Модернизация животноводческих ферм ведётся в Шумилинском районе

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Даільныя залы
Кожны тыдзень праходзяць пасяджэнні раённага штаба па будаўніцтву і  рэканструкцыі малочнатаварных фермаў з даільнымі заламі. Гэта тэма знаходзіцца пад пільным кантролем старшыні райвыканкама.
Як ідуць работы па будаўніцтву, мы пацікавіліся ў намесніка старшыні райвыканкама А. П. Быкава.  “Каркасы пяці даільных залаў зманціраваны, дах накрыты шыферам, – кажа Алег Пятровіч. – Амаль усюды бакавыя сцены выкладзены цэглай. Зараз вядзецца бетаніраванне залаў пад даільнае абсталяванне, а таксама робім фундамент пад унутраныя і тарцавыя сцены. Работа вядзецца гаспадарчым спосабам.  Высокія тэмпы работ на ферме Светласельская. Добра ладзяцца работы на ферме Свярдлы, што ў “Прыдзвінскім”. Тут зроблена практычна ўсё, што было запланавана. Падцягваюцца і на ферме Паратоўка, што ў “Шумілінскім райаграсэрвісе”. А вось на ферме Сіроціна работы затармазіліся. У гаспадарцы не хапае рабочых рук, каб весці будаўніцтва. Падобная сітуацыя і на ферме Кардон, якая аказалася ў аўтсайдэрах. Але літаральна на мінулым тыдні работы тут актывізаваліся”.
Для новых даільных залаў пачалі ўжо закупляць даільнае абсталяванне, якое вырабляюць на  прадпрыемстве “Гомельагракамплект”. Адзін камплект на 32 галавы жывёлы каштуе два мільярды рублёў, таму гаспадаркі бяруць яго ў лізінг. Першы ўзнос памерам у 96 мільёнаў рублёў, як нам паведамілі ў аддзеле па будаўніцтву і архітэктуры райвыканкама, заплацілі “Шумілінскі райаграсэрвіс” і “Лаўжанскае”. Абсталяванне пойдзе на фермы Светласельскую, Кардон і Паратоўку.
Дарэчы, па словах А. П. Быкава нядаўна з абласнога бюджэту на будаўніцтва кожнай даільнай залы было дадаткова выдзелена па 855 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы значна паскораць будаўніцтва. У першую чаргу яны пойдуць на бетон, цэглу, аконныя і дзвярныя блокі. Акрамя таго, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў ускладаюць вялікія надзеі на дапамогу студэнцкіх атрадаў, якія будуць працаваць на будаўніцтве даільных залаў. Дарэчы, фермы з даільнымі заламі (пры ўмове рытмічнага фінансавання) трэба ўвесці ў строй да 1 кастрычніка.
Тэнтавыя арачнікі
Акрамя даільных залаў, у раёне будуюцца і сем тэнтавых арачнікаў – на фермах Баёўка, Язвіна, Рашэтнікі (тут два арачнікі), Заўсыска, Ляжні і Брыцікі.
Тэнтавыя арачнікі будуюцца за кошт крэдытаў банка.  А вось у ААТ “Лаўжанскае” вядзецца будаўніцтва і за крэдытныя, і за ўласныя сродкі. Увогуле гэта гаспадарка патраціла на два арачнікі каля паўтара мільярда рублёў, паведаміў нам галоўны спецыяліст райсельгасхарчу В. А. Емяльянаў.  Тут ужо ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі, вядзецца падсыпка шчэбенем.
“На арачнікі ў мінулым годзе выдзелена  па 1,1 мільярда рублёў, – кажа галоўны архітэктар раёна З. А. Мясаедава. – Толькі металаканструкцыі і тэнты каштуюць 490 мільёнаў. Больш за ўсё грошай асвоена на ферме Брыцікі – 851 мільён рублёў, на ферме Ляжні – 578 мільёнаў, на ферме Язвіна –  558 мільёнаў”.
Даўжыня кожнага з тэнтавых арачнікаў – каля васьмідзесяці метраў.  “Усе арачнікі будуць гатовы ў пачатку ліпеня, – кажа А. П. Быкаў. – Акрамя хіба арачніка на ферме Заўсыска, што ў КУСГП “Мішневічы” – тут яшчэ даволі многа работы”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *