224 трактора будут работать этой весной на шумилинских полях

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Апошнія штрыхі рамонту

Адпачывае зямля, набірае моц і сілу, каб аддзячыць добрым ураджаем. Але яго не атрымаеш без добрай апрацоўкі глебы, без якаснай сяўбы і без догляду за пасевамі. А гэтыя работы немагчыма ўявіць без тэхнікі. Яе падрыхтоўкай да пасяўной кампаніі займаліся ўсю зіму механізатары сельгаспрадпрыемстваў раёна.
“Падчас пасяўной у раёне будуць працаваць 224 трактары, у тым ліку 27 з іх – энерганасычаныя, – расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу Андрэй Мацюшчанка. – Гатоўнасць трактарнага парку складае 80%.  З 42 плугоў, што ёсць у сельгасарганізацыях, адрамантаваныя 34, з 27 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў – 18”.
Асаблівую ўвагу сёлета ўдзялілі рамонту культыватараў (іх усяго 29, даведзена да ладу 22), на якіх стрэльчатыя лапы заменены на долатападобныя. На думку інжынераў, такія культыватары будуць лепш рыхліць глебу.
У гэтым годзе на рамонт тэхнікі з абласнога бюджэту было выдзелена 50 тысяч рублёў, якія былі пераразмеркаваны паміж гаспадаркамі раёна і пайшлі ў першую чаргу на рамонт энерганасычаных трактароў.
Па тэмпах і якасці рамонту спецыялісты райсельгасхарчу выдзяляюць ААТ “Прыдзвінскі”, КУСГП “Мішневічы” і “Ульскі” – тут тэхніка падрыхтавана на 90%. На парадак на мехдвары ў Мішневічах мы звярнулі ўвагу яшчэ ў лютым: трактары, прычэпы, плугі, дыскі стаялі роўнымі радкамі. Над некаторымі трактарамі яшчэ чаравалі механізатары.
Дастойна пераймання арганізацыя рамонту тэхнікі ў “Ульскім”. З восені тут была зроблена дэфектоўка тэхнікі, складзены графік рамонту. “Рамантаваліся ўсю зіму, а ў лютым – узмоцненымі тэмпамі, – расказаў галоўны інжынер гаспадаркі Барыс Барысевіч. – Кожны механізатар даводзіў да ладу не толькі замацаваныя за ім агрэгаты, але і калегам дапамагаў. Культыватары, сеялкі, плугі, дыскі, трактары, агрэгаты для ўнясення мінеральных угнаенняў рамантавалі сваімі сіламі. А вось трактарныя рухавікі аддавалі на маторарамонтны завод у Віцебск. На час пасяўной у гаспадарцы будуць задзейнічаны больш за дзесяць трактароў. Да аднаго з іх трэба купіць задняе кола. А так у асноўным мы падрыхтаваліся па сяўбы, засталіся, як кажуць, апошнія штрыхі”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №22 ад 17.03.2017 г.

На фота: мехдвор у “Прыдзвінскім”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *