третья спартакиада трудных подростков прошла в райцентре

Молодёжь Общество Спорт

Падлеткі на пад’ём лёгкія

На мінулым тыдні спартакіяда ў трэці раз сабрала цяжкіх падлеткаў на спаборніцтвы. Спартыўны фэст прайшоў на гарадскім стадыёне ў Шуміліне. За перамогу змагаліся 12 каманд.
На адкрыцці спартыўнага мерапрыемства намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч і старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх А. У. Пушкароў адзначылі добрыя вынікі мінулагодняй спартакіяды і выказалі ўпэўненасць, што спартакіяда стане не толькі  традыцыйным, а яркім і папулярным мерапрыемствам. Усе выступаючыя пажадалі ўдзельнікам удачы і яркіх спартыўных перамог.
Адкрыла спартакіяду падлеткаў лёгкаатлетычная эстафета, якая прайшла ў бескампраміснай відовішчнай барацьбе. Трэба адзначыць добрую падрыхтоўку ўсіх каманд. Як адзначалі многія настаўнікі, вучні пасля мінулай спартакіяды яшчэ з большым жаданнем рыхтаваліся да сёлетніх стартаў. Па выніках эстафеты прызавая тройка наступная: першае месца – СШ №2, другое – Слабадская школа, трэцяе – Лаўжанская.
Галоўны старт на спартакіядзе – спартыўна-прыкладное мнагабор’е, якое ўключала ў сябе комплекс сілавых практыкаванняў і кіданне гранаты. З першых хвілін – сапраўдная спартыўная барацьба. Сілавыя здольнасці ацэньвалі А. У. Пушкароў і Л. А. Грузневіч.  У спартыўна-прыкладным мнагабор’і лепшыя вынікі ў каманд з СШ №2, Лаўжанскай і Мікіціхінскай школ.
Як заўсёды, упрыгожаннем спартландыі стаў турнір па перацягванню каната. Самыя моцныя спартсмены ў СШ №2 (першае месца), у Лаўжанскай школы (другое месца) і ў Мішкавіцкай (трэцяе).
Па выніках спартакіяды агульнакамандную перамогу святкавалі хлопцы з СШ № 2 (Уладзіслаў Шалабнёў, Яўген Баравікоў, Уладзіслаў Лялюга, Віктар Кавалеўскі і Уладзімір Канстанцінаў), другое месца ў каманды Лаўжанскай школы, трэцяе – у вучняў Башнёўскай СШ.
“Леташняя перамога падштурхнула хлопцаў для больш упартых трэніровак, – патлумачыў выступленне сваёй каманды настаўнік фізкультуры СШ №2 А. В. Навуменка. – Дзеці настойліва трэніраваліся, каб даказаць, што іх перамога не была выпадковай”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Опубликовано в №75 от 28.09.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *