Хатынь. Злачынства без тэрміну даўнасці

Актуалии

Хатынь. Злачынства без тэрміну даўнасці

Вёскі не стала, але вёска жыве. Не ў звычайным разуменні гэтага слова: там не заспявае раніцай певень, не перабяжыць дарогу кот, прыветна не засвеціцца ўвечары акно ў хаце… Там няма вокнаў, і хат таксама няма. У Хатыні – і няма хат…
Але вёска жыве як сімвал вялізнай трагедыі беларускага народа, як вечная памяць пра ўсіх тых, хто трапіў у печ генацыду. Больш за дзевяць тысяч беларускіх вёсак і пасёлкаў былі да тла спаленыя фашыстамі, жыхары больш як шасцісот вёсак былі спалены зажыва, 186 населеных пунктаў так і не аднавіліся. Тут іх магіла, тут іх вечны спакой. І ніколі не сціхне жалобны звон над Хатынню, і ніякага жыцця не хопіць, каб аплакаць кожную нявінна загубленую душу. Нават цяжка ўявіць, што за гэтымі лічбамі з некалькімі нулямі, за кожнай з іх – жыццё. За кожнай з іх – смерць.

Мы плачам і сёння. Уяўляем як жывога сямітыднёвага Толіка Яскевіча і яго 19-гадовую маму Веру – і плачам; уяўляем сямігадовага Віцю Жалабковіча, які выжыў, праляжаўшы пад целам забітай маці, пакуль фашысты не пакінулі вёску, – і плачам; уяўляем, як людзі гарэлі зажыва ў палаючай адрыне, як яны, ашалеўшы ад болю і жуду, разбягаліся, калі змаглі напорам сваіх цел выціснуць дзверы, і як іх даганялі бязлітасныя фашысцкія кулі. Хаця не зможам мы ўявіць, адчуць і сотай долі тых пакут. Мы прывыклі да міру, прывыклі не баяцца. Але беларусы, як ніхто ў свеце, на ўзроўні генетычнай памяці ведаюць цану кожнаму спакойнаму дню.
Ідэяй берагчы мір і памятаць, якой цаной прыйшлося за яго заплаціць Беларусі, быў прасякнуты мітынг-рэквіем “Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы”, які прайшоў у мемарыяльным комплексе “Хатынь” 22 сакавіка – у дзень 75-ай гадавіны з той страшнай трагедыі.
Так, 22 сакавіка 1943 года звар’яцелыя фашысты ўварваліся ў вёску Хатынь і акружылі яе. Жыхары нічога не ведалі пра тое, што раніцай за 6 км ад Хатыні партызанамі была абстраляная аўтакалона фашыстаў і ў выніку нападу забіты нямецкі афіцэр. Фашысты вынеслі смяротны прысуд усёй вёсцы. У гэты дзень загінула 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей.
Самы вялікі і галоўны ўрок, урок не толькі для нас, але і для ўсяго свету – жыць у міры, берагчы яго – вельмі дарагі ўрок. “Ідэі звышдзяржаўнасці і перавагі нацый знаходзяць чарговых паслядоўнікаў і вядуць да новых бед. Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, што выстаяў у Вялікай Айчыннай вайне, кажам усім: “Няхай скрушны звон Хатыні гучыць і перасцерагае ад паўтору страшнай трагедыі. Няхай іх металічны плач данясецца да тых куткоў зямлі, дзе сёння забыліся пра тое, што жыццё – гэта падарунак звыш, мір – самая вялікая каштоўнасць. Мы павінны гэта помніць заўсёды!”, – гаварылася ў звароце Прэзідэнта да суайчыннікаў, тэкст якога зачытала на мітынгу Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Да падножжа трох бяроз ляглі вянкі і кветкі. Раздзяліць памяць трагедыі ў Хатынь прыехалі замежныя дэлегацыі, з’ехаліся госці з усёй Беларусі. Віцебскую вобласць прадстаўляў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённая газета “Герой працы”.
Няхай жа ўсебеларуская малітва аб міры, удзел у якой узялі кіраўнікі ўсіх традыцыйных канфесій Беларусі, даляціць да нябёсаў і паспрыяе таму, каб ні ў нашай краіне, ні наогул у свеце трагедыя, якую сімвалізуе сёння Хатынь, ніколі не паўтарылася.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *