На прямой линии – председатель райисполкома

Актуалии Президент

Факт даверу і парадокс жыцця
“Прамая лінія” старшыні райвыканкама В. А. Падлешчука не адчувае недахопу ў пытаннях, хутчэй наадварот, людзі карыстаюцца выпадкам звярнуцца да першай асобы раёна  з набалелым і з надзеяй, што іх праблемны “вузел” развяжацца. І сам факт, што тэлефон  22 верасня ў кабінеце Вальдэмара Антонавіча практычна не змаўкаў (было звыш 30 званкоў), – пацвярджэнне даверу, якім карыстаецца ў людзей раённая ўлада.
“Прамая лінія” старшыні райвыканкама В. А. Падлешчука не адчувае недахопу ў пытаннях, хутчэй наадварот, людзі карыстаюцца выпадкам звярнуцца да першай асобы раёна  з набалелым і з надзеяй, што іх праблемны “вузел” развяжацца.
Пачнём з прыемнага: старшыня прафкама СШ № 1 Т. П. Рафальская дзякавала кіраўніцтву раёна за тое, што наладзілі годныя ўмовы працы для настаўнікаў, што школа набывае самы мадэрны выгляд. У астатнім былі просьбы.
Пераважалі пытанні бытавога і жыллёва-камунальнага характару. Я. А. Карнілава заклапочана і асабістым (не можа выпісаць у аграсервісе бульбы на зіму), і грамадскім: як старэйшына дома № 24 па вуліцы Юбілейнай, яна не можа змірыцца, што ў зіму, так можа стацца, дом увойдзе з прагнілымі вокнамі. А вось К. В. Краеўская з Мішневіч, маці трох дзяцей, хоча прыстойнае жыллё. Ні яна сама, ні муж у мясцовай гаспадарцы не працуюць, таму Вальдэмар Антонавіч падказаў самы прымальны варыянт для рашэння жыццёвай праблемы. Валакіцяць у камунгасе з падключэннем вады да дома Ж. П. Гусаковай з Шуміліна, які трэба ўжо здаваць. Праўда, жанчына і сама абрала няправільную тактыку: аплаціла за паслугу і дагавор заключаны, а абівае парогі начальніка “Водаканала”. Азадачаны пытаннем дырэктар УП ЖКГ В. А. Коўзан. Маладая цырульніца хоча мець у Шуміліне свой, няхай на першым часе і сціплы вугал. Два званкі былі па навядзенню парадку на Крупчанскіх могілках. Старыя і высахлыя дрэвы могуць нарабіць бяды, ды і помнік з-за іх ніяк не паставіць. В. А. Падляшчук узяў праблему на карандаш, паабяцаў: да 1 кастрычніка камунгас будзе займацца падрыхтоўкай да зімы, а там возьмецца і за дрэвы. Няма зубнога ўрача ў амбулаторыі мікрараёна СШ № 2, а да цэнтральнай бальніцы дабірацца і далёка, і не заўсёды там ёсць талоны.
Па стану дарогі на Грабянцы, што ў Мішневіцкім сельсавеце, баліць Л. Н. Багданавай, а М. П. Нікашыну з вёскі Мікіціха не выпісваюць за грошы збожжа (ён у свой час адмовіўся ад свайго прысядзібнага ўчастка на карысць агульнага севазвароту).
Трывожна  М. Ф. Скорынавай з Шуміліна: старая ліпа, што побач з хатай, можа нарабіць бяды. Свой боль у І. П. Белабосава з вёскі Талмачова-2 Обальскага сельсавета: дарога да населенага пункта — ні праехаць, ні прайсці. Думка старшыні райвыканкама такая: трэба, відаць, там прывесці ў парадак кюветы, хаця лепш пад’ехаць з начальнікам ДРБУ-204 і паглядзець на месцы, каб прыняць правільнае рашэнне. Тое ж і па  вуліцы Паштовай вёскі Сураўні (званок ад У. В. Пундалава), акрамя гэтага была просьба павесіць ліхтар побач  з яго домам, на краі вёскі. Вельмі неабачліва паступілі ў камунгасе, што не закапалі ў пару траншэю пасля замены труб цеплатрасы ў аграгарадку Слабада. Т. А. Шкулава, якая тэлефанавала кіраўніку раёна, паскардзілася: пераходных масткоў да пад’ездаў не паклалі, не паклапаціліся пра здароўе людзей. Траншэя ад дажджоў абрываецца, жанчына нядаўна ўпала ў гэтую траншэю.
Як працяг гаворкі — пра дарогі і тратуары. Даўно просіцца тратуар у Шуміліне ад павароту з Сіпко на вуліцу Маладзёжную і да СШ № 2. Даводзіцца ісці і дзецям, і дарослым па праезнай частцы. Або па асфальтаванню вуліц Свабоды (у раёне дзіцячага сада № 2) і паўз дамоў па Юбілейнай у бок грыль-бара. Асфальт з’явіцца, толькі спачатку трэба разабрацца з водаправодам. В. М. Вярко з Шуміліна просіць: трэба пакласці тратуар па вуліцы Ленінскай аж да “Вітконпрадукта”. Хочацца А. П. Арэшчанка мець побач з домам № 70, што па вуліцы Сіпко ў Шуміліне, асфальтавую пляцоўку і тратуар. Або вось званок ад Р. І. Шах, якая абураецца: у пад’ездах дамоў матляюцца шматкі ад безлічы аб’яў — гэта псуе выгляд горада. Згодзен В. А. Падляшчук — праблема, хаця яна мае і маштабны характар. Трэба даручыць камунгасу вырабіць для пачатку некалькі дошак для вывешвання аб’яў.
Наогул, званкоў з райцэнтра было шмат, і гэта нягледзячы на тое, што ў яго добраўпарадкаванне ў апошнія гады ўкладваюцца немалыя сродкі. Парадокс жыцця: чым большы клопат, тым вышэйшая “планка”  ў людзей па тым, каб як мага хутчэй горад наш стаў дагледжаным і прыгожым.
У газетны артыкул увайшлі не ўсе званкі, галоўнае, што ўсе яны будуць разгледжаны на раённым узроўні. Адразу ж пасля “прамой лініі” старшыня райвыканкама азадачыў праблемамі, якія непакояць людзей, дырэктара УП ЖКГ В. А. Коўзана, іншых зацікаўленых асоб.
Паралельна з  “прамой лініяй” В. А. Падляшчук вёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях.
Мікалай МАРОЗ.

Опубликовано в №74 от 24.09.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *