Когда будет порядок в шумилинских «гаражах»?

Общество

Да згоды не прыйшлі, і праблему “засмактала”
Усё пачалося са здымкаў. І тых, якія змяшчаем у газеце. Здымкаў,  якія не могуць пакінуць раўнадушным, бо яны – па смеццевых звалках. Але нашы  звалкі асаблівыя – “гаражныя”, яны выраслі ў гаражным масіве ў раёне ДРБУ-204 у Шуміліне.  Асабліва “не пашанцавала” тым мясцінам масіву, якія падступаюць да балотца: тут сапраўдны “рай” і для бытавога смецця (недалёка – жылы прыватны сектар), і таго, які выкідвае аўтааматар (на здымках бачна). “Трэба часцей сарамаціць нядбайнікаў. І праз газету таксама”, – раяць адны. “Важна біць рублём”, – бязлітасныя ў сваёй думцы другія. А трэція згадваюць усё ж тыя часіны, калі  ўсур’ёз загаварылі пра гаражны кааператыў…
Пагаворым трохі па гэтай тэме і мы. Першыя гаражы з’явіліся тут у 80-ыя гады. Паступова гаражнае будаўніцтва набірала моц: кожны, хто меў аўто, хацеў для яго надзейную схову. І тады, па ўсім відаць, мала турбавала раённага архітэктара тое, да чаго можа прывесці анархія і бязладдзе ў такой справе, як будаўніцтва. Будавалі там, куды, даруйце, тыцкаў палец  шумілінскага “дойліда”. У выніку нарадзілася праблема, якую  з цягам часу  засмоктвала, як балотная твань. Маем на ўвазе той парадак, а дакладней, беспарадак, які тут гаспадарыў кожную вясну (і не толькі). Патрэбны быў гаспадар, і тады прыйшлі да думкі стварыць гаражны кааператыў.
Гэта было даўно, і ініцыятыва кааператыву належала мясцовым уладам.  Патрэбна была надзейная агароджа, узнікла патрэба мець для “гаражнікаў” асобную электрападстанцыю, займець старшыню, бухгалтара, ахоўнікаў. Падлічылі, у якую капеечку гэта выльецца, і  замахалі рукамі: “Не трэба! Бо дорага, бо не выцягнем”. Тым больш, што  адзін гаражны рад быў тупіковы, астатнія скразныя, і цяжка было кантраляваць выезд аўто з гаражоў. Патрэбна было некалькі чалавек аховы. А ўсё грошы.
Аднак прыйшоў час, калі тэма гаражнага кааператыву стала ва ўвесь рост. Тады адключылі   электраэнергію, не падавалі яе ажно тры гады. Не здаліся, упартымі аказаліся людзі…
Вось такая цана памылкі. Збіралі, кажуць, і не так даўно ўласнікаў гаражоў, зноў заводзілі гаворку па той жа тэме. Але зноў не прыйшлі да згоды. “Няхай дапаможа нам трохі дзяржава, – разважаюць людзі. – Хаця б  вы-дзелілі колькі грошай, якія ідуць на добраўпарадкаванне. Каб скрануць воз з месца…”.
Аднак кааператыў  існуе выключна на ўзносах пайшчыкаў. Праўда, можна было зачапіцца за   адлічэнні ад падаткаў на зямлю пад гаражамі, пусціць энную суму на гаражныя мерапрыемствы. Гаварылі падчас сустрэчы і пра гэтыя прэферэнцыі, аднак людзі прыкінулі: нявыгадна.
У адзначаным гаражным масіве  звыш 400 уласнікаў. Цэлая армія, і калі б быў “камандзір”, з імі можна горы варочаць. А, відаць,  цягнік ужо  даў развітальны і сумны гудок. Цягнік пайшоў, а смецце застаецца. Яго многія ўладальнікі гаражоў вывозяць у патрэбнае месца. Аднак далёка не ўсе. Так было, так ёсць, але не хочацца, каб так засталося. І зараз можна   спадзявацца хіба на сумленне гаспадароў або на карныя меры, якія  можна прымяніць да нядбайных людзей.  З апошнім – горш: паспрабуй дакажы, што смецце, якое за гаражом,  выкінуў сам гаспадар, а не сусед, не з бліжэйшых дамоў раёна СШ № 2. Гэта разумелі і работнікі РЦГЭ, якія правялі  7 мая “экскурсію” ў гэтую  “гаспадарку”,  нарабілі здымкаў і далі рэкамендацыі прыбраць смецце. Без карных мер уздзеяння.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *