Вопросы выполнения социальных стандартов и подготовки к весеннему севу были рассмотрены на очередном заседании райисполкома

Актуалии Президент

З клопатам пра людзей і  веснавую сяўбу
Тры глабальныя пытанні, вынесеныя на пасяджэнне райвыканкама,  былі разгледжаны ў  прынцыповым і зацікаўленым ключы. Першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч, які вёў пасяджэнне, унікліва даходзіў да сутнасці праблем з тым, каб  пазбегнуць іх у далейшай рабоце.
Па першаму пытанню парадку дня выступіла з дакладам начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава. Гаворка вялася вакол выканання дзяржаўных сацыяльных стандартаў, іх якасных параметраў. Тэма з “барадой” – якасць  пітной вады ў двух новых кааператыўных дамах па вуліцы Суворава ў Шуміліне, нямала пытанняў па падачы гарачай вады камунальнікамі, па рабоце аўтобусных маршрутаў,  па гандлю, па іншых надзённых праблемах жыцця людзей.
Пасля даклада ў адрас Тамары Анатольеўны прагучала шэраг навадных пытанняў, што сведчыла пра непрадузятасць гаворкі. Закрытая сталоўка ў аграгарадку Мікіціха, парушэнне графікаў руху рэйсавых аўтобусаў,  эканомія бюджэтных сродкаў.
Напрыклад, сталовая ў Мікіцісе, якая на балансе ААТ “Лаўжанскае”, працуе толькі ў пару сельгаскампаній, а быў жа не такі далёкі час, калі  тут можна было падсілкавацца і заезджаму вадзіцелю, і проста вяскоўцу. Аддзел эканомікі павінен  аказаць гаспадарцы ў ажыўленні работы сталовай самую дзейсную дапамогу. Пра нерэнтабельныя маршруты гаворкі шмат, але праблема   праезду пасажыраў без выдачы ім праязных білетаў і сёння стаіць востра. Трэба разабрацца, падключыць усе формы работы з тым, каб дамагчыся аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі.
Пасля выступлення дырэктара  УП ЖКГ  І. К. Штуро  была засяроджана ўвага на  якасці аказваемых камунальных паслуг. Гарачая вада людзям патрэбна і ў марознае надвор’е, і ў адлігу, а не так, як  ўвайшло ў звычку камунальнікаў, калі  тэмпература вады залежыць ад тэмпературы паветра на вуліцы. Відаць, прыспеў час мяняць бойлеры ў жылых дамах. Праўда, летась замянілі 4 бойлеры, плануюць зрабіць гэта ў яшчэ 6 дамах, але гэта кропля ў моры (на балансе УП ЖКГ звыш 400 шматкватэрных дамоў). Не падаецца гарачая вада ў аграгарадку Слабада. Хаця тут вядзецца рэканструкцыя кацельні, тым не менш вясковец цярпець ад такіх нязручнасцяў не павінен.
Запатрабавана ад кіраўніцтва УП ЖКГ разабрацца больш унікліва з якасцю пітной вады ў кааператыўных дамах па вуліцы Суворава ў Шуміліне (тут пражывае 120 сямей), па санітарнай ачыстцы ў мястэчках і вёсках раёна. У 2012 годзе закупілі ўсяго 15 кантэйнераў для збору бытавога смецця, сёлета могуць, відаць, дапамагчы ў закупцы кантэйнераў у абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пісьмо з просьбай выдзеліць 150 мільёнаў на гэтыя патрэбы на імя старшыні Р. В. Вінакурава адпраўлена. Гучала крытыка ў адрас камунальнікаў па рамонце лазні ў Амбросавічах, па рабоце лазні, ці, лепш сказаць, душавой устаноўкі ў Башнях.
Выступіла  старшыня райспажыўтаварыства Л. С. Доктарава. Кааператыўны гандаль працуе стратна (у межах 500 мільёнаў  за месяц). У чым прычына,  ці ёсць рэзервы для ўздыму эканомікі арганізацыі? Ёсць, упэўненыя намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза  М. М. Занковіч і намеснік старшыні аблспажыўсаюза В. А. Шуляк, якія прымалі ўдзел у пасяджэнні райвыканкама, падказцы шляхоў выхаду з крытычнай сітуацыі яны  і прысвяцілі свой дзелавы візіт у райспажыўтаварыства. Дарэчы, з вобласці паступіць у распараджэнне райпа аўтамагазін коштам 500 мільёнаў рублёў. Добры падарунак. Зараз самому праўленню райпа трэба не кінуцца тварам у гразь.
Па другому пытанню – падрыхтоўка да сяўбы – даклад зрабіў В. В. Родзіч. Не хапае ў некаторых гаспадарках насення, існуюць праблемы з  мінеральнымі ўгнаеннямі,  рамонтам тэхнікі, забеспячэннем механізатарскімі кадрамі.
Дырэктары Шумілінскага райаграсервісу і Шумілінскага льнозавода У. А. Арлоў і А. М. Папіна  далажылі аб мерах, якія прымаюцца імі  па  нармалізацыі спраў з падрыхтоўкай да сяўбы.
На заканчэнні пасяджэння з дакладам выступіла намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Л.А. Грузневіч. Тэма гаворкі – уплыў камісіі на  дзейснасць у рабоце з абавязанымі асобамі,  на выхаваўчы працэс у рабоце з падлеткамі, з бацькамі, грамадскімі інстытутамі. Ёсць тут нямала ўпушчэнняў, і адна з самых вострых праблем – спагнанне грошай з нядбайных бацькоў за ўтрыманне іх дзяцей дзяржавай. Самая, бадай, злосная матуля з гэтай “кагорты”  (праўда, рука не паднімаецца назваць  жанчыну матуляй), у якой пяцёра дзяцей, запазычыла дзяржаве ажно 104 мільёны рублёў.  Райвыканкам запатрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемства,  дзе працуюць абавязаныя асобы, ставіцца да кантролю за гэтымі “кадрамі”  адказна,  зыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №24 ад 26.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *