«Справимся!», — уверенно говорит механизатор ОАО «Ловжанское» Валерий Лисов

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Ён упэўнена кажа: “Справімся!”
У пачатку мінулага тыдня, калі мы пабывалі ў ААТ “Лаўжанскае”,  тэхніка тут была гатова да старту пасяўной. Перашкаджаў толькі мароз, які начамі адчуваў сябе сапраўдным гаспадаром на палетках і не даваў пасяўным агрэгатам прыступіць да работы. Каб не траціць дарэмна час,  на палетках гаспадаркі працавалі трактары з плугамі, а таксама сеялі шматгадовыя травы.
Механізатара В. П. Лісава (на здымку), які на той момант на сеялцы СПУ-6 засеяў амаль 400 гектараў бабовых, засталі раніцай у майстэрні. Валерый Піліпавіч расказаў, што сее шматгадовыя травы сакавіцкімі раніцамі – па марозіку, пакуль не “адышла падэшва”. Калі пачынае праграваць сонца – гэта неспрыяльны час для сяўбы, бо палеткі з азімымі зерневымі вельмі рэжуцца коламі. А вось тады механізатар падчапляе да свайго трактара плугі і шчыруе на палетках. “Пачынаецца напружаны час, працаваць падчас пасяўной будзем да позняга”, – расказаў механізатар. Яму, былому афганцу, да цяжкасцей не прывыкаць. За сябе і сваіх калег упэўнена кажа: “Справімся!”
“У гэтым годзе гаспадарцы трэба засеяць 1213 гектараў зерневых, 700 га кукурузы, 200 га рапсу, – расказаў намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Лаўжанскае” В. І. Селязнёў. – У нас тры пасяўныя агрэгаты, на іх будуць працаваць вопытныя механізатары – Аляксандр Скрыпкін, Алег і Ігар Барысевічы. На адным агрэгаце за дзень можна засеяць да 40 гектараў зерневых. Мы разумеем, што пасяўная – самы адказны час. Паступова, па меры таго, як сонечныя прамяні будуць праграваць зямлю, шырокім фронтам прыступім да палявых работ. Пры неабходнасці трактары з плугамі будуць працаваць у дзве змены”.
У канцы мінулага тыдня мы патэлефанавалі ў “Лаўжанскае”. “У пятніцу, 27 сакавіка, на палеткі выехаў агрэгат для падкормкі азімых зерневых “Раса”, –  расказаў Валерый Іванавіч. – Падкормліваем азотам  азімую пшаніцу. Больш таго, у гэты ж дзень у нашай гаспадарцы стартавала сяўба: на пясчаныя палеткі выехаў Ігар Барысевіч. У першы дзень ён засеяў дванаццаць гектараў аўсу”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *