Про судьбу шумилинского хлеба и хлебозавода

Общество Экономика

Пра лёс шумілінскага хлеба і хлебазавода…
Даўно ходзяць у раёне чуткі пра  лёс шумілінскага хлебазавода, пра пературбацыі прадпрыемства…
Гісторыя хлебазавода бярэ пачатак з сярэдзіны 80-х гадоў 20 стагоддзя. Была ў яго  і пара росквіту, якую згадваюць некаторыя старажылы завода з настальгіяй і сумам, бо тая, як яны лічаць, прыстойная рэпутацыя завода даўно падмочана. Асабліва па якасці шумілінскага фармовачнага хлеба. Батон смачны, а чорны хлеб, як сцвярджаюць некаторыя скептыкі, ні ў якія вароты. Хаця, калі па праўдзе,  не ўсё так адназначна і проста.
Узгадваю дыялог у адным з шумілінскіх магазінаў. Адна жанчына просіць хлеб шумілінскай выпечкі. Прадавец   разводзіць рукамі: няма. “А навошта  вам шумілінскі?  – нібы апраўдваецца ён  і выкідвае “жалезны” аргумент: віцебскі вельмі смачны. Ні ў якое параўнанне з шумілінскім”. Пакупнік адмаўляецца, пакідае чаргу,  а ўслед яму скіраваны недаўменныя позіркі  прадаўцоў.
Гэты выпадак помню. Дарэчы, і самому мне шумілінскі чорны хлеб вельмі па гусце. Праўда, не кожны раз, але ніколі не пагаджуся з той думкай, што хлеб – “ні ў якія вароты”. Ён натуральны, без якіх-небудзь дабавак, з-за якіх віцебская ляпёшка  не чарсцвее, можа, і тыдзень, і два. Таму, як правіла, аддаю перавагу шумілінскай буханцы, а тым больш, калі раблю хлебны квас…
Вось такая прэлюдыя да тэмы, на якую вывелі самі  работнікі завода. Іх цікавіць далейшы лёс прадпрыемства. “Ніхто не гаворыць нам праўду, – абураецца ў тэлефоннай трубцы жанчына (яна просіць не называць яе прозвішча ў газеце). – Звальняцца, шукаць новую работу ці ўсё ж не спакушаць свой лёс? Хаця зарплата невысокая, аднак дзе ты знойдзеш у раёне больш грашавітую работу?!.”
Звязваемся  з   аддзелам прамысловасці райспажыўтаварыства (у аддзеле – два цэхі, адзін з іх па выпечцы хлебабулачных вырабаў, прасцей кажучы – хлебазавод). Начальнік аддзела В. М. Даундзяк сказаў, што завод стаіць, чакае вырашэння сваёй долі (гаворка адбылася 3 мая). Што чакае прадпрыемства, ён не ведае.
Каб праліць святло на праблему, адрасавалі некалькі пытанняў старшыні праўлення райспажыўтаварыства Л. С. Доктаравай.  Нядаўна рэдакцыя атрымала ад яе адказ, у якім паведамляецца, што за 2012 год аддзел прамысловасці райспажыўтаварыства  спрацаваў прыбыткова (прыбытак дасягнуў 224 мільёны рублёў). Праўда, цэх па разліву безалкагольных напіткаў у 2012 годзе не працаваў. Адзначана таксама, што на бягучы рамонт і рэканструкцыю вытворчых памяшканняў за апошнія тры гады было выдаткавана 225,3 мільёна рублёў. За адзначаны перыяд на хлебазаводзе асвоены шэраг новых відаў прадукцыі. З хлеба – гэта “Лучайскі”, “Сельскі”, “Іванаўскі” дыетычны, два віды батонаў, астатнія – кандытарскія вырабы. Сярод іх нямала адмысловых бісквітаў і мядовікаў, мучных прысмакаў, сухары з разынкамі, рулеты, кулічы, пернікі і інш. “Нашы вырабы карыстаюцца  попытам у насельніцтва, – паведамляецца ў адказе далей. – Адпускаецца прадукцыя і пабочным арганізацыям не толькі нашага раёна, а і вобласці. Зараз выпуск кандытарскіх вырабаў спынены ў сувязі з рамонтам печы”. Адзначана, што за 2012 год выпушчана і рэалізавана цэхам 706,3 тоны хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў.
Хацелася б усё-такі развеяць трывогу работнікаў завода па далейшым лёсе прадпрыемства. Аднак ні пра аўкцыён, ні пра рэканструкцыю печаў канкрэтных адказаў рэдакцыя не атрымала. На чым спыняцца, пакажа час.  Хочацца, каб застаўся ў  раёне свой хлебазавод, але тады трэба зрабіць так, каб сюды прыйшло сучаснае абсталяванне. Каб не лапіць прарэхі, каб выпякаўся добры хлеб. Не горшы за віцебскі. Хаця, калі шчыра, віцябчане даўно і паспяхова занялі ў Шуміліне хлебную нішу, так што вярнуць страчанае будзе надзвычай цяжка!..
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №38 ад 18.05.2013 г.



1 комментарий по теме “Про судьбу шумилинского хлеба и хлебозавода

  1. Відаць, дакаціліся…Калі дрэнь доля, то прадаваць і не думаць. Толькі хто купіць развалюху?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *