Вопросы воспитания были рассмотрены на заседании президиума районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Выхаванне – справа далікатная…
Тэма выхавання чалавека – далёка не новая. Чалавека выхоўвалі і будуць выхоўваць з самых малых гадоў. Будуць выхоўваць па-ранейшаму  тры грамадскія інстытуты – сям’я, школа і грамадскасць. Не станем даводзіць, які з гэтых складальнікаў самы важны: не дысертацыю пішам, тым больш, што на пасяджэнне прэзідыума райсавета, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, менавіта роля школы ў   ваенна-патрыятычным і маральна-этычным выхаванні вучняў і стала лейтматывам гаворкі.
Яна была вельмі важнай у кантэксце барацьбы з падлеткавай злачыннасцю. Ірына Мікалаеўна Новікава горка канстатавала, што за п’янку і знаходжанне п’янымі ў грамадскім месцы  затрымана было ў 2011 годзе чацвёра падлеткаў, у мінулым годзе – дзесяць. Трывожны сімптом, ганебная гэта з’ява, калі ў шклянку глядзяць з маленства. Важна проціпаставіць “зялёнаму змію” нешта вартае з духоўна-культурнага арсенала, захапіць вучняў цікавым, карысным,  разумным.
На гэту тэму  дакладваў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Пётр Уладзіміравіч Спірыдонаў. Ён перакананы: толькі калі справа робіцца не з-пад палкі, калі самі ідуць дзеці даглядаць могілкі тых, хто загінуў у гады вайны, ідуць у хату да нямоглых старых, каб прынесці ім вядро вады або пакалоць дровы, – толькі такія ўчынкі гавораць на карысць выхаванню.
Як хочаш называй гэту работу – цімураўскай ці якой іншай, галоўнае, каб парыванне ў вучняў было шчырым і свядомым.
І. М. Новікава выказала здзіўленне, што ўсяго ў 9 школах раёна выкладаецца поўны курс “Шуміліназнаўства”. У школах хапае вучэбных дапаможнікаў, кніга выдатна аформлена. І апраўданні некаторых кіруючых работнікаў адукацыі (маўляў, настаўнікі бяруць элементы з падручніка) здаліся несур’ёзнымі і нават смешнымі. “Кожны настаўнік павінен ведаць увесь гэты курс, – перакананы дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін. – Інакш навошта ён прыйшоў у школу?..”. Такой жа патрыятычна нацэленай павінна быць пазіцыя кожнага дырэктара школы. Не будзем лішні раз даводзіць простую ісціну: любоў да вялікай Радзімы пачынаецца з любві да маленькага роднага краю.
А. М. Штокін выступіў прачула   і дасведчана, кранула выдатнае  веданне ім  прадмета гаворкі. Аляксандр Мікалаевіч з вышыні свайго шаноўнага педагагічнага стажу вывеў “формулу поспеху”: настаўнік не на працу павінен хадзіць, а жыць школай. Як жыве кожны, так павінна жыць уся школа турыстычным злётам, кожным выхаваўчым мерапрыемствам. Нямала яшчэ, на думку А. М. Штокіна, фармалізму, і тут не заўсёды трэба вінаваціць школу. Многа парожняга, папяровых заданняў спускаецца з міністэрства. Але галоўнае, каб быў у школе давер. Вучня – да настаўніка і наадварот. А давер не прыходзіць у адно імгненне, яго трэба заслужыць. Настаўніку трэба аддаць  усяго сябе, каб прызналі, каб паверылі…
Выступілі таксама намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў і  начальнік РАУС  В. В. Мядзвецкі. Анатоль Мікалаевіч згадзіўся са словамі А. М. Штокіна, што выхаванне – гэта калі перадаецца маральна-духоўны вопыт ад пакалення да пакалення. Гэтая думка павінна стаць краевугольным каменем у выхаваўчым працэсе. Вадзім Вадзімавіч лічыць, што моцны выхаваўчы зарад закладзены ў тэксце  беларускага гімна. Яго словы павінен ведаць кожны вучань, а настаўнік – тым больш. Паглядзіце, як фанатычна, прыклаўшы руку да сэрца,  прамаўляюць словы свайго гімна амерыканцы, чэхі, іншыя хакеісты. Для іх гэта дадатковы зарад энергіі. Такі ж вось зарад патрыятычных пачуццяў павінен несці беларускі гімн нашым дзецям.
Вынікі  размовы на пасяджэнні прэзідыума падвяла І. М. Новікава.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *