Председатель Шумилинского райисполкома В. П. Куренной провёл «прямую линию» и приём граждан

Актуалии Президент

“Калі я магу, я павінен дапамагаць людзям”
27 красавіка старшыня райвыканкама У. П. Куранны правёў “прамую лінію” і прыём грамадзян.
Гэтым суботнім красавіцкім ранкам людзей больш за ўсё хвалявала тэма вады. З вёскі Навікі да кіраўніка раёна ад імя ўсіх жыхароў вёскі звярнуліся Р. В. Садоўская і В. Л. Баканаў: “Два тыдні ў вёсцы няма вады, дапамажыце!”
Начальнік УП ЖКГ І. К. Штуро далажыў старшыні райвыканкама, што камунгас ведае і выпраўляе сітуацыю, што помпу ў Навіках ужо замянілі і праблема будзе вырашана.
Адразу некалькі жыхароў вуліцы Юбілейнай, што ў райцэнтры (Л. А. Палякова і Т. М. Пяткоўская – дом 77; Я. Я. Пальвінскі і Т. А. Канстанцінава – дом 22), скардзіліся, што з кранаў не цячэ гарачая вада. Між тым, гарачая вада сёння не раскоша, а неабходнасць, тым больш, што плату за яе камунгас бярэ спраўна.
І. К. Штуро паведаміў, што зараз ідзе рамонт катла, пасля чаго гарачая вада не прымусіць сябе чакаць. Так гэта будзе ці не, і наогул аб тым, што зроблена па выкананні зваротаў, кіраўнік раёна папрасіў жыхароў, якія звярнуліся да яго, паведаміць 1 чэрвеня на прыёмную райвыканкама (4-10-45).
Але, думаецца, гэтую дату камунгас не будзе чакаць, каб выканаць просьбу М. М. Грынчук з дома № 39 па вуліцы Сіпко ў Шуміліне: завезці пясок у пясочніцу. Жыхары гэтага дома вельмі адказныя, любяць свой двор, самі шмат робяць, каб там было прыгожа і ўтульна і іх крыўдзіць, што камунгас ніколі з першага разу не адгукаецца на іх просьбы.
Уважліва выслухаў старшыня райвыканкама і жыхарку райцэнтра Н. Ф. Якаўлеву, якая звярнулася з просьбай абсталяваць аўтобусны прыпынак каля пракуратуры, каб зручна было дабірацца з рынку. Але адказаць станоўча на гэтае пытанне наўрад ці магчыма, бо перакрыжаванне Сіпко-Лескавіцкая-Суворава вельмі складанае, і тут апошняе слова за спецыялістамі.
Для вырашэння надзённай праблемы па рамонту даху звярнуўся А. А. Сарсадскіх з Крывога Сяла. Дом калгасны, таму пытанне адрасавана дырэктару ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаву.
Не першы раз звяртаюцца ў райвыканкам жыхары райцэнтра па зносу былой пральні каля дзіцячага сада № 2. На гэты раз званіла В. Р. Марудзька з д. № 47 па вул. Юбілейнай: будынак зусім разваліўся, ён псуе выгляд райцэнтра, там антысанітарыя, а побач дзіцячы сад…
У. П. Куранны пагадзіўся, што будынак трэба знасіць, але гэта павінен зрабіць прыватнік, які валодае ім, у гэтым накірунку райвыканкам прымае неабходныя меры.
С. П. Лабачоў прыйшоў да кіраўніка раёна прасіць за маці, якая жыве ў доме №1 па вуліцы Сіпко: вада затапіла агарод, ёй некуды выцякаць, бо пашкоджаны трубапераезд на  вуліцы Маякоўскага, побач з якой знаходзіцца дом.
У. П. Куранны паведаміў, што 8 вуліц у райцэнтры (у тым ліку і Маякоўскага) ўмацавалі, падсыпалі шчэбенем. Уладзімір Пятровіч даў заданне праінвентарызаваць  і паправіць трубапераезды на гэтых вуліцах. У той жа час старшыня райвыканкама зрабіў папрок і наведвальніку: чаму на матчынай сядзібе ляжыць агароджа, хіба гэта да твару сыну?
Сказаць у адказ было няма чаго, хіба толькі пажартаваць: “Калі б я раней падняў тую агароджу, хіба б хто заўважыў?”
Наогул, старшыня райвыканкама пераканы, што кожны чалавек, які сутыкнуўся з праблемай, мае права разлічваць на дапамогу ўлады. Але ж і сам чалавек павінен клапаціцца пра сябе, сваю сям’ю, свой дом, не быць утрыманцам. У ходзе “прамой лініі” ён расказаў, як на вуліцы яму зрабіла заўвагу незнаёмая жанчына: “Не там ходзіце, лепш пахадзіце за чыгункай”.
Паходзім, запэўніў ён, у маі-чэрвені рабочыя групы райвыканкама зробяць падворны абход мікрараёна за чыгункай, прыйдуць на кожную вуліцу, у кожны дом, паглядзяць, як і чым жывуць людзі.
Адзіны візіт, які выбіваўся з агульнага кантэксту, бо людзі прыйшлі не прасіць, а прапаноўваць сваю дапамогу, нанеслі ў гэты дзень госці з Нідэрландаў. Дакладней, нашы даўнія знаёмыя, сябры – Берт Осцінг, Вільям Эпінга, Фрыц ван Эйк са знаёмага ўжо нам горада Зюйдвольдзе. Яны і іншыя галандскія валанцёры нямала зрабілі для нашага раёна, іх добрыя справы засталіся і ў раённай гімназіі, і ў Обальскай школе, і ў раённай бальніцы, і ў Мішневіцкім аддзяленні кругласутачнага прабывання састарэлых грамадзян. Нехта спытае: навошта гэта ім? А яны жывуць перакананнем: “Калі я магу, я павінен дапамагаць людзям”. І ў гэтым плане яны падзяліліся сваім назіраннем, што беларускі прыватны бізнэс не вельмі схільны да дабрачыннасці, што пачуццю суперажывання, адказнасці за іншага, а таксама прадпрымальніцтву трэба вучыць з маленства. Як вучыць, аб гэтым і ішла размова. Прадстаўнікі Нідэрландаў прапанавалі свой праект, які яны маюць намер ажыццявіць разам з раённай гімназіяй пры падтрымцы раённай улады.
Да гэтага праекта раённая газета вернецца крыху пазней. А пакуль старшыня райвыканкама У. П. Куранны падзякаваў галандскім сябрам за дапамогу, расказаў пра развіццё Шумілінскага раёна, запрасіў наведаць адноўлены Обальскі музей камсамольскай славы.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *