава.
Па абмеркаваным пытанні прынята адпаведная пастанова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №20 ад 11.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *