Районный этап соревнований «Снежный снайпер» прошёл в Лесковичах

Актуалии Новости Спорт, туризм

Самыя меткія вучацца ў Обальскай СШ

У пятніцу, 2 лютага, у Лескавічах прайшоў раённы этап спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай зброі, лыжных гонках і біятлоне “Снежны снайпер” пад эгідай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

“Снежны снайпер” карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод школьнікаў. Нашы шумілінскія спартсмены добра выступаюць на абласным і рэспубліканскім этапах. За перамогу змагаліся каля 50 юных спартсменаў у трох узроставых групах.
Першымі ў барацьбу ўключыліся самыя юныя спартсмены. З дзіцячай непасрэднасцю рыхтаваліся 10-11-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі да стральбы з пнеўматычнай зброі: адны вока шалікам прыкрывалі, другія прасілі дапамогі ў старэйшых сяброў, трэціх слушнымі заўвагамі і падказкамі супакойвалі настаўнікі фізкультуры.
Пасля стральбы з пнеўматычнай зброі юных спартсменаў чакала лыжная дыстанцыя. І тут, чаго-чаго, а прагі да перамогі  хоць адбаўляй. Лыжнікі даганялі, пераганялі, і не бяда, што часам і падалі.
У сярэдняй і старэйшай узроставых групах барацьбы таксама было шмат. Зразумела, што вынікі ў стральбе былі лепш ды і лыжная падрыхтоўка большасці ўдзельнікаў даволі на добрым узроўні. Некаторыя з удзельнікаў нават успаміналі мінулагоднія старты: “Тады не пашанцавала і крыху прайграў, але зараз трэніраваўся. Хай паспрабуюць абыграць”.
У асабістым заліку пераможцамі ў сваіх узроставых групах сталі Ілья Рымша (Обальская СШ), Данііл Даніловіч (раённая гімназія), Уладзіслаў Клюеў (Амбросавіцкая школа), Крысціна Цітова (Обальская СШ), Аліна Высоцкая (Шумілінская СШ №2) і Наталля Калеснікава (Слабадская школа). У камандным заліку перамаглі спартсмены з Обальскай СШ (настаўнікі фізкультуры В. А. Гусакоў, П. В. Ганушчанка і І. С. Шалаеў),  другое месца ў Мішневіцкай школы (Б. М. Ільясевіч), трэцяе – у Амбросавіцкай школы (Ю. А. Лапацін).
Па выніках спаборніцтваў сфарміравана зборная раёна, якая будзе адстойваць гонар Шуміліншчыны на абласным этапе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 11 ад 06.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *