Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Не схаваўся
Жыхар Шуміліна, які займаўся махлярствам, вырашыў схавацца ад пакарання ў Расіі. Не ўдалося. Мужчына ўчыніў у адным са смаленскіх кафэ п’яны дэбош, за што і быў затрыманы. Адтуль і паведамілі ў РАУС, што знойдзены злачынца, які вышукваецца як махляр. Вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі мужчыны на тэрыторыю Беларусі.
Памочнік
Жыхар Сіроціна дапамагаў мясцовай пенсіянерцы капаць бульбу. Бабуля разлічылася з памочнікам, але ён вырашыў прыхапіць з сабой яшчэ і два мяшкі бульбы. Думаў гаспадыня, якая часова адышла ад дома, не заўважыць. Але жанчына хутка вярнулася і злавіла ліхадзея на месцы злачынства, а потым паведаміла ў РАУС.
Браканьеры
На тэрыторыі Казьянскага лясніцтва застрэлілі маладога кабана. Урон, нанесены лясной гаспадарцы, складае 60 базавых велічынь. Мясцовы егер застаў браканьераў на месцы здарэння: імі аказаліся жыхары адной з вёсак раёна. Вядзецца расследаванне.
Кафэ
У кафэ-бары ў Обалі ўкралі спіртныя напіткі і прадукты харчавання. Крадзеж раскрыты па гарачых слядах: злодзеем аказаўся мясцовы жыхар. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Дача
У міліцыю звярнуўся жыхар г. Віцебска: абрабавалі ягоную дачу ў в. Боськава, укралі сумку са спіртнчм і прадуктамі. Асоба злачынца ўстаноўлена. Супраць жыхара райцэнтра ўзбуджана крымінальная справа.
Суіцыд
На сямейны скандал у Дабею выехалі міліцыянеры, пачалі шукаць дэбашыра, які, па словах родзічаў, нецвярозы выбіваў дзверы. Знайшлі і … аслупянелі: ён вісеў у пятлі. Уратаваць хлопца (1988 года нараджэння) не ўдалося.
На роўным месцы
На перакрыжаванні вуліц Луначарскага–Юбілейная ў Шуміліне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Віцяблянін, які на “Пасаце” ехаў у бок абласнога цэнтра, ля “Зебры” прыпыніўся на чырвонае вока святлафора. Але нечакана ззаду ўрэзалася фура, якой кіраваў жыхар Латвіі. Абедзве машыны пашкоджаны, пацярпелых няма. На жыхара Латвіі складзены адміністрацыйны пратакол.
ДТЗ
З пачатку года ў нашым раёне адбылося 12 дарожна-транспартных здарэнняў. Адзін чалавек загінуў, 15 атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай цяжкасці.
Без аўтамабіля
22 верасня праводзіцца Сусветны дзень без аўтамабіля. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі заклікаюць у гэты дзень усіх вадзіцеляў адмовіцца ад паездкі на аўтамабілях. Можна выкарыстоўваць грамадскі транспарт, а таксама веласіпеды. А лепш за ўсё – хадзіць пешшу, каб «дзень без аўтамабіля» стаў традыцыйным і пера-тварыўся ў важную экалагічную падзею сусветнага ўзроўню.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *