СПИД. История из жизни

Здоровье Общество

СНІД. Тэрыторыя свядомасці
Усе баяцца смерці. Інстынкт самазахавання, бадай, самы моцны ў нашай чалавечай прыродзе. Мы баімся трапіць пад машыну, баімся цёмных завулкаў і вайны. Яшчэ баімся СНІДу, завочна, праўда, але баімся. На падсвядомым узроўні стараемся адмежавацца ад любой непрыемнай інфармацыі, адсунуць яе далей, у самы цёмны завулак нашай свядомасці. Не, мы, канечне, ведаем і спосабы перадачы хваробы, і меры засцярогі, і маштабы трагедыі. Але тэарэтычна, не прымаючы да сэрца і асабліва не ўдумваючыся. Гэтая пачвара, безумоўна, існуе, але недзе, ну, вельмі далёка. Існуюць жа папуасы, акіян і  зарплата ў пяць тысяч даляраў.
Там жа, недзе далёка, амаль на іншай планеце, нехта прыдумвае лекі, вучыцца жыць з дыягназам, жыць побач з хворымі людзьмі. Мы глухія ў гэтым сэнсе. І прафілактычная работа ў нас арганізавана, і лекцыі чытаюцца, і акцыі наладжваюцца, і плакаты рэгулярна вывешваюцца, але прадукт у выніку атрымліваецца нейкі штучны.
Да тэлефанаванняў сваёй сястрычкі я прывыкла. Яе “цікавае” становішча  даравала ёй любыя вольнасці. Паскардзіцца-параіцца яна званіла нават ноччу. І раніцай, і ў абед, і яшчэ разоў дваццаць. Мы абавязкова павінны былі абмеркаваць яе гемаглабін і тое, пра што ж думае яе будучае дзіця, маючы 8-9 тыдняў ад зачацця. Жанчынам няма патрэбы расказваць, на якія метамарфозы здольная цяжарнасць.
І калі дысплей тэлефона ў чарговы раз высвеціў “сястрычка”, я і не падазравала, што гэта будзе, бадай, самае страшнае тэлефанаванне ў маім жыцці. “У мяне станоўчы аналіз на ВІЧ”, — разабраць штосьці яшчэ за галашэннямі было нельга. Перадаць словамі, што я адчула ў гэты момант, цяжка, немагчыма. Не было ні слёз, ні спачуванняў, ні думак у галаве – толькі аняменне, душэўны параліч і дзікае адчуванне поўнай безнадзейнасці і бездапаможнасці.
Спатрэбілася багата часу для таго, каб усвядоміць, што, магчыма, адбылася памылка, бо перад тым, як “замахнуцца” на патомства, сястра з мужам прайшлі поўнае медыцынскае абследаванне, у тым ліку і на ВІЧ.
Гэта потым высветлілася, што менавіта на гэтым этапе цяжарнасці аналіз крыві можа паказаць гэту страшную памылку.
Вы ўжо здагадаліся, што ўсё скончылася добра. Мой абсалютна здаровы пляменнік ужо бегае ў дзіцячы сад, а сястра забылася на гэту гісторыю. Ды і я не ўспомніла б, каб не 1 снежня…
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №92 ад 29.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *