Озёра Шумилинского района готовы принять отдыхающих, а вот зоны отдыха — нет

Актуалии Общество

На озере Разван

Прырода нас любіць, а мы яе?..
Цяжка паспрачацца з тым, што адпачынак ля вады – самы, бадай, любімы шумілінцамі. Дзякуй богу, азёраў і рэчак у нас дастаткова.
Ёсць і спецыяльна вызначаныя месцы для адпачынку ля вады. Іх пяць. За ўсімі аб’ектамі замацаваны прадпрыемствы, што павінны іх абсталёўваць, падтрымліваць там парадак. За возера Шумілінскае адказвае УП ЖКГ, за Лескавічы – лясгас, за Круглік – ПМС, за Будавесць (на тэрыторыі летніка “Дружба”) – РВУ “Шумілінарайгаз”. Сёлета з гэтага спісу выключана возера Мошна (не купаліся там людзі), замест якога цяпер за ДРБУ-204 замацавана возера Разван. Гэта возера, дарэчы, і без таго заўжды было любімым месцам адпачынку многіх шумілінцаў: кажуць, вада там надзвычай чыстая.
Купальны сезон ужо пачаўся, таму мела рацыю праверыць, ці камфортна будзе адпачываць на берагах гэтых маляўнічых азёр.
Шумілінскае
У першую чаргу едзем на возера Шумілінскае, бо яно ў нейкай ступені з’яўляецца візітнай карткай горада. Тут яшчэ летась было шмат зроблена для таго, каб абсталяваць месца адпачынку па ўсіх правілах. Уздоўж берага размясціліся зручныя альтанкі, былі адрамантаваныя і з’явіліся новыя масткі. Можна сказаць, што ля гэтага возера створаны нядрэнныя ўмовы для адпачынку, у тым ліку і з пункту гледжання бяспекі. Усю карціну псуе адно вялізнае “але” – смецце. Далёка не ўсе з нас імкнуцца пакарыстацца тымі двума кантэйнерамі для смецця, а пакідаюць яго прама там, дзе адпачывалі. Быццам больш сюды ўжо ніколі не збіраюцца. Ці ў некага ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што нехта павінен за імі прыбіраць?
Круглік
Зусім і не круглым аказалася возера Круглік, да якога вяла дарога, поўная выпрабаванняў: не на кожным аўто пад’едзеш, асабліва пасля дажджу. Здаецца, прырода праявіла тут ўсе свае здольнасці. Ёсць поўнае ўражанне некранутасці, цнатлівасці. Нават і не хочацца ўспамінаць пра бутэлькі і рэшткі поліэтыленавай упакоўкі, што выступаюць на першы план, калі спускаешся бліжэй да вады. Тут варта будзе адзначыць, што прадпрыемства меліярацыйных сістэм займаецца прамысловай здабычай рыбы на гэтым возеры, а значыць, павінна мець асабліва трапяткое стаўленне да вадаёма. Чаго, на жаль, ніяк нельга канстатаваць. Праўда, гавораць, што ў мінулым годзе тут з’явіліся і альтанка, і лаўкі, але гора-турысты ўсё пусцілі ў касцёр. Ці то дужа змерзлі і грэліся, ці то шашлыкі смажылі – невядома, але ад канструкцый нічога не засталося. Вядома, што ні пра які туалет, кантэйнеры для смецця, інфармацыйны стэнд гаворку весці не прыходзіцца.
Лескавічы
Даўно аблюбаванае для адпачынку месца на беразе возера Лескавічы. Тут штогод ладзяцца раённыя турыстычныя злёты моладзі, тут надзвычай шматлюдна ў купальны сезон: на веласіпедах, машынах і пешшу народ ідзе сюды з Шуміліна і бліжэйшых вёсак. Умовы, якія створаны тут для адпачываючых, можна назваць добрымі. А калі работнікі лясгаса паставяць на месца туалет, які паваліла ветрам яшчэ летась, то ўсё будзе проста выдатна.
Разван
Калі прыйшлося дабірацца да возера Разван, то стала зразумела, што дарогу да Кругліка (трэсла там дужа) можна назваць камфартабельнай. Зараз да Развана нельга даехаць на машыне, таму метраў 500 прыйшлося ісці пешшу. З дарогай тут нешта абавязкова трэба рабіць, і гэта цяпер клопат дарожнікаў. Возера абсалютна не абсталявана для адпачынку: там няма нічога (а павінны быць як мінімум туалет, кантэйнеры для смецця, інфармацыйны стэнд, стаянка). Відаць, ДРБУ-204 яшчэ не звыклася са сваёй адказнасцю за гэты вадаём. Але, нягледзячы на ўсю “дзікасць”, народ дужа любіць тут адпачываць.
Будавесць
Усё па найвышэйшым разрадзе заўжды на возеры Будавесць, на тым беразе, дзе знаходзіцца дзіцячы летнік “Дружба”.  У пытаннях добраўпарадкавання гэтага ці любога іншага аб’екта работнікі райгазу, як правіла, праяўляюць грунтоўны падыход. Гэта месца адпачынку прызнана ўзорным кампетэнтнай камісіяй, якая на чале з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г. М. Кісялевічам абследавала ўсе вышэйпералічаныя аб’екты.
Невялікае падарожжа па гэтых маляўнічых мясцінах пакінула лёгкае адчуванне трывогі. Не, прадпрыемствы, безумоўна, усе свае недаробкі ліквідуюць, ім ужо прыйшлі адпаведныя прадпісанні, а што рабіць з людзьмі? А можа і не патрэбны зусім нам гэтыя спецыяльна абсталяваныя месцы для адпачынку, не дараслі мы да іх духоўна? Думаем, калі стаіць стол з лаўкамі ды яшчэ і пад дахам, то, вядома, выключна для таго, каб распіваць спіртное. А пад градусам такія дробязі, як смецце, становяцца нявартымі ўвагі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *