Общество и алкоголизм – выход только через возрождение духовности. Интервью настоятелем шумилинского костёла Анжеем Юхневичем

Общество

Выйсце ёсць толькі праз адраджэнне духоўнасці
Алкагалізм – хвароба страшная і каварная. Ніякая іншая чума, прэтэндуючы  выключна на цела, не здатная забраць у палон душу чалавека, растаптаць яго гонар, спапяліць любоў да блізкіх, вывернуць навыварат  усе магчымыя агульначалавечыя каштоўнасці. Душа першай трапляе ў залежнасць, а затым ужо і цела. Не вылечыўшы душу, аздараўляць цела – бессэнсоўна. Менавіта на гэтую тэму мы гутарым з маладым пробашчам парафіі Маці Божай Фацімскай айцом Анджэем Юхневічам.
– На Вашу думку, чаму людзі на Шуміліншчыне так многа п’юць?
– Я бачу, што найчасцей закранутыя гэтым злом у нашых сем’ях мужчыны. А ўжо працягваецца тым, што і жонка “падсядае”, і пачынаецца такое сямейнае алкагалічнае спажыванне.
Мне здаецца, першая прычына ў тым, што чалавек не адроджаны духоўна. Шмат гадоў нашы землі былі атэізаваныя і чалавек стаў пусты. І гэтую пустату няма чым запоўніць, духоўную пустату. І менавіта такім чынам, праз спіртное, чалавек стараецца стварыць сабе хаця б нейкую ілюзію паўнаты духоўнай. Але гэта немагчыма. Духоўнасць – гэта чалавечая справа. І калі няма гэтага ў чалавеку, то ён становіцца плоскі і імкнецца гарэлкай заспакоіць нейкую хвілінную патрэбу. Гэта адбываецца, нягледзячы на веравызнанне ці статус грамадскі.
– А што рабіць? Што рабіць бацькам, каб іх  дзіця не пачало выпіваць? Што рабіць жонкам, калі яны заўважаюць, што муж пачаў прыкладвацца да чаркі?
– Калі юнакі і дзяўчаты трапляюць у асяроддзе, дзе спажываецца алкаголь, лёгка паддаюцца гэтаму ўплыву, то тут заўжды паўстае пытанне пра сямейнае наваколле: на колькі для дадзенага маладога чалавека цікавае жыццё сваёй сям’і, ці прыдумвалі бацькі  нешта такое, каб дзіцё было зацікаўлена прыйсці дадому, каб дома яму было спакойна. Напрыклад, хоць бы тыя ж святы Божага Нараджэння ці Вялікадня. Гэта заўжды звязана з нейкімі падарункамі, цікавымі справамі, праўда ж? Гэта намаганні для бацькоў, клопат, але калі жыццё сямейнае цікавае, то малады чалавек ніколі не будзе пацягнуты настолькі, каб адысці ў алкаголь ці курэнне ці нешта падобнае. Тут прычына.
У абставінах, калі  муж пачынае піць? Ну, тут вельмі складаныя прычыны могуць быць, таму я адназначна не адкажу. Можа быць, што чалавек не адчувае сябе адказным у доме (а мужчына абавязкова павінен адчуваць сябе адказным), то ён шукае сродкі, каб дасягнуць мэту найкарацейшым шляхам. Гэта спецыфічна для мужчын. Тут духоўнасць цесна пераплецена з псіхалогіяй. Калі жанчына кажа: “Ладна, я ўсё зраблю сама”, – тады мужчына кажа: “Супер. Я іду на канапу глядзець тэлек, а ты працуй сабе колькі хочаш”. Жанчынам карысна будзе памятаць, што нельга рабіць за мужчыну ягоную працу. І пачынаецца гэта ўжо ў маладым узросце, калі, напрыклад, трэба, скажам, адкрыць слоік, стаіць побач хлопец, а дзяўчына сама будзе калупаць гэты слоік. Дай хлопцу, няхай адчуе сябе мужчынам.
Іншая справа, калі ў мужчыны ёсць праблема, якую ён не можа вырашыць. Жанчына яму не дапаможа, бо яна не тая, хто мусіць  дапамагаць. Ён павінен справіцца самастойна, але не маючы адпаведных прыкладаў, уцякае ў такі спосаб, у бутэльку.
– Ці магчыма нешта з гэтым зрабіць?
– Я мару, каб арганізавалася ў нас так званае кола ананімных алкаголікаў або ДДА – дарослыя дзеці алкаголікаў. Гэта такія згуртаванні людзей: прыходжу, бо хачу. Яны мусяць дзяліцца сваімі клопатамі, а тыя, хто ўжо выйшаў з алкагольнай залежнасці, будуць дапамагаць, бо яны ўжо прайшлі гэты шлях. Мая мара, каб стварылася штосьці такое.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 23.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *