День работы с населением в Добейском сельсовете завершился объездом производственных и социальных объектов

Актуалии Президент Экономика

Наводзіць парадак разам з жыхарамі вёсак

Удзельнікі аб’езду на тэрыторыі кацельні Дабея УП ЖКГ.

Дзень работы з насельніцтвам у Дабейскім сельсавеце завяршыўся ў панядзелак аб’ездам сацыяльных і вытворчых аб’ектаў.

У ходзе агляду тэрыторыі старшыня сельскага Савета Аляксандр Аляксеенка расказаў, што ў сельсавеце імкнуцца шчыльна працаваць з насельніцтвам. Людзям нагадалі пра неабходнасць абкасіць свае падворкі, навесці на іх парадак. Як адзначыў кіраўнік мясцовай улады, большасць вяскоўцаў і дачнікаў з разуменнем аднесліся да гэтай просьбы, астатнія тэрыторыі абкасілі работнікі сельсавета. Па ініцыятыве сельвыканкама мясцовыя жыхары зрабілі малыя архітэктурныя формы: каля дарогі ў Непаротах з’явіўся маляўнічы ветраны млын, а ўезд у аграгарадок  Амбросавічы ўпрыгожыў вазок з кветкамі. Прыгожа аформлены і памятны знак у гонар заснавання Дабеі, і тэрыторыя ля сельвыканкама. Аляксандр Віктаравіч расказаў, што з аркамі-кветніцамі і расадай кветак дапамаглі шэфы з Віцебска.
Былі наведаны ферма Непароты і мехток у Маркаве ААТ “Прыазёрны мір”, кацельня ў Дабеі.
Апошняй кропкай маршруту стаў помнік прыроды “Вялікі камень” у вёсцы Горкі. Наводзіць парадак пачалі некалькі гадоў таму: зрабілі альтанкі для адпачынку, замест хмызняку і алешніку пасадзілі елкі і клёны. На сёлетнім красавіцкім суботніку тут добраўпарадкавалі тэрыторыю, дапоўнілі пасадкі клёнаў новымі саджанцамі. Калі раней пра цікавы геалагічны помнік мала хто ведаў, то цяпер гэта папулярнае месца школьных паходаў, адпачынку жыхароў раёна і праязджаючых.
Падвядзенне вынікаў работы з насельніцтвам прайшло ў будынку Дабейскага сельвыканкама. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што з двух дзясяткаў паступіўшых ад насельніцтва пытанняў большасць ужо выканана, астатнія знаходзяцца на кантролі і будуць вырашаны ў хуткім часе. Галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Конышаў расказаў, што супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі наведалі 230 прыватных падворкаў, папярэдзілі некаторых гаспадароў аб выяўленых парушэннях – за адзін-два дні былі ліквідаваны 27 парушэнняў.
Як паведамілі кіраўнікі Лаўжанскага,  Каўлякоўскага і Мішневіцкага сельсаветаў, з пастаўленых насельніцтвам праблемных пытанняў у Лаўжанскім сельсавеце засталося 5, у  Каўлякоўскім – 2, у Мікалаеўскім нявыкананы 4 заяўкі на дровы.
У ліпені дзень работы з насельніцтвам пройдзе ў Мішневіцкім сельсавеце.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 50 ад 29.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *