Шефы из города помогают наводить порядок на фермах и заготавливать корма в подшефных хозяйствах

Общество Сельское хозяйство

Касу ў рукі – і на ферму
У першыя выхадныя ліпеня каля фермы Ляжні-1 было шматлюдна: тут завіхаліся мужчыны з косамі. А жанчыны прыбіралі тэрыторыю і фарбавалі абсталяванне на ферме. “Гэта нашы шэфы, –  пахваліла памочнікаў дырэктар ААТ “Ляжні” В. В. Яцко. –  З аддзела культуры райвыканкама прыехалі дзевяць чалавек, дапамагаюць таксама работнікі райспажыўтаварыства. Працуюць добра. Мы вельмі ўдзячны за дапамогу ўсім, хто ахвяруе сваім выхадным днём  і прыязджае да нас. Нашы сілы зараз задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў, затым пачнецца жніво. А для фермы  не хапае рабочых рук”.
Ферма Ляжні не адзіная, дзе працуюць шэфы. “Згодна з распараджэннем  старшыні райвыканкама “Аб навядзенні парадку на прыфермскіх тэрыторыях і падрыхтоўцы ферм да зімова-стойлавага перыяду” ў выхадныя дні ў свае падшэфныя гаспадаркі выязджалі  работнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна,  – кажа першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцоў. – Шэфы  наводзяць парадак, абкошваюць тэрыторыі фермаў, прыбіраюць смецце, робяць выгульныя пляцоўкі для жывёлы”.
Вельмі задаволена сваімі шэфамі кіраўніцтва КУСГП “Мішневічы”. Тут добра дапамагаюць рабочыя і настаўнікі Мішневіцкай школы. Намеснік дырэктара па сельгасвытворчасці  КУСГП “Мішневічы” С. М. Касцюковіч сказаў ухвальнае слова і пра работнікаў вытворчага цэха ААТ Малако”, якія абкошвалі ферму Мішневічы, пра работнікаў раённага вузла паштовай сувязі, якія наводзілі парадак на ферме Заўсыска, пра спецыялістаў “Вежы “ і Каз’янскага лясніцтва, якія працавалі на фермах Жданоўка і Кардэкі. “Такая дапамога вельмі дарэчы, – кажа Сяргей Мікалаевіч. – У  гаспадарцы не хапае рабочых рук. І калі прыязджаюць з горада брыгадамі ды яшчэ і працуюць як след – дык гэта проста знаходка для нас”.
Дарэчы, у апошнія выхадныя чэрвеня  на розных фермах раёна працавала каля двухсот чалавек з розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Напрыклад, на ферме ў Латкове (ААТ “Лаўжанскае”) рупіліся спецыялісты “Белдзяржстраху”,  на ферме Амбросавічы і Непароты (ААТ “Прыазёрны мір”) –  з Шумілінарайгазу, на ферме Андрэеўка (КУСГП “Ульскі”) –  з Кардонскай школы, на ферме Башні  (ААТ “АграБаравінка”) –  з райбыткамбінату. “ А ў нас добра папрацавалі работнікі СШ №1 і СШ № 2 на ферме Баёўка, – пахвалілася начальнік эксплуатацыйнай службы “Шумілінскага райаграсэрвісу” В. Ф. Краўчанка. – На ферме Смалькі дапамагалі наводзіць парадак работнікі раённай гімназіі”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2013.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *