О подготовке школ района к новому учебному году рассказывает начальник отдела образования П. В. Спиридонов

Актуалии Образование

Да новага навучальнага года

Некалькі тыдняў мінула з апошняга званка і выпускных вечароў. Многія педагогі адпачываюць, а вось для адміністрацый і гаспадарчых службаў адукацыйных устаноў лета – час падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Менавіта аб гэтым размова з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Пятром Уладзіміравічам Спірыдонавым.
— Пётр Уладзіміравіч, не першы год вядзецца аптымізацыя сеткі адукацыйных устаноў, скарачаюцца малакамплектныя школы ў вёсцы. Якія змены чакаюцца сёлета?
— Так, аб’ектыўныя ўмовы вымушаюць паступова скарачаць колькасць устаноў адукацыі на вёсцы. Раённыя ўлады імкнуцца падтрымліваць малакамплектныя школы, не дапусціць закрыцця школ у вёсках. У наступным навучальным годзе чакаецца ў школы 2104 вучні (на 58 менш, чым было ў прайшоўшым), на 2 класы-камплекты менш. Праўда, заўважу, што сёлета будзе 170 першакласнікаў, гэта больш мінулагодняга.
Згадзіцеся, несці вялізныя выдаткі, трымаць поўны штат педагогаў і тэхнічнага персаналу для двух-трох вучняў – неразумна. Прымаючы да ўвагі заклапочанасць бацькоў, асабліва ў адносінах да пачаткоўцаў, мы стараемся вырашыць усе пытанні, каб зняць занепакоенасць.
Сёлета будуць рэарганізаваны Дабейская пачатковая школа — дзіцячы сад і Сіроцінская СШ-дзіцячы сад. У Дабеі застанецца дашкольная ўстанова, вучняў пачатковых класаў бу-дзем падвозіць у Льнозаводскую пачатковую школу–дзіцячы сад. У Сіроціне застанецца базавая школа–сад.
Без працы педагогі не застануцца. Адбудзецца некаторае  змяншэнне нагрузкі, нехта пяройдзе ў іншую школу.
— Што тычыцца педагагічных кадраў. Іх дэфіцыт ці лішак? Колькі чакаецца маладых спецыялістаў у школы раёна?
— У адукацыйных установах раёна многія педагагічныя спецыяльнасці ў дэфіцыце. Не стае выхавацеляў дзіцячых садоў, псіхолагаў, дэфектолагаў. Адчувальны недахоп матэматыкаў, фізікаў і інфарматыкаў. Мы накіравалі заяўку ў абласное ўпраўленне адукацыі на два дзесяткі маладых спецыялістаў. Колькі прыйдзе педагогаў і па якіх спецыяльнасцях, пакуль невядома.
— Зразумела, сёння час дыктуе максімальна скарачаць выдаткі. Што з падрыхтоўкай да навучальнага года ў садах і школах, з рамонтам, абнаўленнем абсталявання і ўмацаваннем матэрыяльнай базы?
— Касметычны рамонт устаноў адукацыі будзе праведзены. Яго робім уласнымі сіламі. Закупілі фарбы на 47 мільёнў, 5 тон цэменту. Больш складана з рамонтам, які патрабуе значных выдаткаў. Перад будаўнічымі арганізацыямі ёсць даўгі з мінулага года, таму з буйнымі рамонтнымі работамі праблемы.
Самы вялікі аб’ём – спартыўныя залы, асабліва ў Мішневіцкай, Мішкавіцкай, Лаўжанскай сярэдніх школах, Язвінскай базавай школе, ёсць пытанні па даху ў дзіцячых садах № 2 і №3 г.п. Шуміліна, патрабуе рамонту сантэхнічнае абсталяванне і інжынерныя сеткі.
Што тычыцца абсталявання, будзем працягваць работы па абнаўленні мэблі за кошт сродкаў другаснай занятасці. Рамонтныя камплекты для школьных сталоў і крэслаў ужо закуплены. За гэтыя ж сродкі шыем пасцельную бялізну для дзіцячых садоў. Карысць двайная – вучні заняты і маюць магчымасць зарабіць летам, і з’явяцца новыя мэбля і бялізна.
— Звычайна летам вядзецца і падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона…
— Вядзецца падрыхтоўка і рамонт кацельнай гаспадаркі, рыхтуем дровы. На ацяпляльны перыяд неабходна назапасіць 2600 кубаметраў дроў. Вазілі сваім транспартам. Цяпер падключыўся лясгас, і тэмпы ўзраслі. Да ацяпляльнага перыяду, мяркую, неабходная колькасць паліва будзе назапашана.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №46 ад 21.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *