Житель деревни Андреевка Виктор Павлович Богатырёв рассказывает о блокаде Ленинграда и 125 граммах хлеба

Актуалии

Смак ваеннага хлеба
У памяці тых, хто перажыў блакаду Ленінграда, назаўсёды засталася лічба  125 – столькі грамаў хлеба выдавалі чалавеку на суткі. “Ды яго толькі ўмоўна можна было назваць хлебам: ні смаку, пі паху, – успамінае Віктар Паўлавіч Багатыроў з вёскі Андрэеўка Мішневіцкага сельсавета. – Я добра памятаю гэты шэры кавалачак дзённага пайка. Есці вельмі хацелася, здавалася, калі б далі цэлую буханку – умомант бы праглынуў”.
Сям’я Багатыровых жыла тады ў Ленінградзе. Бацька Віктара Паўлавіча працаваў на адным з заводаў,  і яго разам з іншымі спецыялістамі эвакуіравалі ў Ніжні Тагіл – там на ваенна-авіяцыйным заводзе патрэбны былі рабочыя рукі. “Маці са мной і старэйшым братам засталася ў Ленінградзе,  – кажа мужчына. – Помню, яна неаднойчы пашкадавала, што мы тады не паспелі паехаць да бабулі ў вёску. Але  ж хто ведаў, што блакада Ленінграда будзе доўжыцца амаль 900 дзён і начэй”.
У памяці малога Віктара на ўсё жыццё адклаліся голад, холад, смерць, бамбёжкі, адчай людзей блакаднага Ленінграда. “Мы жылі ў кватэры шматпавярховага дома, – згадвае мужчына. – Газ, электрычнасць і ацяпленне былі адключаны. Не помню, адкуль маці прынесла невялічкую печку – буржуйку. Каб хоць неяк сагрэцца, мы перасяліліся ў адзін пакой, а буржуйку палілі кнігамі і рыззём. Але гэтага было мала. Тады маці ўзяла сякеру і на дровы пайшлі шафа, камода, стол. У кватэры засталіся толькі ложкі, на якіх мы спалі”.
Сям’і Багатыровых пашанцавала ў тым плане, што дом  быў размешчаны побач з Нявой, і ў любы час можна было набраць вады. Але ёю сыты не будзеш. І маці, каб пракарміць дзяцей, хадзіла на нейтральную зону, адкуль прыносіла замёрзлыя буракі і капусту – іх варылі і елі. Віктар Паўлавіч помніць, як дадавалі ў гэты гароднінны суп па жменьцы круп, якіх выдавалі адзін раз у месяц і якіх хапала толькі на тыдзень.
“Бамбёжкі, жорсткія баі на подступах да горада – усё гэта блакадны Ленінград, – кажа В. П. Багатыроў. – У час вайны тут загінула больш за мільён чалавек. Ад голаду людзі страчвалі прытомнасць прама на вуліцы, на лесвічных пляцоўках пад’ездаў. А іншыя ад бяссілля не маглі і рукі падаць. Дапаможаш – упадзеш сам. Лічу за шчасце, за падарунак лёсу, што мы выжылі”.
Пасля Вялікай Айчыннай сям’я  Багатыровых пераехала на Шуміліншчыну, тут у вёсцы Барсучына жыў дзядуля Віктара Паўлавіча. Ён набыў карову і паклікаў сынаву сям’ю да сябе. “З каровай выжывем!” – сказаў ён.
Потым сям’я пабудавала дом у Андрэеўцы, дзе Віктар Паўлавіч жыве і зараз. Ён, як і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, з асаблівай радасцю сустракае 70-ю гадавіну Перамогі і ў каторы раз кажа: “Галоўнае, каб на зямлі быў мір, каб ні ўнукам, ні праўнукам нашым не прыйшлося галадаць і зведаць смак 125 грамаў ваеннага хлеба”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №35 ад 08.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *