Выездное заседание райисполкома

Актуалии Президент

Пра тое, што не “звязваюць” грошы,  і пра кальцо ў Обалі

На полях КУСХП "Улльский"

На парадак дня чарговага пасяджэння райвыканкама вынесены тры жыццёвыя праблемы. Па першай — як выконваюцца прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў раёне па заканчэнні пяцігодкі і задачах на наступную — выступіла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава. Тамара Анатольеўна дала падрабязны аналіз сітуацыі па вытворчасці і на гандлёвым рынку раёна. Старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук, які вёў пасяджэнне, задаў шэраг навадных і ўдакладняючых пытанняў. Напрыклад, чаму зніжаецца ўдзельная вага райспажыўтаварыства ў аб’ёме тавараабароту ў раёне? Або — ці не даецца палёгка прыватнаму бізнэсу па абслугоўванню аддаленых вёсак? Гучалі пытанні аб непажаданых прыярытэтах у гандлі гарэлкай і віном, па рабоце аўталавак, якія не абсталяваны касавымі апаратамі, аб рэа-лізацыі праекта па разліву і продажы  пітной вады ў поліэтыленавых бутлях. Асаблівы клопат у кіраўніка раёна — мець у Шуміліне сваю станцыю тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. Або вось такі трывожны сімптом: у СВК “Прыдзвінскі” (на цэнтральнай сядзібе ў вёсцы Крывое Сяло ладзіцца аграгарадок) выдалі пластыкавыя картачкі, а банкамат не працуе. Людзі вымушаны прасіць у гаспадарцы машыну і ехаць у Бешанковічы. “Беларусбанк” не дапамагае як след “звязваць” грошы ў раёне, ставіць палкі ў колы. Гэта непарадак”, — такая думка ў старшыні райвыканкама.
На трыбуне — дырэктар ААТ “Шумілінскі льнозавод” А. М. Папіна. Прадпрыемства за два апошнія гады атрымала нямала тэхнікі, тым не менш “завісаюць” сёлета ўборачныя работы, хаця плошча пад культурай не такая і вялікая. Парадкуецца лён грамадой — і з раёна, і з Віцебска. Трэба выходзіць на прыбытковую работу, і першы крок — фарсіраванне ўводу новай міні-кацельні. І яшчэ —рабіць так, каб не на 70%, а на ўсе 100 былі замежныя гатункі лёну. Чэшскі і французскі даюць на нашых палях куды большы выхад доўгага валакна, чым беларускія сарты. Вялася гаворка і пра новую тэхналагічную лінію, якая дазволіць павялічыць аб’ёмы выпуску прадукцыі, адкрыць новыя рабочыя месцы.
Слова даецца старшыні праўлення райспажыўтаварыства В. В. Доктараву. Нейкі час не ўдавалася выйсці на рэнтабельнасць, цяпер хаця і паволі, але сітуацыя паляпшаецца. Віктар Віктаравіч запэўніў: прыбыткі да канца года будуць. Па нарыхтоўках праблем асаблівых няма. Закупілі 1,5 тысячы тон яблыкаў. Не рэалізавалі яшчэ прадукцыю садоў у школах раёна. Трэба дапамагчы — аператыўна закупіць і вывезці садавіну на вінзаводы – гэта просьба В. А. Падлешчука. Расказаў кіраўнік райкаапгандлю пра касавыя апараты ў аўталаўках (закупілі, але яшчэ не да канца навучылі імі карыстацца), аб прыдарожным сэрвісе, аб іншых надзённых задачах. Працавалі ў раёне некалі тры грыбаварныя пункты — цяпер ніводнага, хаця грыбоў шмат. Невысокі тавараабарот у мястэчку Обаль. Усе гэтыя і іншыя “болевыя” кропкі старшыня праўлення райспажыўтаварыства бачыць, кантралюе, адно — не заўсёды хапае абаротных сродкаў. Вось выйдзе гандаль на прыбытковую работу, тады і з’явіцца магчымасць для рэалізацыі многіх праектаў.
*   *   *
Другая жыццёва важная праблема — папярэджанне рэцыдыўнай злачыннасці, пажарная бяспека ў раёне і папярэджанне гібелі людзей на пажарах. З выступлення начальніка РАУС Р. К. Бабіча можна зрабіць вывад: у раёне непрыемны “ўзлёт” крадзяжоў — і ўласнай маёмасці, і дзяржаўнай.
Дрэнна, што толькі кожны другі крадзеж раскрываецца, пакуль што недапрацоўвае міліцыя з працаўладкаваннем тых, хто вярнуўся з месцаў няволі, наогул няма звестак пра тое, колькі чалавек вызваліцца “з мясцін не такіх і аддаленых” да канца года, на наступны год.
Грунтоўная гаворка вялася вакол супрацьпажарнай бяспекі. Асабліва падмачыў рэпутацыю і газавікам раёна, і пажарнікам апошні выпадак у Лескавічах.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў зазначыў: з дзевяці чалавек, што загінулі на пажарах, васьмёра былі п’яныя. Адсюль вынікае: трэба актывізаваць за нецярпімасць да п’янства і алкагалізму. У школах РАНС працуе актыўна, тут створаны гурткі юных выратавальнікаў, пры СШ № 2 Шуміліна і Обальскай СШ працавалі лагеры з цяжкімі падлеткамі. Праўда, не да канца закрылі ў РАНС праблемы саміх пажарных вадаёмаў і пад’ездаў да іх, магчымасць падключэння да воданапорных вежаў, па ўстаноўцы пажарных апавяшчальнікаў. На думку пракурора раёна Я. Ю. Гуляева, недапрацоўвае наркалагічны пункт, не да канца прадумалі метады вызвалення вёсак і мястэчкаў раёна ад тых, хто дэбашыруе, чыніць п’яныя оргіі, перашкаджае нармальнаму жыццю людзей. У раёне на ўліку ва ўрача-нарколага больш за 700 чалавек, ці прымаюцца эфектыўныя меры для лячэння такіх пацыентаў? Пытанне хутчэй рытарычнае, а тэма, тым не менш, вельмі балючая.
*   *   *
І нарэшце — навядзенне парадку ў мястэчку Обаль і ў межах  тутэйшага сельсавета. Са слоў старшыні сельвыканкама М. А. Будневіча, на добраўпарадкаванне зрасходавана з пачатку года 3 мільёны 880 тысяч рублёў з 7 мільёнаў 840 тысяч выдзеленых. Не да канца рашаецца праблема з вадой у вёсцы Гаравыя (“Лепш зрабіць адзін раз, ды грунтоўна, чым лапіць дзесяткі разоў”, — гаворыць старшыня), марудна ідзе паляпшэнне стану вуліц мястэчка, нямала работы з жыхарамі па навядзенню парадку на падворках.
На думку старшыні райвыканкама В. А. Падлешчука, Обаль у плане добраўпарадкавання пакуль што  намнога адстае. Запушчаныя мясціны, шмат якія параслі хмызнякамі, асіннікам і вольхай. Зараснікі нахабна лезуць на палеткі, сціскаюць дарогі, рассяляюцца на палях. Такога быць не павінна, з такой “паўзучай рэвалюцыяй” трэба заканчваць. Адным абальчанам з такімі маштабамі не справіцца. Ёсць задума зрабіць у Обалі кальцавую дарогу пры ўездзе-выездзе, “завязаўшы” на маршруце і музей камсамольскага падполля, і школу, і царкву, якая  паступова набывае абрысы гожага аб’екта, іншыя будынкі. Але для гэтага трэба нямала папрацаваць і райспажыўтаварыству (магазін у  вёсцы Гаравыя нязграбны, таварная насычанасць жадае лепшага), шмат пустуючага жылля, трэба неадкладна разбіраць будынак былога дзіцячага сада, магчыма, газіфікаваць вёску з тым, каб удыхнуць сюды новае жыццё.
У выніку аб’езду дадзены канкрэтныя даручэнні меліяратарам, энергетыкам,  райгазу, сувязістам, іншым службам: не адкладваючы на потым, узяцца за навядзенне парадку па мяркуемаму Обальскаму кальцу.
Спыніліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння райвыканкама на поле КУСГП “Ульскі”, дзе вялося ворыва. В. А. Падляшчук правёў кароткую нараду з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў на тэму: як араць эканомна, нацэліў на неабходнасць уводзіць у севазварот гаспадарак як мага больш зямлі, што “гуляе”.
Напрыканцы пасяджэння прысутныя агледзелі будынак Обальскага сельсавета, азнаёміліся з умовамі работы сельвыканкама.
Вынікі пасяджэння падвёў старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук.
Аўтар Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №73 ад 21.09.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *