Соцопрос: какие проблемы в своей жизни видят шумилинцы…

Актуалии Общество

Калі б не рост цэн, дарогі, п’янства… дык усё было б добра
У маі бягучага года ідэалагічнай службай раёна было праведзена сацыялагічнае апытанне жыхароў раёна, у якім прынялі ўдзел 50 чалавек. Удзельнікі анкетавання адзначылі праблемы, якія, на іх думку, з’яўляюцца найбольш вострымі для Шумілінскага раёна.
На першае месца выйшла праблема росту цэн на тавары і паслугі – 62%. З вялікім адрывам – 36% – ідзе праблема стану дарог. Трэці радок – за слабым развіццём прамысловасці (32%). На чацвёртым месцы сітуацыя ў сістэме аховы здароўя, якую лічаць праблемнай 30% апытаных.
28% удзельнікаў анкетавання занепакоены распаўсюджваннем п’янства.
На шостае месца з аднолькавай сумай працэнтаў – 24% – выйшлі адразу тры праблемы: зніжэнне заработнай платы; добраўпарадкаванне двароў і вуліц; стварэнне новых рабочых месцаў.
А вось сітуацыю ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі лічаць праблемнай 22% анкетуемых.
Нізкі ўзровень культуры насельніцтва з 20 працэнтамі на восьмым месцы.
Дзявяты радок за беспрацоўем – 14%.
І завяршае дзясятку праблемных сітуацый настрой у моладзевым асяроддзі, ён не задавальняе 12% рэспандэнтаў.
Што робіцца ў раёне па вырашэнні праблемных пытанняў? Аб гэтым мы папрасілі расказаць прадстаўнікоў раённай улады.
В. В. Доктараў, намеснік старшыні райвыканкама:
– Найперш, пра цэны. Безумоўна, кожнаму пакупніку хочацца купіць тавар дзешавей, а вытворца, перапрацоўшчык і прадавец імкнуцца прадаць даражэй. Гэта складаны працэс, і ён рэгулюецца на ўзроўні дзяржавы, пад асаблівым кантролем – цэны на тавары першай неабходнасці. На ўзроўні раёна мы можам нейкім чынам уплываць толькі на фарміраванне гандлёвых надбавак, хаця, напрыклад, надбаўкі на малочныя і мясныя прадукты ў райспажыўтаварыстве зараз не перавышаюць 5-10 працэнтаў. Іншая справа, што пакупніцкая здольнасць залежыць ад зарплаты, і кожны з нас марыць, каб яна была больш высокай. Нягледзячы на тое, што сярэдняя зарплата ў Беларусі вырасла з 2000 года ў 5,6 раза, на многіх прадпрыемствах Шуміліншчыны яна не можа задаволіць канкрэтнага работніка, напрыклад, у сферы бытавога абслугоўвання, у некаторых іншых арганізацыях. Але ж вы разумееце, зарплата з неба не зваліцца. Калі вытворчасць не дае прадукцыю, адкуль браць грошы на зарплату? А працаваць на вынік, трэба прызнаць, мы не ўмеем. Вось скардзіцца 14 працэнтаў апытаных на беспрацоўе, але ж фактычна яго ў нас няма. 85 чалавек стаіць зараз на ўліку, на працу ж уладкавана толькі за студзень-красавік 188 чалавек. Вы ж паглядзіце, колькі аб’яў ідзе праз раённую газету: патрабуюцца, патрабуюцца… Толькі Обальскі керамічны гатовы сёння прыняць не менш 60 чалавек, па паўсотні работнікаў могуць знайсці работу  ў ПМК-70 і УП ЖКГ. Рабочыя рукі спатрэбяцца і на новых прадпрыемствах, якія ствараюцца ў Шуміліне. Вы пісалі ўжо пра “Альянспласт”, які ў другім паўгоддзі гэтага года прыме на работу 40 чалавек. Адным з самых буйных прадпрыемстваў раёна абяцае быць “ІскПоіск”, дзе зможа працаўладкавацца да 400 чалавек. Дарэчы, сёння, дзякуючы гэтаму прадпрыемству, у раён прыцягнута каля 400 тысяч долараў замежных інвестыцый. На 24 чэрвеня аб’яўлены аўкцыён па продажы сталовай райагарсэрвісу пад аб’ект прыдарожнага сэрвісу (кафэ і гасцініцу), а таксама гаражоў аддзела культуры – пад аб’ект тэхабслугоўвання, ёсць іншыя напрацоўкі. А ўсё гэта – рабочыя месцы.
А. М. Зайцаў, намеснік старшыні райвыканкама:
– Абсалютна згодны з трывогай, якую выказалі ўдзельнікі сацыяльнага апытання наконт п’янства. Праблема маштабная, закранае ўсю краіну, хаця дзеля справядлівасці скажам, што на Гродзеншыне ці на Брэстчыне так не п’юць, як у Шумілінскім раёне. Магчыма, сваю ролю тут адыгрывае і тое, што там больш веруючых, больш людзей прадпрымальных і працавітых, як бы нам гэта не было крыўдна. Таму нам ёсць над чым працаваць. І не толькі міліцыі, якая, дарэчы, толькі за студзень-красавік бягучага года канфіскавала больш за паўтары тоны спіртаўтрымліваючай вадкасці, накіравала на лячэнне ад алкаголю 8 чалавек. Але ж вы разумееце, што гэта наступствы праблемы. А мы павінны больш працаваць на прафілактыку, працаваць у дзіцячых садах і школах, у калектывах, ісці ў сем’і і прапаноўваць, асабліва моладзі, альтэрнатыву:  цікавы культурны і спартыўны адпачынак, заняткі па інтарэсах, духоўнае ачышчэнне. Менавіта для гэтага мы праводзім столькі культурных мерапрыемстваў, спаборніцтваў, для гэтага будуем фізкультурна-аздараўленчы комплекс, школу мастацтваў, праваслаўны храм. І гаварыць сёння, што ў нас нізкі культурны ўзровень насельніцтва, думаю, беспадстаўна, бо ўсё насельніцтва нельга атаясамліваць з купкай тых, хто дэградуе і спаўзае на дно жыцця. Тое ж можна сказаць і пра моладзь, маладыя таленты славяць сёння наш шумілінскі край сваімі талентамі і дасягненнямі ў навуцы, культуры, спорце, паказваюць прыклады выдатнай працы на вытворчасці. Таму асабіста ў мяне моладзевае асяроддзе ў цэлым не выклікае трывогу, а вось пра асобныя “элементы”, якія змоладу не хочуць працаваць і жыць прыстойна, асобная гаворка.
Па медыцыне. Сацыялагічнае апытанне не дае дакладнага ўяўлення, чым не задаволены людзі: матэрыяльным станам, аснашчэннем лячэбных устаноў ці адносінамі канкрэтнага медыка. Але не памылюся, калі скажу, што і тое, і другое трэба ўдасканальваць. І тут многае робіцца. Як бы ні было напружана з фінансамі, але бюджэт выдзяляе сродкі і на рамонт даху бальніцы, рамонт жаночай кансультацыі, рэнтгенкабінетаў (сёлета выдзелена каля 600 мільёнаў рублёў), 500 мільёнаў абяцае выдзеліць упраўленне аховы здароўя аблвыканкама.
Аднаўляецца і медыцынскае абсталяванне. Пад асаблівай увагай раённай улады – медыцынскія кадры. Сёлета ў Шумілінскі раён прыедуць 5 урачоў (2 стаматолагі, 1 хірург, 1 тэрапеўт, 1 акушэр-гінеколаг), 8 фельчараў-акушэраў, 6 медсясцёр, 1 фельчар-лабарант. Райвыканкам усяляк спрыяе для таго, каб медыкі прыжываліся на Шуміліншчыне. Толькі ў мінулым годзе ім выдзелены тры добраўпарадкаваныя кватэры ў Шуміліне, прадстаўляецца жыллё на вёсцы.
А. П. Быкаў, намеснік старшыні райвыканкама:
– Стан дарог, які закранулі 36% удзельнікаў сацыялагічнага апытання, безумоўна, хвалюе раённыя ўлады, і мы бачым тут нямала праблем. Вось толькі адна красамоўная лічба: на балансе ДРБУ-204 сёння 669 кіламетраў дарог, 86% з іх – з прайшоўшым тэрмінам рамонту. Нагадаю і тое, што ўжо тры гады наша дарожная арганізацыя не займаецца капітальным рамонтам – не выдзяляюцца сродкі. Тым не менш крытычнай сітуацыі на дарогах не дапускаем, ямачны рамонт праведзены ў поўным аб’ёме, з 4 мільярдаў 927 мільёнаў, выдзеленых на ўтрыманне дарог (прафіляванне, ямачны рамонт, абкос, высечка кустоўя і г. д.), за пяць месяцаў асвоена 2736 мільёнаў.  На бягучы рамонт патрачаны 1 мільярд 135 мільёнаў рублёў (усяго выдаткавана 1 мільярд 423 мільёны), гэтыя сродкі пераважна пайшлі на рамонт і падсыпку шчэбенем дарог Шуміліна—Башні—Цербяшова і Мішневічы—Малькаўшчына. Немалаважна і тое, што наш асфальтава-бетонны завод – адзін з нямногіх, якія засталіся працаваць у вобласці.
Што датычыць вуліц і двароў населеных пунктаў, то тут па Шуміліне і Обалі ў нас, не пабаюся сказаць, прарыў. 10 вуліц у Шуміліне (Свабоды, Маякоўскага, Садовая, Мінчугова, З. Партновай, Валадарскага, Талмачова, Юбілейная, Першамайская, завулак Калініна) і 3 у Обалі (Леніна, Дружбы, Першамайская) мы часткова ці цалкам падсыпалі шчэбенем, такім жа чынам паправілі шэраг двароў як у райцэнтры, так і ў Обалі. Дваровыя тэрыторыі каля дома №4 па вуліцы Луначарскага, па вуліцы Вакзальнай заасфальтавалі, асфальт будзе пакладзены і каля дома №2 па вуліцы Шумілінскай. Так, хацелася б усюды замест шчэбеню бачыць асфальт, але тут, як кажуць, магчымасці не супадаюць з патрэбамі, бо сёння 1 кіламетр асфальту адным слоем каштуе 600 мільёнаў рублёў. Таму выбралі шчэбень – як паўмеру, як аснову пад будучае асфальтаванне. А на вуліцы Кароткіна правядзём паверхневую апрацоўку гранітным шчэбенем. Гэта даволі складаная тэхналогія, але яна дзешавей за асфальт (90 мільёнаў за 1 кіламетр) і дазволіць захаваць дарожнае пакрыццё ад разбурэння.
Яшчэ адзін момант, які я хацеў бы, каб вы адзначылі ў газеце: пры падсыпцы шчэбенем на некаторых вуліцах былі засыпаны трубапераезды, што стала прычынай падтаплення некаторых участкаў. У сувязі з гэтым хачу заявіць, што гэтыя пытанні будуць абавязкова вырашаны ў рабочым парадку.
Многа можна гаварыць пра камунальнае абслугоўванне насельніцтва і работу УП ЖКГ. Хапае праблем у гэтай сферы, але ж і нагрузка сёння ў нашай камунальнай службы – не пазайздросціш. Самы вялікі жыллёвы фонд сярод сельскіх раёнаў вобласці на абслугоўванні – 282 шматкватэрныя жылыя дамы, а пра тое, у якім стане многія гэтыя дамы, не мне вам гаварыць. На 2013 год даведзена заданне адрамантаваць 6600 метраў квадратных дахавага пакрыцця (зроблена пакуль 400 метраў), 600 метраў пагонных панэльных стыкаў (адрамантавана 40 метраў), пакласці на 6,4 кіламетрах цеплатрас замест старых ПІ-трубы, замяніць два катлы ў кацельні аграгарадка Слабада, зрабіць шмат іншых работ. Некаторыя праблемы вельмі складана рашаюцца, як, напрыклад, будаўніцтва свідравіны ў Обалі, дзе будаўніцтва вялі паралельна з вырабам праектнай дакументацыі, дзе свае карэктывы ўносілі складаныя грунты. Тым не менш водная праблема па Обалі знята. Але я гэта гавару не для таго, каб абумовіць нейкую палёгку для камунальнікаў. Зусім не. Служба павінна ўдасканальваць сваю работу. Гэта адназначна. Возьмем, да прыкладу, элементарны парадак каля нашых дамоў. Яго няма, бо сёння і Обаль, і Шуміліна пераўтварыліся ў сметнікі. Камунальнікі не спраўляюцца з вывазам цвёрдых бытавых адыходаў, для рашэння пытання ім трэба купіць кантэйнеравоз, не менш як 200 кантэйнераў, абсталяваць 29 кантэйнерных пляцовак (пакуль што абсталяваны дзве). Задачы няпростыя, але яны павінны быць выкананы без аніякіх агаворак.
Па праблемных пытаннях гутарыла Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2013 г.


4 комментария по теме “Соцопрос: какие проблемы в своей жизни видят шумилинцы…

  1. Доктараву: народ, пэўна, мае на ўвазе не адсутнасць рабочых месцаў наогул, а адсутнасць іх з дастойным заробкам.
    Зайцаву: «купка тых, хто дэградуе і спаўзае на дно жыцця» настолькі шматлюдная, што ўсе астатнія хутка застануцца ў жахлівай меншасці.
    Быкаву: чалавеку, якому прыходзіцца скакаць праз лужыны і калдобіны, не лягчэй ад таго, што ў суседнім двары асфальт.

  2. Про какой ремонт дорог тут написано?? Улица Кирова сплошные выбоины которые до сих пор не заделали с весны. Улица Ленинская дорога от РАЙПО к центральному универмагу жесть… любой водитель вынужден колдобины обьезжать по встречке. Стоянка напротив Центрального универмага щебнем засыпали а нормальный ровный заезд не сделали на машине сразу проваливаешся в яму на вьезде. Ну и уж если возле Райисполкома красивой ровной дороги нету то и говорить даже больше не о чем.

  3. Медыцына сама хварэе. Перадаць у Віцебск, чым мільёны аддаваць на дах. Хто раджае ў нас? Ніхто. А было ж. Абшарпаныя калідоры ў паліклініцы. А што ў дзіцячых садах? Збіраюць на абоі, на лінолеум, на дываны на пол. У школах збіраюць на дзверы, на праводку. І папрабуй не даць, будуць глядзець на цябе як на врага народа. Што, Зайцаў не ведае? А пра эканоміку ня хочацца казаць. Будуць. прыйдуць. азалацяць. Гэта хто, Запад?

  4. «…праведзена сацыялагічнае апытанне жыхароў раёна, у якім прынялі ўдзел 50 чалавек…»
    —————————————————————
    І гэта ў суадносінах да двух дзесяткаў тысяч насельніцтва Шуміліншчыны? Малавата. Хаця б апыталі чалавек 500 — розных узростаў, прафесій і г. д. Больш аб’ектыўная карціна была.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *