Всё определяют мелочи. Они управляют нашей жизнью. Благодаря им формируется авторитет или наоборот…

Духоўнае Общество

Пра вялікія прэтэнзіі і маленькія дробязі
Усё вызначаюць дробязі. Яны кіруюць нашым жыццём. Дзякуючы ім, фарміруецца аўтарытэт ці наадварот.
Беларусы, і ўсе мы, як асобныя прадстаўнікі нацыі, з уласцівай нам шчырасцю прэтэндуем адпавядаць характарыстыкам: гасцінныя, памяркоўныя, талерантныя. Прывабныя азначэнні. Няхай так пра нас думаюць. І толькі так. Нашы продкі на працягу стагоддзяў заваёўвалі нам такі высокі аўтарытэт. Нам засталося ўсяго зберагчы гэтыя каштоўнасці, не гаворачы ўжо пра тое, каб мацаваць і развіваць.
Толькі ці такія мы сёння? Неяк не хочацца думаць, што не такія. Хочацца адкапаць у нашых характарах і звычках нешта, за што нас можна любіць і паважаць. Не прымайце за абразу. Мы сапраўды добрыя. Калі б толькі не гэтыя дробязі…
Пра нейкую глабальнасць свайго ўчынку і не думаў той мужчына, які вырашыў вызваліцца ад каробкі смецця прама на ўзбочыне дарогі. Думаецца, што такі “подзвіг” нават не застаўся ў яго памяці, і, прачытаўшы гэтыя радкі, ён і не пазнае сябе ў галоўным героі. Было справы! Такія ўчынкі – дробязь.
Праўда, як на грэх аказалася, што дарога, якую пасля гэтага стала вызначаць куча смецця, вядзе якраз у Пяценку, да святой крыніцы. І прама ў гэты дзень наведаць святое месца захацелася спадарам з Літвы, што з самымі шчырымі і добрымі намерамі прыехалі пагасціць у нашу краіну. Можна амаль беспамылкова меркаваць пра ступень уражанняў ад убачанага імі. Калі мы так ставімся да месцаў святых, то не цяжка ўявіць маштабы ўсяго астатняга.
Мясцовы ляснічы, што праводзіў іх да Пяценкі, з усіх сіл стараўся “адмыць” аўтарытэт беларуса. Далей жа ўсё прыгожа, дагледжана. Святое месца рэдка сумуе без вернікаў і валанцёраў. Такая жахлівая сітуацыя – усяго выключэнне.
Але літоўцы не патрабавалі каментараў і не выказвалі свайго здзіўлення ці абурэння. Яны проста зрабілі высновы. Гэтая “дробязь”, можна не сумнявацца, тлустай лініяй перакрэсліла ўсё тое добрае, што  чулі некалі нашы суседзі пра Беларусь і беларусаў.
Вось вам і дробязь.
Ніхто з нас не прэтэндуе быць у адказе за цэлы народ, але кожны ў стане несці адказ за сябе. І менавіта маленькія перамогі кожнага фарміруюць агульнанародны аўтарытэт.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №79 ад 12.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *