Про сельскую библиотеку и её библиотекаря

Культура Сельское хозяйство

Мужчыны ў Мікалаёве любяць чытаць
Таццяна Барысевіч працуе загадчыцай бібліятэкі ў Мікалаёве ўжо 20 гадоў. Выпадкова апынуўшыся сярод кніг, яна затрымалася на гэтым месцы надоўга, магчыма, і назаўжды.
Яе адрэкамендавалі нам як добрага спецыяліста, адказнага работніка і проста прыемную жанчыну. І зусім не дзіўна, што ў Мікалаёве ўсе любяць чытаць: лішні раз не наведацца да такога абаяльнага, усмешлівага бібліятэкара – проста грэх. А там – і кніжку возьмеш, газету ці часопіс. Так, глядзіш, і да чытання прызвычаішся.
Гэта, вядома, жартам, але Таццяна сапраўды гаворыць, што людзі ў вёсцы шмат чытаюць, у тым ліку і мужчыны. Моцны пол аддае перавагу сур’ёзным дэтэктывам, гістарычным раманам, ну, а жанчыны любяць нешта больш лёгкае: заўжды попыт на жаночыя дэтэктывы, так модныя зараз. Іх, дарэчы, любіць і сама бібліятэкар. Для тых, каму здароўе ці ўзрост не дазваляюць самім прыйсці ў бібліятэку, Таццяна дастаўляе кнігі на дом.
Але бібліятэка сёння – гэта не толькі кнігі. Для дзяцей тут наладжана работа экалагічнага гуртка. Яны вырошчваюць расаду, высаджваюць кветкі, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю вёскі, праводзяць разнастайныя экалагічныя акцыі. Нягледзячы на тое, што звонку Мікалаёўская бібліятэка нагадвае хутчэй хату-чытальню, план па платных паслугах выконваць трэба і тут. Ні камп’ютара, ні капіравальнай ці якой іншай сучаснай тэхнікі мы тут не заўважылі, таму зрабілі вывад, што бібліятэка зарабляе толькі па сродках камерцыйнага кніжнага фонду. Але Таццяна расказала, што аказвае, да прыкладу, паслугі і па ксеракапіраванні: збірае заказы і вязе іх у Шуміліна. Цяжка сказаць, наколькі гэта мэтазгодна з пункту гледжання эканомікі, але давер і павагу кліентаў такі ход забяспечвае.
Сёння Мікалаёўская бібліятэка знаходзіцца ў былым будынку сельвыканкама. Тэрыторыя вакол настойліва пераконвае ў тым, што гаспадыня ў гэтым доме старанная і руплівая. А што будынак такі – дык і горш бывала.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *