Семинар идеологов Шумилинского орайона прошёл в «Белгосстархе»

Актуалии Новости Общество

Вучыцца ніколі не позна
Семінар ідэалагічнага актыву раёна прайшоў на базе Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Шумілінскім раёне.
Адкрыла семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская, якая пасля ўступнага слова папрасіла  ідэолага Прадстаўніцтва Г. Ф. Кошалеву спыніцца на гісторыі арганізацыі, падзяліцца напрацоўкамі ідэалагічнага характару. Галіна Фларыянаўна расказала пра тое, як нараджаўся Белдзяржстрах, як мацнеў, адкрываючы для страхавальнікаў усё новыя віды паслуг.  Зараз   тут можна атрымаць “Зялёную карту” і застрахаваць ад няшчасных выпадкаў і захворванняў, жанчынам – сваё рэпрадуктыўнае здароўе, застрахаваць віну перад суседзямі знізу ў шматкватэрным жылым доме, ад падтаплення падчас паводкі і многае іншае.
У арганізацыі вырашана (згодна з калектыўнай дамовай) 2% ад фонду зарплаты адводзіць на арганізацыю культурна-масавых мерапрыемстваў, дзякуючы чаму страхавыя работнікі выязджаюць на канцэрты фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, наладжваць свой вольны час. Знаходзіць кіраўніцтва арганізацыі магчымасць падтрымаць матэрыяльна сваіх ветэранаў, выдаюць пуцёўкі на   базы адпачынку, заахвочваюць работніка іншым чынам.
Галоўны спецыяліст аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. А. Емяльянаў засяродзіў увагу прысутных  на пытаннях арганізацыі работы па выкананні патрабаванняў Дырэктывы № 1 і Дырэктывы № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што датычацца ўмацавання працоўнай дысцыпліны, эканоміі і беражлівасці – як  фактараў эканамічнай бяспекі дзяржавы. Пытанні актуальныя і зараз, хаця пасля выхаду дырэктыў мінула адпаведна дзевяць і шэсць гадоў. Сапраўднае няшчасце для грамадства – п’янства і алкагалізм,  вельмі турбуе той факт, што на рабочых месцах па-ранейшаму п’юць гарэлку, нягледзячы на сур’ёзныя карныя меры. За мінулы год за распіццё моцных напояў звольнены з работы ў раёне 50 чалавек, звыш 130 атрымалі штрафы па лініі РАУС, з імі складзена гутарка аб недапушчэнні  падобных фактаў.
Аб пажарнай бяспецы расказала супрацоўніца РАНС Л. А. Лінкевіч. Увазе                 ідэолагаў была  прапанавана інфармацыя аб нядаўнім пажары ў в. Бараноўскія, калі загінула жанчына, наогул аб пажарнай бяспецы, у тым ліку і ў час падпалаў сухой травы, што рабіць катэгарычна забаронена (штраф  за такое свавольства – ад 10 да 50 базавых велічынь). Да месца будзе тут такая вось статыстыка: за 2012 год па Беларусі з-за падпалу сухой травы адбыўся 51 пажар, 7 чалавек загінулі. Асаблівы клопат – пра  дзяцей: нельга дапускаць, каб яны гулялі з запалкамі, у час паводкі   каталіся на крыгах.
Пра выкананне патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб рабоце з адыходамі” і беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў расказала галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  І. Г. Блізнец. На мерапрыемствах па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі   спынілася  памочнік эпідэміёлага РЦГЭ М. Ф. Аляксеенка.
Блок пытанняў, якія датычыліся святкавання Дня Перамогі, увагі да ветэранаў вайны і працы,  разгледзелі  начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая, старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава.
Тэму ўтрымання і захавання помнікаў, памятных мясцін і воінскіх пахаванняў абрала для выступлення галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л. В. Шаўцова. Людміла Васільеўна расказала таксама пра работу інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама падчас іх сустрэч з працоўнымі калектывамі раёна. А галоўны спецыяліст аддзела па ідэалагічнай рабоце А. У. Мазанкоў правёў аналіз падпіскі на перыядычныя выданні.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *