Слово — делегатам IV Всебелорусского народного собрания

Актуалии Общество Президент

Слова — дэлегатам ІV Усебеларускага народнага сходу
6-7 снежня ў Мінску ў Палацы Рэспублікі пройдзе IV Усебеларускі народны сход. 2500 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны абмяркуюць вынікі развіцця Беларусі ў 2006-2010 гадах, зацвердзяць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады.
Нагадаем, што ад нашага раёна дэлегатамі сходу выбраны старшыня раённага выканаўчага камітэта В. А. Падляшчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, начальнік раённага вузла паштовай сувязі К. Г. Анацка, галоўны аграном КУСГП “Сіроцінскі” С. П. Басаў, трактарыст-машыніст СВК “калгас Прыазёрны”  М. У. Жыгуноў, дырэктар Шумілінскага гарадскога Дома культуры М. І. Іванова.
Некаторыя з дэлегатаў расказалі нам, з якімі думкамі яны едуць  на народны сход.

Казімір Гедымінавіч Анацка, начальнік раённага вузла паштовай сувязі:
— Скажу шчыра: быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу для мяне вялікая адказнасць. Усведамляю, наколькі важныя рашэнні закліканы вынесці высокі сход для таго, каб беларускі народ жыў яшчэ больш заможна і годна.
На сваёй пасадзе працую 13 гадоў, за гэты час істотна ўзбагаціўся пакет паштовых паслуг. Час  падказвае ўсё новыя і новыя формы работы. Працуем мы ў рэжыме рэальнага часу, аказваем сёння больш за 20 відаў паслуг. Напрыклад, з дапамогай паштовых работнікаў можна застрахаваць маёмасць і аплаціць камунальныя паслугі, заплаціць за ахову кватэры і мабільную сувязь, набыць тавары народнага спажывання,  зняць копію дакумента і ўзяць крэдыт, унесці за яго налічаныя працэнты і многае іншае. Хто марыў, скажам, пятнаццаць гадоў назад пра так званую гібрыдную сувязь, калі заказчык перадае нам электронную базу рассылкі, а  пошта выводзіць яе, канвертуе, рассылае і дастаўляе яе адрасату.
Наш чалавек па-ранейшаму шмат чытае перыёдыкі, сёння агульны тыраж складае ў раёне 18,9 тысячы экземпляраў, або ў разліку на тысячу чалавек 919 экземпляраў.  У сувязі з гэтым раю не адмовіць сабе ў задавальненні чытаць свае любімыя выданні і ў наступным 2011 годзе. Выпісвайце, чытайце, а нашы паштальёны паспрыяюць вам у гэтым.
Калі б мне далі слова, з высокай трыбуны прапанаваў бы наладзіць больш мабільную і аператыўную дастаўку карэспандэнцыі, газет і часопісаў. Каб нашы кліенты, адправіўшы экспрэс-пошту з аднаго кутка Беларусі ў другі, змаглі назаўтра ж, без затрымак, атрымаць яе.
Марына  Іванаўна ІВАНОВА, дырэктар Шумілінскага гарадскога Дома культуры:
– У першую чаргу, хачу адзначыць тую ўвагу, што надаецца з боку кіраўніка нашай краіны А. Р. Лукашэнкі, мясцовых уладаў развіццю культуры ў нашай краіне і ў Шумілінскім раёне ў прыватнасці: будуюцца і аднаўляюцца ўстановы культуры, паляпшаецца іх матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Наш ГДК атрымаў новае абсталяванне, абнавілі адзенне сцэн.
Наша галіна адна з важнейшых – чалавек без унутранай культуры не здолее рухаць і эканоміку. Працаваць над культурным развіццём неабходна пачынаць з дзяцінства, юнацтва, падтрымліваць яго ў дарослых.
У Праграме развіцця краіны на 2011-2015 гады сказана аб неабходнасці рабіць упор на чалавечы патэнцыял, развіваць яго. Таму на сходзе я б гаварыла аб пашырэнні фінансавання культурнай сферы, падтрымцы маладых спецыялістаў. Існуе праблема, калі выпускнікі ВНУ, асабліва дэфіцытных спецыяльнасцяў, у тым ліку і ў культуры, не жадаюць ехаць у раёны з-за нізкіх заробкаў, жыллёвай праблемы. А яны патрэбны, каб установы культуры маглі развівацца, прапаноўваць людзям больш шырокія магчымасці для творчасці. Спадзяюся сустрэцца на сходзе з калегамі з іншых рэгіёнаў, абмеркаваць нашы агульныя пытанні.
У новай пяцігодцы спадзяюся на тое, што наш ГДК набудзе новае аблічча, пройдзе доўгачаканы рамонт. А напоўніць абноўлены будынак унутраным зместам наш творчы калектыў здолее.
Творчы рост не спыняем ніколі, вось цяпер рыхтуем да звання “узорны” калектыў дзіцячай эстраднай студыі.
Сяргей Пятровіч Басаў, галоўны аграном КУСГП “Сіроцінскі”:
– Лічу для сябе вялікім гонарам быць народным абраннікам і прыняць удзел у вырашэнні далейшага лёсу нашай краіны. І як аграном з трыццацігадовым стажам, росквіт нашай рэспублікі звязваю перш за ўсё з развіццём сельскагаспадарчай вы-творчасці.
Спадзяюся, што адраджэнню сяла будзе нададзена самая пільная ўвага і ў наступнай пяцігодцы. І асноўным тут павінна быць эканамічнае развіццё аграпрамысловага комплексу, рэнтабельнасць вытворчасці. Трэба працаваць над павышэннем культуры земляробства, каб зямля давала важкую аддачу.  Ёсць слушныя прапановы, якія павязу на народны сход.
Хацеў бы прапанаваць развіваць садаводства і агародніцтва. Мы прывыклі, што аграномы ў нас займаюцца толькі зернем, але мы можам і сады вырошчваць.
Напрыклад, у тым жа “Сіроцінскім” можна не толькі вырасціць сад, але і адкрыць перапрацоўчы цэх ці кансервавы завод. Такая практыка ёсць ужо на Брэстчыне. Будуць рабочыя месцы і  годны заробак – і моладзь застанецца на вёсцы. З жыллём цяпер праблем не ўзнікае – шмат дамоў пабудавана ў нашым аграгарадку Слабада.
Важна прыцягваць інвестыцыі ў сельскую гаспадарку. Дзякуючы ім пашырыцца вытворчасць, павялічацца аб’ёмы прадукцыі. Думаю, аб гэтым пойдзе гаворка і на IV Усебеларускім народным сходзе.  І я буду рады прыняць удзел у абмеркаванні гэтых пытанняў.
Надрукавана ў №94 ад 3.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *