23 июня Шумилинский район праздновал день своего освобождения от фашистской чумы

Актуалии Общество

Да дня вызвалення Шумілінскага раёна: “Тут на роднай мове салавей спявае”
Глыбокім патрыятызмам, узнёслым смуткам і ў той жа час вялікай радасцю было напоўнена мерапрыемства з нагоды 72-ой гадавіны з дня вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзь, ветэраны працы сабраліся ўчора ў раённай бібліятэцы, бо такі памятны дзень не можа быць не адзначаны хвілінай маўчання, словамі ўдзячнасці вызваліцелям, абяцаннямі мацаваць мір і стабільнасць сваёй краіны. Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзяла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Сёння сучаснік, рэтраспектыўна азіраючыся назад, з цяжкасцю можа нават уявіць тыя нечалавечыя выпрабаванні, што выпалі на долю нашых дзядуляў і бабуль. Здаецца, вось яна – Шуміліншчына! Тое ж неба, тыя ж лясы, азёры і салаўі. Як усвядоміць, што некалі нехта ўсур’ёз намерыўся адабраць усё гэта – у іх… і ў нас?
Мы даўно прывыклі не баяцца, нас мацуе і аб’ядноўвае пачуццё глыбокай удзячнасці да вызваліцеляў, памяць, якая – у крыві. Памятаць пра подзвігі нашых герояў, арыентавацца ў датах і лічбах, ведаць, пра што расказаць сыну, прывёўшы яго на брацкія могілкі, – абавязак кожнага з нас. Асабліва, калі справа тычыцца нашай малой радзімы, нашай Шуміліншчыны.
Дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова яшчэ раз нагадала прысутным пра дзейнасць на тэрыторыі нашага раёна Сіроцінскай партызанскай брыгады. Пра тое, як аднаўляўся раён пасля вайны, пра свой уклад у развіццё Шумілінскага раёна расказала былы малалетні вязень М. А. Кавалёва.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава звярнула асаблівую ўвагу на важнасць патрыятычнай работы з моладдзю, пераемнасці пакаленняў. Паведаміла, што сёння сярод нас засталіся ўсяго 23 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, таксама займаюцца патрыятычнай работай.
Член ветэранскай арганізацыі А. Л. Казлоўская ўручыла І. І. Шалахавай карту Шуміліна, вышытую ўласнымі рукамі. Ірына Іванаўна палічыла, што такі экспанат павінен захоўвацца ў музеі.
“Самае вялікае багацце нашага раёна – людзі”, – звярнулася да прысутных І. І. Шалахава. Ірына Іванаўна заўважыла, што пра Шуміліншчыну не толькі ў рэспубліцы, але і ў свеце ведаюць, дзякуючы нашым музыкантам, спартсменам, таленавітым дзецям. Яна пажадала ўсім нам працоўных подзвігаў у імя працвітання раёна.
Дзень вызвалення раёна – наша асабістая дата, блізкая і шчымлівая, дарагая кожнаму. Такія мерапрыемствы вельмі важныя для ўсведамлення шчасця жыць, радасці працаваць, кахаць, разам спяваць любімыя песні. Праз шчырую любоў і радасць за свабоду роднага кавалка зямлі лёгка трансліраваць гэтыя высакародныя пачуцці да ўсёй краіны – непераможнай светлай Беларусі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №49 ад 24.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *