“Зялёнага святла” зычыць начальнік станцыі Шуміліна

Актуалии Общество

“Зялёнага святла” зычыць начальнік станцыі
Напярэдадні Дня чыгуначніка мы сустрэліся і пагутарылі з начальнікам чыгуначнай станцыі Шуміліна Анатолем Уладзіміравічам Атрошчанкам.
–  Анатоль Уладзіміравіч, сёлета споўнілася 25 гадоў, як вы ўзначальваеце ў Шуміліне чыгуначную станцыю. Што змянілася з таго часу?
–  Змянілася літаральна ўсё. Мы ўжо і забыліся пра паравы кран і пульт-табло.  Чыгуначны вакзал памяняў сваё знешняе і ўнутранае аблічча. У зале чакання зроблены капітальны рамонт. Праведзены работы па навядзенні парадку на тэрыторыі станцыі. У гэтым годзе закончылі рамонт у дзяжурным памяшканні, тут устанавілі новае чэшскае абсталяванне, дзевяць камп’ютараў, у кожнага з якіх свае функцыі.  Значна прасцей стала працаваць дзяжурнаму. Да прыкладу, ён можа бачыць, дзе пачынае награвацца букса. Такім чынам  нашы работнікі могуць прадухіліць надзвычайныя здарэнні.
Нядаўна на нашай станцыі стаў прыпыняцца калінінградскі цягнік.  Для зручнасці мяркуем зрабіць з абодвух бакоў чыгуначнага вакзала аварыйныя выхады. У планах – заасфальтаваць прывакзальную пляцоўку і перавесці кацельню на прыродны газ.
– А што ўяўляе сабой калектыў станцыі Шуміліна?
–  На станцыі працуе 12 чалавек. Гэта прафесіяналы сваёй справы. У нас пяць дзяжурных, чатыры касіры, два прыёмаздатчыкі. Калектыў вельмі дружны, адданы сваёй справе. Выдзеліць кагосьці асобна – гэта значыць пакрыўдзіць. Усе дастойныя ўхвальнага слова, усе працуюць добра. Мы з году ў год выконваем даведзеныя заданні па грузаперавозках. А  за 12 гадзін праз станцыю праходзяць больш за сорак грузавых цягнікоў.
–  А што і куды ў іх перавозяць?
– Нафту, вугаль, цэмент, лес, тэхніку, зерне, тэхніку, розныя будаўнічыя матэрыялы, тэхніку. Напрыклад, МАЗы ідуць на Прыбалтыку, лес – у Кітай і Румынію, Польшчу, Літву, Латвію. Увогуле ад Шумілінскага лясгасу абарот вагонаў складае тры-чатыры за суткі. Для ПМК-70 па чыгунцы прывозяць блокі, цэглу, цэмент, для сельгасарганізацый – мінеральныя ўгнаенні. Увогуле за суткі праз нашу станцыю праходзяць больш за паўсотню грузавых цягнікоў.
– А як наконт пасажырскіх?
–  Іх таксама хапае: 14 дызеляў і 10 пасажырскіх цягнікоў за суткі. У будні перавозім паўтары тысячы пасажыраў, значна больш – у выхадныя. Акрамя блізляжачых населеных пунктаў, шумілінцы ездзяць у Брэст, Маскву, Калінінград, Санкт-Пецярбург. У студэнтаў карыстаецца асаблівай папулярнасцю цягнік на Мінск – танна і зручна.
– А дзе можна вывучыцца на чыгуначніка?
–  У Оршы і Брэсце – у каледжах, у Гомелі – ва ўніверсітэце, у Мінску – у ліцэі. Але ж каб быць чыгуначнікам, трэба прызванне. А ўвогуле за апошнія 25 гадоў на чыгуначнікаў вывучыліся толькі з дзясятак шумілінскіх хлопцаў і дзяўчат.
– Што пажадаеце сваім калегам напярэдадні свята?
– Дабрабыту, здароўя, сямейнага шчасця, ну і , вядома, “зялёнага святла”.
Гутарыла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана  ў  №58  ад 01.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *