В Росонах прошли областные «Дожинки».

Актуалии

Хлеб – радня кожнаму

Делегация Шумилинского района на областных "Дожинках"

Свята, сатканае з шэпту залатых калоссяў і гулу камбайнаў, са шчырай працы і звонкай песні, з пышных караваяў і ўдзячных слоў – гэта “Дажынкі”. Гэтае свята асабліва кранальнае, і не толькі для тых, хто расціў і ўбіраў хлеб, хто з ранку да цямна кланяўся зямлі. Яно кранае ўсіх, бо хлеб – радня кожнаму. І таму “Дажынкі” – гэта не вузкае прафесійнае, а шырокае народнае свята. Менавіта такое народнае гулянне можна было назіраць у мінулую суботу ў Расонах, якія сталі сёлета сталіцай абласных “Дажынак”.
З такім размахам – з урачыстым шэсцем прадстаўнічых дэлегацый, з шырокімі прэзентацыямі прадпрыемстваў і арганізацый раёнаў, гандлёвымі радамі і са шматлікімі выставамі, вялікім горадам майстроў, з канцэртамі і феерверкам – вобласць яшчэ не святкавала “Дажынкі”. Усё гэта – у гонар чалавека, які працуе на зямлі. І не дарэмна кіраўнік вобласці ў сваім выступленні на свяце ўзгадаў радкі нашага славутага класіка Якуба Коласа з паэмы “Новая зямля”.
“Дажынкі” ў Расонах – гэта не толькі шанаванне лепшых працаўнікоў сяла вобласці, але і рэальны шанс маленькаму Расонскаму раёну ўзяць курс на новыя вяршыні, адзначыў, адкрываючы свята, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец. Гэтаму, безумоўна, будуць садзейнічаць і тая ўвага, што была нададзена ў год 65-годдзя Вялікай Перамогі мужнаму партызанскаму краю і рэальная падтрымка, падарунак ад кіраўніка вобласці ў выглядзе 20 адзінак тэхнікі, у тым ліку трох зернеўборачных камбайнаў. І гэта яшчэ не ўсё. Да “Дажынак” Расоны атрымалі адноўлены Палац культуры, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з сучаснымі трэнажорнай і спартыўнай заламі, з душавымі, з басейнам (які неўзабаве пачне функцыянаваць), новы асфальт і тратуары на цэнтральных вуліцах, тут рэканструяваны многія аб’екты сацыяльнай і гандлёвай сферы, адноўлены фасады дамоў на цэнтральных вуліцах, якія ўпрыгожыў новы асфальт і тратуары. У пасёлку з’явілася лічы што новая плошча з фантанам, дзе і праходзіла абласное свята.
У гасцінным пасёлку ўсім хапіла месца і ўвагі. А варта нагадаць, што людзей у мінулую суботу ў Расоны прыбыло багата. Дэлегацыі па 40 чалавек ад кожнага раёна, ды яшчэ лепшыя творчыя калектывы з розных куткоў вобласці, майстры-рамеснікі, гандляры.
Не абдзелена ўвагай была і дэлегацыя нашага раёна, якую ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук. У складзе дэлегацыі – хлебаробы, лепшыя галоўныя спецыялісты гаспадарак, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі ўлады. Прыемна, што шумілінцы сталі пераможцамі абласных спаборніцтваў у дзвюх намінацыях: у намінацыі “Лепшы сельскі выканаўчы камітэт у 2010 годзе” перамогу атрымаў Светласельскі сельвыканкам (старшыня Віктар Вікенцьевіч Шчарбакоў), у намінацыі “Лепшая асабістая падсобная гаспадарка грамадзян” перамагла Надзея Аляксандраўна Сямёнава з СВК “Баравінка” (на здымку ўверсе)
З хваляваннем падымаліся нашы пераможцы на высокую сцэну, дзе ім губернатар паціскаў рукі, гаварыў удзячныя словы, уручаў падарункі. Дарэчы, усе пераможцы атрымалі ў падарунак сучасны тэлевізар “Віцязь”.
Дарэчы, вельмі годна і прыгожа быў прадстаўлены наш Шумілінскі раён. Выставу адкрываў вялікі бігборд, была прадстаўлена прадукцыя Обальскага керамічнага завода, райспажыўтаварыства, «Славянскага прадукта», «Вітконпрадукта»,   Дома рамёстваў.
Быў арганізаваны шырокі гандаль. І трэба сказаць, што на працягу ўсяго святочнага дня ля нашых радоў было асабліва шматлюдна.
У падарунак лепшым працаўнікам сяла Віцебшчыны – і цудоўны канцэрт.

Шумилинские "Гульбичи" на улицах Россон

На сцэне – лепшыя калектывы вобласці, сярод якіх наш народны фальклорны калектыў “Гульбічы” (кіраўнік Ларыса Цыркунова). Павіншаваць хлебаробаў Віцебшчыны прыехалі і сталічныя зоркі – народны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Скорыкаў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, ансамбль народнай музыкі “Бяседа”.
Добрая песня, вясёлы танец, шчырыя ўдзячныя словы, усмешкі, гасціннасць расонцаў і агульнае дачыненне да хлебаробскай справы ахутвалі і сагравалі ўсіх у гэты першы кастрычніцкі дзень. Людзі радаваліся гэтай еднасці, разумелі сваю адказнасць перад заўтрашнім днём, мацавалі сваю нацэленасць на самы высокі вынік. І хочацца, каб гэты вынік быў дасягальным, каб тыя два з паловай мільёны тон збожжа – а такую задачу на бліжэйшы час паставіў губернатар – сталі для Віцебшчыны рэальнасцю. Думаецца, што і Шуміліншчына зробіць годны ўклад у агульны каравай, і што прыйдзе той час, калі сталіцай “Дажынак” будзе абрана Шуміліна.
Аўтар Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў  №77 ад 5.10.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *