В Оболи прошёл турнир по настольному теннису, посвящённый памяти героя Советского Союза Зинаиды Портновой

Актуалии Спорт, туризм

У яркай і бескампраміснай барацьбе
У мінулую суботу ў Обальскай СШ  прайшоў адкрыты турнір
па настольным тэнісе, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай.
За перамогу змагаліся восем каманд, больш чым трыццаць аматараў малой ракеткі. Зразумела, пераважная большасць каманд – обальскія. Таксама ў турніры прынялі ўдзел пастаянныя ўдзельнікі і двухразовыя пераможцы – каманда Полацка, тэнісісты з РЭС на чале з кіраўніком прадпрыемства Дзмітрыем Мурковым. Уразіла каманда з “Полацкгазу”, якая выставіла полацкіх спартсменаў на чале з кандыдатам у майстры спорту Арцёмам Голубевым.
На ўрачыстым адкрыцці дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін падкрэсліў, што турнір па настольным тэнісе прыжыўся на обальскай зямлі і стаў традыцыйным (ён праходзіць у трэці раз). Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў адзначыў высокі ўзровень обальскага турніру і пажадаў удзельнікам яркіх і прыгожых паядынкаў.
Мужчыны прадэманстравалі на турніры вельмі захапляльную барацьбу. Безумоўна, пасля першых сустрэч вызначыліся свае лідары, толькі вось лёгкіх, “прахадных” сустрэч на турніры амаль не было, так што кожную сваю перамогу тэнісісты літаральна вырывалі ў сапернікаў. Сярод мужчын прадказальна перамог Арцём Голубеў (“Полацкгаз”), дапоўнілі прызавую тройку Нукзар Петрыяшвілі (Полацк) і Пётр Ганушчанка (Обальская СШ).
Сярод жанчын па-за канкурэнцыяй была кандыдат у майстры спорту палачанка Дар’я Ганчарова. Яна лёгка выйграла ўсе свае сустрэчы. Дарэчы, паралельна Дар’я была заяўлена і сярод мужчын, праўда, там не змагла выйсці ў фінальную частку. Другое месца заняла Настасся Гайковіч (Обальская СШ), трэцяе – Кацярына Ярыга (Обальскі керамічны завод).
У камандным заліку сітуацыя наступная: першае месца – Полацк, другое – Обальскі керамічны завод, трэцяе – Обальская СШ, чацвёртае – РЭС.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №25 ад 28.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *