Репортаж о праздновании Дня Победы в Шумилинском районе

Актуалии Общество

Пайшоў 69-ты год мірнага жыцця!
Мір. Ён патрэбны нам, як раніца, як летні цёплы дождж, як паветра… Не, мы не задумваемся над важнасцю ўсяго гэтага штодня, але адымі ў нас хаця б нешта адно – і не стане жыцця.
Мір. Мы цэнім яго кожнай клетачкай, кожнай думкай, кожным уздыхам, бо па нашых венах цячэ кроў вызваліцеляў, абаронцаў міру, вартаўнікоў нашай памяці. Прайшло шмат год. Дастаткова для таго, каб спакойна спаць, кахаць і марыць, але зусім мала –  адно імгненне – каб забыцца. Ёсць дні, калі генетычная памяць народа вызваляе, выпускае на волю ўсё, што беражліва захоўвае, абараняе. І тады, здаецца, і ты чуеш свіст куль, страшныя выбухі, выразна бачыш слёзы маці, якая не дачакалася сына, салдата, які памірае ад цяжкога ранення. Гэта і ёсць усенародная памяць, усенародны смутак і боль. А яшчэ – радасць, грандыёзная, усёабдымная, жыццесцвярджальная.
9 мая ў раёне прайшлі маштабныя святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі. З самай раніцы ў горадзе гучала музыка, абвяшчаючы свята, заклікаючы ўсіх прыняць у ім удзел, развяваліся сцягі, ясна свяціла сонца. Урачыстыя мітынгі прайшлі на воінскіх пахаваннях раёна.
Самымі шматлікімі воінскімі пахаваннямі з’яўляюцца пахаванні Сіроцінскага сельсавета. Удзел ва ўрачыстых мітынгах у Тро-піне і Дворышчы прынялі раённыя ўлады.
Прыбраныя да свята вучні і настаўнікі Слабадской школы, мясцовая адміністрацыя, вяскоўцы сустракалі дэлегацыю на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай і першым намеснікам старшыні райвыканкама В. В. Родзічам на воінскіх пахаваннях у Дворышчы. Пранікнёным і вобразным быў зварот Ірыны Мікалаеўны. Яна славіла мірнае жыццё, схіляла галаву перад подзвігам нашых дзедаў. Толькі на тэрыторыі нашага раёна на 78 воінскіх могілках пахавана 10 тысяч 411 абаронцаў Радзімы. Імёны 2 217 з іх невядомыя. І. М. Новікава расказала, што за некалькі год былі ўстаноўлены імёны 225 невядомых салдат, якія пахаваныя ў Дворышчы, паабяцала, што іх прозвішчы да 3 ліпеня абавязкова будуць занесены на мемарыяльныя пліты.
Урачыста і ўзнёсла прайшоў мітынг на мемарыяльным комплексе ў Тропіне. Ірына Мікалаеўна зазначыла, што працягваюцца работы па ўзнаўленні імён загінуўшых салдат і неўзабаве на Тропінскім пахаванні з’явяцца імёны яшчэ 77 вызваліцеляў, што загінулі тут.
Прачулым было выступленне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Д. А. Дземчанкі. Дапоўніла мітынг літаратурная замалёўка, якую падрыхтавалі вучні Сіроцінскай школы.
На мемарыяльны комплекс былі ўскладзены вянкі і кветкі ад прадстаўнікоў улады, грамадскасці і мясцовых жыхароў.
А ў Шуміліне на галоўнай плошчы іграе духавы аркестр, салісты выконваюць патрыятычныя песні. Свята Перамогі традыцыйна збірае шмат народу: многія хочуць пакласці кветкі на салдацкія магілкі, прывесці да помніка дзяцей, адчуць атмасферу, якая бывае ў горадзе толькі ў гэты дзень.
На брацкіх могілках прайшоў урачысты мітынг, які адкрывае старшыня райвыканкама У. П. Куранны. “Мы глыбока шануем памяць аб загінуўшых, радуемся міру і спакою на нашай зямлі, высока цэнім свабоду і беражліва ставімся да тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу. – адзначыў Уладзімір Пятровіч. – На жаль, з кожным годам усё менш сярод нас тых, хто перажыў страшныя ваенныя гады. Але мы робім і будзем рабіць усё магчымае для таго, каб зберагчы ўсё, што яны абаранялі, адстаялі і перадалі нам, адна-віўшы пасля вайны”. Кіраўнік раёна шчыра павіншаваў усіх з Днём Перамогі.
Ветэран вайны Дзмітрый Іванавіч Бандарэнка ўпэўнены, што памяць аб вайне не старэе, што і сёння – гэта не зажываючая рана, што праз гады ўсё больш усведамляецца веліч подзвігу савецкага народа.
Выступае малады і ветэран, сённяшні ваеннаслужачы ці пяцікласнік – усе аднолькава разумеюць, чаго каштавала свабода, усе аднолькава радуюцца. У імя міру, у імя жыцця. Хвіліна маўчання – у памяць аб загінуўшых, вянкі і кветкі – да падножжа помніка, і мірныя стрэлы ў неба… Пайшоў 69 год мірнага жыцця.
Мерапрыемствы прадоўжыліся святочнымі гуляннямі ў гарадскім парку. Там ладзіўся тэатралізаваны канцэрт “Мы абавязаны вамі ганарыцца”, там жа разгарнуліся шматлікія выставы і прэзентацыі, працавалі атракцыёны, гандлёвыя рады. На сцэне – хлопцы ў салдацкіх шынялях, тут песні, што кранаюць да слёз, артысты, якія шчыра выконваюць свае ролі. Побач смяюцца, гарэзнічаюць дзеці, ляцяць у неба рознакаляровыя шары.
Выставу-прэзентацыю сваіх страў наладзіў Народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” і, як заўжды, здзівіў багаццем і арыгінальнасцю. Самабытныя майстры Дома рамёстваў гандлявалі сувенірнай прадукцыяй. У іх лаўцы можна было набыць усё: ад глінянага посуду да капелюша. Асабліва спадабаліся самым маленькім удзельнікам свята кампазіцыі з рознакаляровых шарыкаў, якія ледзь спраўляліся майстраваць спрытныя дзяўчаты.
Добра ішлі і гліняныя вырабы Обальскага керамічнага завода: ручная работа – і зусім нядорага. Гандляваў сваім таварам і раённы цэнтр дзяцей і моладзі: нехта проста любаваўся зробленым дзецьмі, іншыя тое-сёе набывалі. Работнікі бібліятэчнай сістэмы прапанавалі ўдзельнікам свята выставу кніг “Жыві і памятай”.
У парку смажыліся шашлыкі, прадавалася поліўка, гандлёвыя прадпрыемствы прапанавалі марожанае, печыва, сокі, гародніну і нават свежае мяса. На стадыёне ладзіўся футбол, а на танцпляцоўцы – гульнявая праграма для дзяцей. Вечарам парк трапіў у распараджэнні моладзі – былі танцы.
А фінішавала свята шыкоўным феерверкам: неба скалыхнулі сотні маленькіх мірных выбухаў, як сімвал міру, як абяцанне вечна памятаць, як урачыстае “дзякуй” кожнаму паўшаму салдату.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА,
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *